Даверчая грамата
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Даве́рчая гра́мата (фр.: lettre de créance, лац.: Litterae credentiales) — дакумент, які сведчыць паўнамоцтвы дыпламатычнага прадстаўніка і прызначэнне яго ў адпаведную краіну[1].
Падпісваецца ва ўсталяванай форме кіраўніком дзяржавы і замацоўваецца звычайна подпісам міністра замежных спраў дзяржавы, якая прызначае дыпламатычнага прадстаўніка. Уручаецца кіраўніку прымаючай дзяржавы пры заступленні на пасаду[1].
Даверчыя граматы выдаюцца паслам, пасланнікам, а таксама кіраўнікам спецыяльных (надзвычайных) дэлегацый[1].
Павераныя ў справах, а таксама палітычныя прадстаўнікі пры акрэдытаванні забяспечваюцца лістом ад кіраўніка ведамства замежных спраў дзяржавы-адпраўшчыцы да кіраўніка ведамства замежных спраў краіны прызначэння.
Даверчая грамата змяшчае: імя і тытул (званне) адпраўшчыка і атрымальніка, імя і ранг дыпламатычнага прадстаўніка, просьбу «верыць» апошняму ва ўсіх зносінах менавіта ў якасці прадстаўніка дадзенай дзяржавы. Часам у даверчай грамаце пералічваюцца ў кароткай форме матывы і мэты дыпламатычнай місіі, а таксама стан дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі на дадзены момант.
Даверчая грамата ўручаецца дыпламатычным прадстаўніком пры першай аўдыенцыі ў кіраўніка дзяржавы, а яе завераная копія загадзя накіроўваецца кіраўніку ведамства замежных спраў.
Даверчая грамата носіць характар агульных паўнамоцтваў дыпламатычнага прадстаўніка: з’яўляючыся акрэдытаваным, ён не мае патрэбы ў далейшых паўнамоцтвах для сваіх выступаў і заяў у краіне знаходжання, адказнасць за ўсе яго службовыя дзеянні, лісты і словы цалкам кладзецца на ўрад, які яго прызначыў. Аднак Даверчая грамата сама па сабе не дае права дыпламатычнаму прадстаўніку падпісваць міжнародныя пагадненні без спецыяльных паўнамоцтваў.
Даверчая грамата губляе сілу ў выпадку смерці кіраўніка дзяржавы, якая назначыла дыпламатычнага прадстаўніка, або кіраўніка дзяржавы, пры якім ён акрэдытаваны, пры змене формы праўлення ў краіне знаходжання або на радзіме дыпламатычнага прадстаўніка, пры змене рангу дыпламатычнага прадстаўніка. Пры пакіданні сваёй пасады дыпламатычны прадстаўнік уручае адзыўныя граматы (фр.: lettre de rappel) і, у сваю чаргу, часам атрымлівае рэкрэдытыў (фр.: lettre de récréance) для ўручэння яго свайму ўраду па вяртанні на радзіму.
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads