Антысавецкае паўстанне ў Горках
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Антысавецкае паўстанне ў Горках (6–7 сакавіка 1918 года) — антыбальшавіцкае паўстанне, якое адбылося ў горадзе Горкі Магілёўскай губерні ў сакавіку 1918 года супраць савецкай улады. У выніку паўстанцам удалося захапіць уладу ў горадзе на два тыдні[1].

Перадумовы
У пачатку 1918 года на тэрыторыі Беларусі адбыўся шэраг сялянскіх і гарадскіх паўстанняў, выкліканых самавольствам бальшавіцкай улады, дзеяннямі ЧК, харчовых атрадаў і камісараў[2]. У Горках напружанасць нарастала з канца лютага: мясцовыя рабочыя патрабавалі выплаты заробкаў.
Пачатак падзей
5 сакавіка 1918 года павятовы выканкам, які складаўся пераважна з бальшавікоў, склікаў 4-ы з’езд рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў, але праз набліжэнне фронту з’езд быў скасаваны. Выканкам распачаў эвакуацыю ў фальварак Собалева, але перад ад’ездам вымушаны быў узяць пазыку ў гарадскіх арганізацый, каб выплаціць заробкі рабочым, якія адмовіліся яго адпусціць без выканання гэтага патрабавання.
Пасля ад’езду камісараў у горадзе быў утвораны новы выканкам без удзелу бальшавікоў. Цэнтрам арганізаванага супраціву стаў Камітэт самаабароны.
Remove ads
Узброенае супрацьстаянне
6 сакавіка ў фальварку Собалева атрымалі вестку пра падпісанне Брэсцкага міру. Старшыня Горацкага выканкама Маісееў вярнуўся ў горад, каб абвясціць пра вяртанне савецкай улады, але быў варожа сустрэты натоўпам і збіты. Яго затрымалі і змясцілі ў турму.
Наступным днём бальшавікі вярнуліся ў горад з атрадам чырвонаармейцаў, вызвалілі Маісеева, што выклікала яшчэ большы супраціў і прывяло да ўзброенага канфлікту. Падчас яго быў забіты чырвоны камісар Сцяпан Пагодзін.
Арганізатары паўстання
Паводле звестак з архіваў і следчых матэрыялаў, групу паўстанцаў узначаліў А. Л. Рубанаў, сярод арганізатараў і ўдзельнікаў паўстання былі:
- Яўхім Ждановіч — начальнік выведкі паўстанцаў;
- Антон Казіміравіч Падзерскі — былы павятовы начальнік міліцыі;
- Патап Сяргеевіч Белашайскі — старшыня часовага выканкама;
- Мікалай Кандраценка — адзін з падпісантаў загадаў аб арышце кіраўнікоў савета;
- Сафон Мікалаеў, паручнік Фабрытаў, Сяргей Шапавалаў, Сінякоў, Траянскі, Шураў, Хоцкі, Бекарэвіч, Грамакоўскі, Макарэвіч з вёскі Гарадзішча;
- Айзік Ратноўскі, Аркадзь і Шальдар Ратноўскія, Міша Гусман, Аляксандр Хрыпуноў, Іваноўскі, Файфіш Абрамавіч Зільберман.
Паводле афіцыйнай версіі, смяротнае раненне чырвонаму камісару Сцяпану Пагодзіну нанёс судовы дзеяч Абрамкоўскі, а Ратноўскі і іншыя дабівалі яго.
Remove ads
Разгром паўстання
Маісееў уцёк з горада і накіраваўся на станцыю Красное па дапамогу. У горад ён вярнуўся разам з 1-м конным Аршанскім атрадам пад кіраўніцтвам Сцяпанава. Вяртанне савецкай улады ў Горкі адбылося прыкладна 14 сакавіка. Такім чынам, паўстанцы фактычна кантралявалі Горкі амаль два тыдні.
Наступствы
На 5-м з’ездзе саветаў Горацкага павета 15 сакавіка 1918 года Маісееў выступіў з дакладам пра падзеі, назваўшы іх контррэвалюцыйным выступленнем. Ён пералічыў 29 асоб, якія ўдзельнічалі ў паўстанні. Да перадачы справы ў губернскі ваенрэўтрыбунал былі арыштаваныя толькі чатыры чалавекі — Ждановіч, Кандраценка, Мікалаеў і Вязаў. Іншыя ўдзельнікі паўстання або ўцяклі, або хаваліся за мяжой.
Значэнне
Паўстанне ў Горках стала адной з найбольш значных праяў антысавецкага супраціву ў гісторыі горада. Яно адлюстроўвае сацыяльную і палітычную напружанасць, выкліканую палітыкай ваеннага камунізму і насіллем з боку савецкай улады на раннім этапе яе ўсталявання.
Гл. таксама
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads