Тубуаі (востраў)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Тубуа́і (франц.: Tubuai, таіц.: Tupua’i) — найбуйнейшы востраў у групе астравоў Тубуаі. Уваходзіць у склад Французскай Палінезіі. Плошча — 45 км². Насельніцтва — 2050 чал. (2007 г.).
Востраў мае вулканічнае паходжанне. Знаходзіцца ў атачэнні каралавых рыфаў. Даволі гарысты. Найвышэйшы пункт — гара Таітаа (422 м). У лагуне, сфарміраванай караламі, вылучаюцца пясчаныя пляжы. Клімат трапічны вільготны. Сярэдняя тэмпература ў снежні +22 — 27° C, ў маі 21 — 26° C.
Археолагі лічаць, што востраў быў населены прадстаўнікамі культуры лапіта, продкамі сучасных тубуаі ў прамежку першых сямі — васьмі стагоддзяў ад пачатку нашай эры. У 1777 г. ён быў нанесены на карту Джэймсам Кукам. У 1789 г. яго наведалі паўстанцы з карабля «Баўнці», якія ратаваліся ад брытанскай карнай экспедыцыі. Паміж астравіцянамі і паўстанцамі ўзнік канфлікт, і праз 2 месяцы каманда «Баўнці» была вымушана пакінуць Тубуаі, каб каланізаваць далёкі бязлюдны востраў Піткэрн.
З-за эпідэмічных захворванняў, завезеных еўрапейцамі, у першай чвэрці XIX ст. мясцовае насельніцтва скарацілася прыкладна ў 10 разоў. У 1824 г. налічвалася толькі каля 300 тубыльцаў. У 1881 г. востраў быў далучаны да Французскай Палінезіі.
У наш час востраў складае адзіную камуну, якая з’яўляецца адміністрацыйным цэнтрам усіх астравоў Тубуаі. Галоўныя заняткі мясцовых жыхароў — рыбалоўства і земляробства (вырошчваюць какосавую пальму, каву і гародніну для продажу на Таіці). На Тубуаі працуюць аэрапорт і метэаралагічная станцыя.
Remove ads
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads