Дом афіцэраў (Полацк)

Полацк From Wikipedia, the free encyclopedia

Дом афіцэраў (Полацк)map
Remove ads

Дом афіцэраў — будынак у Полацку, размешчаны па вуліцы Талстога, 8. Узведзены ў 1937—1940 гг. у стылі постканструктывізму як Дом Чырвонай Арміі.

Хуткія факты Дом афіцэраў, Краіна ...

Сёння Дом афіцэраў з’яўляецца адным з карпусоў Полацкага ўніверсітэта[1].

Remove ads

Гісторыя

Thumb
Галоўны фасад. 2024 г.

Дом афіцэраў з’яўляецца значным аб’ектам у гісторыі горада, які мае не толькі архітэктурна-горадабудаўнічае, але і сацыяльна-палітычнае значэнне.

Будаўніцтва Дома Чырвонай Арміі стала часткай вялікага плана па мадэрнізацыі гарадской прасторы, які быў распрацаваны ў 1936 годзе групай мінскіх архітэктараў і інжынераў «Белдзяржпраекта» з улікам прапаноў гарадскіх уладаў. Праект быў зацверджаны навукова-тэхнічнай радай Народнага камісарыята камунальнай гаспадаркі БССР і прыняты замоўцам — Полацкай гарадской радай.

Будаўніцтва Дома Чырвонай Арміі было зацверджана 19 студзеня 1936 года ў рамках Плана сацыялістычнай рэканструкцыі горада Полацка. Згодна з данымі матэрыялаў фонду Полацкага акруговага выканаўчага камітэта на пасяджэнні прэзідыума Полацкага гарсавета 19 сакавіка 1937 года слухалі заяву Упраўлення ваенна-будаўнічых работ № 51 аб адводзе зямельнага ўчастка для будаўніцтва Дома Чырвонай Арміі. У 1940 годзе полацкі Дом Чырвонай Арміі быў здадзены ў эксплуатацыю і паступіў ва ўпраўленне палітаддзела часцей полацкага гарнізона. Агульная плошча будынка склала 4308,3 м2.

У гады Другой сусветнай вайны ў перыяд нямецкай акупацыі горада Полацка (ліпень 1941 — ліпень 1944 гадоў) у будынку Дома Чырвонай Арміі ў розны час размяшчаліся: нямецкая вайсковая часць, ваенны шпіталь, камендатура і іншыя адміністрацыйныя органы і службы акупацыйных улад.

Пры вызваленні Полацка ў ліпені 1944 года будынак моцна пацярпеў — унутраная частка была практычна поўнасцю знішчана пажарам. Паводле звестак «Дакладной запіскі аб разбурэннях і злачынствах, учыненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў горадзе Полацку і раёнах Полацкай вобласці» Дом Чырвонай Арміі ў ліку многіх значных аб’ектаў горада быў спалены пры адступленні.

На першым пасля вызвалення горада пасяджэнні выканкама Полацкага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных 29 ліпеня 1944 года разглядалася пытанне аб аднаўленні камунальных аб’ектаў, якія мелі першачарговае значэнне для гараджан, у жніўні-верасні 1944 гады на пасяджэннях выканкама заслухоўваліся пытанні аб мабілізацыі працоўнай сілы для ўзнаўлення прамысловых прадпрыемстваў, устаноў адукацыі і культуры. Дом Чырвонай Арміі быў у іх ліку.

На працягу многіх гадоў Дом афіцэраў з’яўляўся адным з важнейшых культурных цэнтраў горада Полацка, тут праходзілі шматлікія гарадскія мерапрыемствы[1]. Дом афіцэраў функцыянаваў да пачатку 1990-х гг., калі ваенныя ўстановы пакінулі будынак. У 1993 г. у ім размясціўся Полацкі філіял Беларускага камерцыйнага інстытута кіравання, а з пачатку 2000-х гг. — Полацкая дзіцячая школа мастацтваў. У пачатку 2000-х гадоў Дом афіцэраў, які ўжо не належаў вайсковым, планавалася перадаць Полацкаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку. У абноўлены будынак павінны былі перасяліцца Краязнаўчы музей, Музей баявой славы, тут хацелі ўладкаваць выставачныя залы і рэстаўрацыйныя майстэрні. Праект не быў рэалізаваны, а будынак пачаў разбурацца[2]. У 2011 г. частка канструкцый будынка была прызнана аварыйнай, у выніку чаго будынак быў адселены і закансерваваны. 21 красавіка 2021 г. Дом афіцэраў перададзены з раённай формы ўласнасці ў рэспубліканскую на баланс Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай. Гэта стала пачаткам правядзення комплексных даследаванняў і распрацоўкі праектнай дакументацыі для яго аднаўлення. У чэрвені 2023 г. быў распачаты капітальны рамонт з мадэрнізацыяй будынка і яго прыстасаваннем пад навучальны корпус універсітэта. Будаўнічыя работы завяршыліся ў чэрвені 2024 г.[3] Сёння Дом афіцэраў з’яўляецца адным з карпусоў Полацкага ўніверсітэта[1].

Remove ads

Архітэктура

Thumb
Гістарычнае каляровае рашэнне фасадаў (фотамантаж Р. Забелы)

Дом афіцэраў узведзены паміж 1937—1940 гг. паводле тыпавога праекта клуба на 750 месцаў, распрацаванага Цэнтральным Ваенпраектам. Пытанне аўтарства застаецца адкрытым. Паводле даследчыкаў існуюць падставы меркаваць, што ён быў распрацаваны на аснове планіровачных і аб’ёмна-прасторавых рашэнняў праекта пачатку 1930-х гг., аўтарам якога быў І. Ю. Каракіс (з залай на 1000 месцаў), але адаптаваны ў частцы фасаднага афармлення да рэгіянальных асаблівасцей і з улікам змяншэння ёмістасці залы да 750 месцаў. Аўтарамі адпаведнай варыяцыі тыпавога праекта, верагодна, выступалі М. І. Гайгараў і У. М. Навасадаў[3].

Узведзены мураваны будынак мае П-падобную планіровачную схему і сіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Кампазіцыйным цэнтрам з’яўляецца дзевяцівосевы трохпавярховы аб’ём, цэнтральная частка якога акцэнтавана складаным у плане васьмікалонным порцікам. Па баках асноўнага аб’ёму перпендыкулярна далучаюцца два ніжэйшыя дзесяцівосевыя двухпавярховыя крылы, што фарміруюць дваровы курданёр[3]. Ніжні ярус вонкавых сцен па ўсяму перыметру мае рустоўку з разрывамі ў месцах знаходжання прамавугольных аконных праёмаў. Аконныя праёмы другога яруса дэкарыраваны сандрыкамі. Галоўны ўваход выдзелены порцікам са складанараскрапаваным антаблементам і атыкам. Уваходная частка акцэнтавана калонамі стылізаванага карынфскага ордара.

Будынак з’яўляецца прыкладам архітэктуры постканструктывізму, у якім першапачатковыя канструктывісцкія рашэнні спалучаюцца з класічнай ордарнай кампазіцыяй, мадэрнізаванай характэрнымі для ар-дэко формамі дэталяў і дэкаратыўных элементаў. Адметнасцю з’яўлялася арыгінальнае колеравае рашэнне фасадаў у блакітных танах з кантрасным вылучэннем дэкаратыўных элементаў. Такое спалучэнне класічных архітэктурных форм і мадэрнісцкай дэкаратыўнасці адлюстроўвае пошук індывідуальнасці і дадатковай выразнасці ў межах савецкай неакласічнай архітэктуры. Гэта робіць будынак важным аб’ектам для вывучэння архітэктурных тэндэнцый 1930-х гг.[3]

Асноўны колер плоскасцяў сцен першапачаткова быў стрыманым блакітным. Выступаючы дэкор фасадаў вылучаўся двума колерамі: цёмным шэра-сінім і светлым малочна-белым. Цёмным афарбоўваліся карніз і асноўныя цягі, фактурны цэнтр рустаў, сандрыкі вокнаў і цокаль. Светлымі былі калоны і пілястры, рамкі і зубцы парапетаў, выступаючы дэкор цэнтральнай часткі галоўнага і дваровага фасадаў, зубцы антаблемента, падаконныя дэкарацыі першага паверха, а таксама рамкі вокнаў другога паверха. Яшчэ адной адметнасцю было выкарыстанне фактурнай тынкоўкі на глухіх плоскасцях па баках уваходнай каланады. Пры аднолькавым колеры фасада рознасць фактур стварала візуальны эфект «шахматнай дошкі». Выкарыстанне блакітных адценняў у афарбоўцы фасадаў будынкаў 1930-х гг. з’яўляецца нетыповым. Блакітныя і сінія адценні выкарыстоўваліся рэдка ў якасці асноўных колераў фасадаў у архітэктуры постканструктывізму і неакласіцызму. Першапачатковае аздабленне фасадаў робіць Дом афіцэраў у Полацку рэдкім і каштоўным прыкладам нестандартнага колеравага падыходу ў савецкай архітэктуры 1930-х гг.[3]

Самым адметным кампазіцыйным элементам інтэр’ера з’яўляецца парадная лесвіца, размешчаная ўздоўж сцяны дваровага фасада ў завяршэнні ўваходнага вестыбюля. Яна ўзнімаецца ў два бакі ад выйсця ў двор, размешчанага па восі вестыбюля. Лесвіца вядзе на другі паверх да вестыбюля актавай залы, які аддзелены ад двухсветлавой прасторы лесвіцы каланадай. Праведзены тыпалагічны аналіз аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі і іншых краін былога СССР дазволіў выявіць чатыры будынкі, якія характарызуюцца падобнымі аб’ёмна-прасторавымі, кампазіцыйнымі і інтэр’ернымі рашэннямі. Два з іх размешчаныя ў Беларусі (Полацк, Заслонава), два — ва Украіне (Вінніца, Стараканстанцінаў). Усе гэтыя аб’екты ўзведзеныя ў 1930-х гг. у якасці Дамоў Чырвонай арміі[3].

Інтэр’еры, як і фасады, былі набліжаныя да агульнай неакласічнай стылістыкі з дадаткам мадэрнісцкіх элементаў. На гістарычных фота ўвагу прыцягваюць у першую чаргу калоны і пілястры ў розных памяшканнях. Яны ўяўляюць сабой ар-дэко-стылізацыю класічных ордараў і камбінацыю розных гістарычных стыляў: на пілястрах у актавай зале былі геаметрычна стылізаваныя іанічныя капітэлі з актыўна высунутымі па баках валютамі, а на каланадзе галоўнай лесвіцы — камбінацыя дарычнай і егіпецкай капітэлі з артаментальнымі паліхромнымі дэкаратыўнымі размалёўкамі. Першапачатковае аздабленне інтэр’ераў было страчанае пры паваеннай рэканструкцыі[3].

Remove ads

Рэканструкцыя 1951—1953

У 1944 г. будынак быў знішчаны пажарам, у выніку чаго засталася толькі мураваная каробка, якая паступова разбуралася пад уздзеяннем атмасферных фактараў. Праект аднаўлення быў распрацаваны ў 1951—1953 гг. у Мінску ў інстытуце «Ваенпраект». Можна меркаваць, што будаўнічыя работы былі завершаныя ў сярэдзіне 1950-х гг. Нягледзячы на ваенныя разбурэнні, фасады захавалі дэталі першапачатковага праекта да пачатку работ. Падчас паваеннага аднаўлення будынка змяненні не закранулі дэкаратыўнага афармлення фасадаў, за выключэннем каляровага рашэння. Унутры будынка падчас паваеннай рэканструкцыі былі захаваны даваенныя планіровачныя і кампазіцыйныя рашэнні інтэр’ераў, аднак усё дэкаратыўнае афармленне было выканана нанова ўжо ў цалкам класічных формах, уласцівых паваеннай архітэктуры[3].

Рэканструкцыя 2023—2024

Нягледзячы на тое, што Дом афіцэраў з’яўляецца значным аб’ектам у гісторыі горада, які мае не толькі сацыяльна-палітычнае, але і архітэктурна-горадабудаўнічае значэнне, комплексныя даследаванні дадзенага будынка да пачатку 2021 года не праводзіліся. Заставаліся невядомымі аўтарства праекта, першапачатковы выгляд будынка, яго архітэктурныя і гістарычныя вартасці, а таксама ступень іхніх зменаў. Правядзенне капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй стала нагодай для ўсебаковага вывучэння будынка. У 2021—2024 гг. пад былі праведзены комплексныя навуковыя даследаванні, вынікі якіх сталі асновай для распрацоўкі праектнай дакументацыі і аднаўлення аб’екта (навуковы кіраўнік, архітэктар-рэстаўратар Раман Забела)[3].

Падчас правядзення работ у 2023—2024 гг. гістарычная аддзелка фасадаў была захаваная і адрэстаўраваная. Быў адноўлены раней страчаны парапет над уваходам дваровага фасада. Паваеннае інтэр’ернае аздабленне, якое на момант пачатку прац захавалася амаль у поўным аб’ёме, але ў кепскім тэхнічным стане, было захаванае і адноўленае. Памяшканням вярнулі насычаны гістарычны неакласічны каларыт на падставе вынікаў фізіка-хімічных даследаванняў. Аднак на фінальнай стадыі будаўніцтва заказчыкам работ было ўзнята пытанне аб замене раней распрацаванага і ўзгодненага гістарычнага колеравага рашэння фасадаў у блакітных танах на больш звыклае охрыстае. У сувязі з гэтым у праектную дакументацыю былі ўнесены адпаведныя змены на падставе абгрунтавання новага навуковага кіраўніка А. А. Байнак, якая выконвала гэтыя функцыі на фінальнай стадыі будаўніцтва[3].

У 2024 г., пасля больш чым дзесяцігадовага перыяду заняпаду, будынак былога Дома афіцэраў у Полацку быў адноўлены і адкрыты для наведвання.

Аўтары праекта адначаюць, што ў перспектыве неабходна працягнуць працу над аднаўленнем страчаных элементаў фасадаў і інтэр’ераў, якія не былі ўзноўлены падчас апошніх рамонтна-рэстаўрацыйных работ. Важнай задачай застаецца аднаўленне першапачатковага колеравага рашэння, якое з’яўляецца адным з ключавых складнікаў мастацкай і стылістычнай самабытнасці будынка[3].

Remove ads

Галерэя

Крыніцы

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads