Дзяржаўная Дума Расійскай імперыі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Дзяржаўная дума Расійскай імперыі - законадарадчае, пазней - заканадаўчае прадстаўнічае ўстанова Расійскай імперыі. З'яўлялася вышэйшым заканадаўчым дзяржаўным органам разам з пераўтворанай Дзяржаўнай радай; фактычна ўяўляла сабой ніжнюю палату парламента дзяржавы. Усяго было чатыры скліканні Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі.
Remove ads
Гісторыя
Да 1906 г. у Расійскай імперыі адсутнічалі прадстаўнічыя органы ўлады на дзяржаўным узроўні. Скліканне такога органа стала адным з галоўных патрабаванняў ва ўмовах рэвалюцыі, якая пачалася ў 1905 г. Упершыню абяцанне склікання Дзяржаўнай Думы было дадзена імператарам Мікалаем ІІ у Маніфесце 6 жніўня 1905 г., падрыхтаваным міністрам унутраных спраў Аляксандрам Булыгіным («Булыгінская дума»). Паводле яго, Дума разглядалася як законадарадчы орган з вельмі абмежаванымі паўнамоцтвамі і колам асоб, надзеленых выбарчым правам. Гэты праект выклікаў моцную крытыку з боку грамадскасці, і ў выніку ўзмацнення пратэстаў імператар у Маніфесце 17 кастрычніка 1905 г. абяцаў наданне Думе заканадаўчых паўнамоцтваў:
«Устанавіць як непарушнае правіла, што ні адзін закон не можа ўступіць у сілу без адабрэння Дзяржаўнай Думы, і каб абраным народам была прадастаўлена магчымасць удзельнічаць у наглядзе за правільнасцю дзеянняў прызначаных Намі ўлад».
Паўнамоцтвы Думы былі канчаткова вызначаны законам ад 20 лютага 1906 г., які рэгуляваў парадак працы Думы, і «Асноўнымі дзяржаўнымі законамі» ад 23 красавіка 1906 г. Згодна з гэтымі дакументамі паўнамоцтвы Думы былі даволі абмежаванымі. Дума абіралася на 5 гадоў; імператару было нададзена права яе датэрміновага роспуску. Працягласць пасяджэнняў Думы і тэрміны іх перапынкаў вызначаліся ўказамі імператара. Дума магла прымаць законы, прапанаваныя ёй урадам, а таксама зацвярджаць дзяржаўны бюджэт. Правам заканадаўчай ініцыятывы і запытаў да міністраў наконт незаконных дзеянняў уладаў маглі карыстацца думскія групы ў складзе не менш чым 30 дэпутатаў. У перыяд паміж сесіямі імператар мог аднаасобна прымаць законы, якія падлягалі зацвярджэнню Думай падчас сесій. Дзяржаўная дума станавілася ніжняй палатай парламента. Ролю верхняй палаты выконваў Дзяржаўны савет. Палова членаў савета прызначалася непасрэдна царом, палова — выбіралася на 9 гадоў ад праваслаўнага духавенства, губернскіх земскіх сходаў (там, дзе іх не было, як у Беларусі — ад сходаў мясцовых буйных землеўладальнікаў), губернскіх дваранскіх сходаў, Акадэміі навук, універсітэтаў, Савету гандлю і мануфактур. Законапраект, прыняты Думай, паступаў на разгляд Дзяржсавета і толькі пасля яго станоўчага рашэння і зацвярджэння царом, станавіўся законам. Паводле «Асноўных дзяржаўных законаў» вярхоўная ўлада заставалася ў руках імператара; ён фарміраваў Савет міністраў, які нёс перад ім адказнасць. Толькі імператару належала выключнае права ініцыятывы па пераглядзе «Асноўных дзяржаўных законаў», прызначэння і звальнення вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў, кіравання знешняй палітыкай і войскам, абвяшчэння вайны і заключэння міру.
Remove ads
I скліканне
Першае пасяджэнне Дзяржаўнай думы адбылося 27 красавіка 1906 года ў Таўрыйскім палацы ў Санкт-Пецярбургу.
