Паўзуны́, рэптыліі (Reptilia) — клас вышэйшых пазваночных (амніёт).
Хуткія факты Навуковая класіфікацыя, Міжнародная навуковая назва ...
Закрыць
Вядомы з сярэдняга карбону (каля 300 млн гадоў назад). Паходзяць ад стэгацэфалаў, мелі 2 галоўныя эвалюцыйныя ствалы — зверападобных (далі пачатак млекакормячым) і дыяпсід (архазаўраў і лепідазаўраў, якія далі пачатак птушкам). Найбольш разнастайныя былі ў мезазойскую эру (каля 200—150 млн г. назад), калі сярод іх з’явіліся марскія (іхтыязаўры і інш.) і лятаючыя (птэразаўры) формы.
Выдзяляюць 4 сучасныя атрады: кракадзілы, лускаватыя, чарапахі і дзюбагаловыя; больш за 8 тыс. відаў.
Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, найбольш у тропіках і субтропіках. Жывуць у розных біятопах: ад сухіх адкрытых месцаў да рознага тыпу лясоў, балот і вадаёмаў. Некаторыя ўпадаюць у зімовую або летнюю спячку. На Беларусі сустракаюцца 7 відаў: вераценніца ломкая, гадзюка звычайная, мядзянка, вуж звычайны, чарапаха балотная, яшчарка жывародная і яшчарка порсткая.
Даўжыня ад некалькіх сантыметраў (некаторыя яшчаркі) да 10 м (некаторыя змеі), маса ад некалькіх грамаў да 500 кг і больш (некаторыя кракадзілы, чарапахі). Цела ўкрыта рагавой луской, пласцінкамі або панцырам. Канечнасці пяціпальцыя, у некаторых відазмененыя (марскія чарапахі, хамелеоны) або рэдукаваныя (змеі, некаторыя яшчаркі). Паўзуны — пайкілатэрмныя жывёлы. Сэрца трохкамернае (у кракадзілаў чатырохкамернае). У галаўным мозгу — зачаткавая кара (неапалеум). Сярод эмей і яшчарак ёсць ядавітыя. Пераважна драпежнікі, некаторыя чарапахі і яшчаркі расліннаедныя. Раздзельнаполыя. Размнажаюцца яйцамі, многім уласціва яйцажыванараджэнне і жыванараджэнне; некаторым змеям і яшчаркам уласцівы партэнагенез. У паўзуноў назіраецца хомінг.
Асобныя віды — аб’екты промыслу. Прэпараты змяінага яду выкарыстоўваюцца ў медыцыне.
Вывучае паўзуноў герпеталогія.