З самага пачатку працы стала відавочнай канфрантацыя дэпутацкай большасці Дзяржаўнай думы з урадам Івана Гарамыкіна. За 72 дні Дума прыняла 391 запыт аб незаконных дзеяннях урада. Кадэты рэгулярна ўзнімалі пытанні аб амністыі для ўсіх палітычных зняволеных, адмене смяротнага пакарання, ліквідацыі Дзяржаўнага савета і ўстанаўленні адказнасці Савета Міністраў перад Думай. Большасць дэпутатаў падтрымала гэтыя патрабаванні, і 5 мая 1906 г. яны былі накіраваны старшыні Савета Міністраў І. Л. Гарамыкіну, які 13 мая ў сваім адказе адхіліў усе патрабаванні Думы.
Галоўным пытаннем у працы Першай Дзяржаўнай думы было зямельнае пытанне. 7 мая кадэтская фракцыя за подпісамі 42 дэпутатаў прапанавала свой законапраект. Паводле яго, складаўся дзяржаўны зямельны фонд, у які ўключаліся дзяржаўныя, царкоўныя і частка памешчыцкіх зямель, што здавалася ў арэнду або дрэнна выкарыстоўвалася ў гаспадарчых адносінах, якія перадаваліся ў фонд на аснове прымусовага выкупу па «справядлівай цане». З гэтага фонду прадугледжвалася надзяленне сялян зямлёй на правах арэнды па працоўнай ці па спажывецкай норме. На месцах для рэалізацыі рэформы павінны былі быць створаны зямельныя камітэты на аснове роўнага прадстаўніцтва ў іх сялян і памешчыкаў пры ўдзеле дзяржаўных чыноўнікаў.
23 мая фракцыя трудавікоў (104 чалавекі) прапанавала свой законапраект, які прадугледжваў стварэнне грамадскага зямельнага фонду, з якога зямля выдзялялася б у карыстанне па працоўнай норме, а таксама канфіскацыю зямлі ў землеўладальнікаў звыш «нормы працы» з выплатай апошнім устаноўленага ўзнагароджання. Праект прапаноўвалася рэалізаваць праз выбарныя мясцовыя зямельныя камітэты (на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога і тайнага галасавання). 6 чэрвеня 33 дэпутаты ўнеслі распрацаваны эсэрамі найбольш радыкальны аграрны законапраект аб неадкладнай сацыялізацыі ўсёй зямлі і ліквідацыі прыватнай уласнасці на зямлю. Дума большасцю галасоў адмовілася разглядаць такі радыкальны праект. Таксама 8 чэрвеня Савет Міністраў прыняў рашэнне аб роспуску Дзяржаўнай Думы ў выпадку працягу абвастрэння сітуацыі вакол аграрнага пытання, паколькі яго шырокае абмеркаванне ў Думе выклікала ўзмацненне грамадскіх спрэчак і стымулявала рэвалюцыйны рух.
Кадэцкая фракцыя таксама ўнесла законапраект аб недатыкальнасці дэпутатаў Думы, які прадугледжваў, што крымінальны пераслед дэпутата падчас сесіі магчымы толькі са згоды Думы (акрамя затрымання падчас або адразу пасля здзяйснення злачынства, але і ў гэтым выпадку Дума магла адмяніць затрыманне), а калі справа ўзбуджалася паміж сесіямі, то ўсе працэсуальныя дзеянні і затрыманне прыпыняліся да адкрыцця сесіі і вырашэння пытання Думай. Аднак дадзены законапраект не быў разгледжаны.
Некаторыя ліберальная настроеныя члены Савета міністраў прапаноўвалі ўвесці прадстаўнікоў кадэтаў у склад ураду. Аднак гэтая прапанова не атрымала падтрымкі ў большасці міністраў. Дзяржаўная Дума выказала недавер ураду, пасля чаго шэраг міністраў сталі байкатаваць яе пасяджэнні. Для дэманстрацыі пагарды да Думы да яе быў унесены першы ўрадавы законапраект аб выдзяленні 40 тыс. руб. на пабудову пальмавай аранжэрэі і ўзвядзенне пральні пры Юр’еўскім універсітэце. За ўвесь час працы Дума ўхваліла два законапраекты: аб адмене смяротнага пакарання і аб выдзяленні 15 млн руб. на дапамогу пацярпелым ад неўраджаю.
Remove ads
Разгон Думы і Выбаргская адозва
6 (19) ліпеня 1906 г. замест Івана Гарамыкіна цар прызначыў старшынёй Савета Міністраў Пятра Сталыпіна (які таксама захаваў пасаду міністра ўнутраных спраў). 8 ліпеня Мікалай II выдаў указ аб роспуску Дзяржаўнай думы, што было растлумачана ў маніфесце ад 9 ліпеня наступным чынам:
«Выбарныя ад насельніцтва, замест працы заканадаўчага будаўніцтва, ухіліліся ў неналежную ім вобласць і звярнуліся да расследавання дзеянняў пастаўленых ад Нас мясцовых уладаў, да ўказанняў Нам на недасканаласці Асноўных Законаў, змены якіх могуць быць прадпрынятыя толькі Нашай Манаршай воляй, і да дзеянняў, яўна незаконных, як зварот ад імя Думы да насельніцтва. Збянтэжанае такімі непарадкамі сялянства, не чакаючы законнага паляпшэння свайго становішча, перайшло ў цэлым шэрагу губерняў да адкрытага рабаўніцтва, раскрадання чужой маёмасці, недапарадкаванню закону і законным уладам. Але няхай Нашы падданыя памятаюць, што толькі пры поўным парадку і спакоі магчымае трывалае паляпшэнне народнага быту. няхай будзе вядома, што Мы не дапусцім ніякага сваволля або беззаконня і ўсёй сілай дзяржаўнай моцы прывядзём парушальнікаў закона да падпарадкавання Нашай Царскай волі. Заклікаем усіх добрамысных рускіх людзей аб’яднцца для падтрымання законнай улады і аднаўлення міра ў Нашай дарагой Айчыне».
У маніфесце таксама абвяшчалася правядзенне новых выбараў па тых жа правілах, што і ў Першую Дзяржаўную думу. 9 ліпеня дэпутаты, якія прыбылі на пасяджэнне, выявілі, што дзверы Таўрычнага палаца зачыненыя, а побач да слупа прыбіты маніфест аб роспуску Думы. Некаторыя з іх (180 чалавек), галоўным чынам кадэты, трудавікі і сацыял-дэмакраты, сабраўшыся ў Выбаргу (як у бліжэйшым да Санкт-Пецярбурга горадзе ў Вялікім княстве Фінляндскім), прынялі зварот «Да народа ад народных прадстаўнікоў» (Выбаргская адозва). У ім гаварылася, што ўрад не мае права без згоды народных прадстаўнікоў спаганяць падаткі з народа або заклікаць народ на ваенную службу. Таму Выбаргская адозва заклікала да грамадзянскага непадпарадкавання: адмаўлення ад выплаты падаткаў і выканання вайсковай павіннасці:
«Грамадзяне ўсёй Расіі!
Указам 8-га ліпеня Дзяржаўная Дума распушчана. Калі вы выбіралі нас сваімі прадстаўнікамі, вы даручалі нам дабівацца зямлі і волі. Выконваючы вашае даручэнне і наш абавязак, мы складалі законы для забеспячэння народу свабоды, мы патрабавалі выдалення безадказных міністраў, якія, беспакарана парушаючы законы, душылі свабоду; але перш за ўсё мы жадалі выдаць закон аб надзяленні зямлёй працоўнага сялянства шляхам звароту на гэты прадмет зямель казённых, удзельных, кабінетскіх, манастырскіх, царкоўных і прымусовага характару адчужэння зямель прыватнаўласніцкіх. Урад прызнаў такі закон недапушчальным, а калі Дума яшчэ раз настойліва пацвердзіла сваё рашэнне аб прымусовым адчужэнні, быў аб’яўлены роспуск народных прадстаўнікоў.
Замест цяперашняй Думы Урад абяцае склікаць іншую праз сем месяцаў. Цэлых сем месяцаў Расія павінна заставацца без народных прадстаўнікоў у такі час, калі народ знаходзіцца на краі спусташэння, прамысловасць і гандаль падарваныя. Калі ўся краіна ахоплена хваляваннем і калі міністэрства канчаткова даказала сваю няздольнасць задаволіць патрэбы народа. Цэлых сем месяцаў урад будзе дзейнічаць па сваёй волі і будзе змагацца з народным рухам, каб атрымаць паслухмяную, дагодлівую Думу, а калі яму ўдасца зусім задушыць народны рух, ён не збярэ ніякай Думы.
Грамадзяне! Стойце моцна за парушаныя правы народнага прадстаўніцтва, стойце за Дзяржаўную Думу. Ніводнага дня Расія не павінна заставацца без народнага прадстаўніцтва. У вас ёсць спосаб дабіцца гэтага: урад не мае права без згоды народнага прадстаўніцтва ні збіраць падаткі з народа, ні заклікаць народ на ваенную службу. А таму зараз, калі ўрад распусціў Дзяржаўную Думу, вы маеце права не даваць яму ні салдат, ні грошай. Калі ж урад, каб здабыць сабе сродкі, стане рабіць пазыкі, то такія пазыкі, зробленыя без згоды народнага прадстаўніцтва, з гэтага часу несапраўдныя, і рускі народ ніколі іх не прызнае і плаціць па іх не будзе. Такім чынам, да склікання народнага прадстаўніцтва не давайце ні капейкі ў казну, ніводнага салдата ў войска.
Будзьце цвёрдыя ў сваёй адмове, стойце за свае правы ўсё, як адзін чалавек. Перад адзінай і непахіснай воляй народа ніякая сіла выстаяць не можа.
Грамадзяне! У гэтай вымушанай, але непазбежнай барацьбе, вашыя выбарныя людзі будуць з вамі».
Выбаргская адозва атрымала шырокае распаўсюджанне, але масавага супраціўлення рэжыму не выклікала. Рэвалюцыйныя партыі выступілі з лозунгам узброенага паўстання, аднак, арганізаваць яго не ўдалося. Асобныя выступленні матросаў і салдат (Свеаборгскае паўстанне, Кранштацкае паўстанне) былі падаўлены. Урад узмацніў рэпрэсіі. Новы прэм’ер-міністр Пётр Сталыпін увёў ваенна-палявыя суды, якія ў паскораным парадку распраўляліся з рэвалюцыянерамі. Падпісанты Выбаргскай адозвы былі асуджаныя на тры месяцы зняволення і пазбаўленыя права быць у будучыні абранымі дэпутатамі Дзяржаўнай Думы.
Remove ads
II скліканне
Другая Дума, як і Першая, вяла барацьбу за права кантролю над дзейнасцю урада, што прывяло да шматлікіх канфліктаў з ім і стала адной з прычын пазнейшага разгону Думы. У цэлым, Другая Дума аказалася яшчэ больш радыкальнай, чым яе папярэдніца. Разам з тым дэпутаты змянілі тактыку, вырашыўшы дзейнічаць перадусім з пазіцый легалізма. Кадэты заклікалі «клапаціцца пра Думу», не даваць ураду падставы для яе роспуску і праяўляць гнуткасць. Кіруючыся нормамі артыкулаў 5 і 6 Статута аб зацвярджэнні Дзяржаўнай Думы ад 20 лютага 1906 г., дэпутаты ўтварылі аддзелы і камісіі для папярэдняй падрыхтоўкі спраў, якія падлягалі разгляду ў Думе. Створаныя камісіі пачалі распрацоўку шматлікіх законапраектаў. У парламент было ўнесена 287 урадавых законапраектаў (у тым ліку бюджэт на 1907 г., законапраект аб рэформе мясцовага суда, аб адказнасці чыноўнікаў, аб аграрнай рэформе і г.д.). Дума ўхваліла толькі 20 законапраектаў. З іх толькі 3 атрымалі сілу закона (аб стварэнні кантынгенту навабранцаў у войска і два праекты дапамогі пацярпелым ад неўраджаю).
Асноўным пытаннем, як і ў Першай Думе, заставалася аграрнае пытанне, згодна з якім кожная фракцыя прадстаўляла свой праект. Кадэты зрабілі больш памяркоўным свой аграрны законапраект «42-х», унесены на разгляд Першай Думы: выключылі з яго пункт аб стварэнні дзяржаўнага зямельнага фонду, пашырылі пералік неадчужаемых памешчыцкіх зямель, прапанавалі праект выкупу памешчыцкіх зямель па «справядлівай ацэнцы» (у адносінах з тым, які прыбытак дае зямля пры яе гаспадарчай эксплуатацыі) па кошт дзяржавы і сялянства (50 на 50 %). Свае праекты прадставілі трудавікі і эсэры, якія ў асноўным грунтаваліся на аналагічных законапраектах, унесеных у Першую Думу, а таксама сацыял-дэмакраты. Усе праекты левых фракцый, нягледзячы на пэўныя разыходжанні паміж імі, грунтаваліся на ідэі пераразмеркавання памешчыцкіх і дзяржаўных зямель на карысць малазямельных і беззямельных сялян. Правыя ў асноўным адстойвалі аграрную праграму ўрада, мэты і змест якой былі выкладзены ў царскім указе ад 9 лістапада 1906 г. (сталыпінская аграрная рэформа).
Дыскусійнымі былі таксама харчовае пытанне, дзяржаўны бюджэт на 1907 г., пытанні амністыі палітзняволеным, скасавання ваенна-палявых судоў, уведзеных урадам Сталыпіна, і г.д. 17 мая 1907 года Дума прагаласавала супраць паліцэйскага самавольства, што выклікала незадавальненне ўрада.
Канцылярыя Міністэрства ўнутраных спраў падрыхтавала праект новага выбарчага закона таемна ад Думы. 1 чэрвеня 1907 г. Пётр Сталыпін запатрабаваў адхілення 55 сацыял-дэмакратаў ад удзелу ў пасяджэннях Думы і пазбаўлення 16 з іх дэпутацкай недатыкальнасці, абвінаваціўшы іх у падрыхтоўцы «звяржэння дзяржаўнага ладу» і змове супраць царскай сям’і. Дума выступіла супраць і стварыла сваю камісію для расследавання паводле прадстаўленых абвінавачванняў.
На падставе гэтага Мікалай II 3 чэрвеня 1907 года абвясціў маніфест аб роспуску Другой Думы і ўнясенні змяненняў у выбарчы закон. У маніфесце ў якасці прычын роспуску ўказваліся павольнасць разгляду і адхіленне прадстаўленых урадам законапраектаў, пераўтварэнне права дэпутацкіх запытаў у метад барацьбы з урадам. Роспуск Думы быў прэрагатывай імператара, але адначасовая змена выбарчага закона з’яўлялася парушэннем артыкула 87 Асноўных дзяржаўных законаў, па якіх выбарчы закон мог быць зменены толькі пры згодзе Дзяржаўнай Думы і Дзяржаўнага Савета (трэццячэрвеньскі пераварот 1907 г.). У гістарыяграфіі прынята лічыць, што акт 3 чэрвеня 1907 года азнаменаваў завяршэнне рэвалюцыі 1905—1907 гг. у Расійскай імперыі.
Ва ўмовах спаду рэвалюцыйнага руху разгон Думы не выклікаў значных пратэстаў. Слушнасць гэтага акту ўсяляк прасоўвала афіцыйная прапаганда. Так, яшчэ напярэдадні разгону Думы епіскап мінскі Міхаіл разаслаў тэлеграмы па сваёй епархіі наступнага зместу:
«Яднайцеся, рускія людзі, яднайцеся, святары, рыхтуйцеся са сваімі духоўнымі дзецьмі даць энергічны адпор ваўкам у авечай скуры, якія называюць сябе прагрэсіўнымі людзьмі і імкнуцца прарвацца да ўлады і гаспадарыць у краіне на сваю карысць».
Remove ads
III скліканне
IV скліканне
Заўвагі
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads
