Катэхізіс Сымона Буднага
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«Катэхізіс» (аг.-усх.-слав.: Катихисісъ) — кніга кароткіх пытанняў і адказаў на хрысціянскую тэматыку, выдадзеная 10 чэрвеня 1562 года ў Нясвіжскай друкарні філосафам і дзеячам рэфармацыйнага руху Сымонам Будным і кальвінісцкім прапаведнікам Лаўрэнцем Крышкоўскім.
Катэхізіс перавыдаваўся тройчы. Першы раз у Стакгольме ў 1628 годзе, наступныя разы — у Мінску ў 2005 і 2012 гадах. Дагэтуль бібліятэкі Беларусі не мелі ніводнага асобніку гэтай кнігі, і з творам маглі пазнаёміцца толькі даследчыкі ў аддзеле рэдкай кнігі Нацыянальнай бібліятэкі, і толькі з яго ксеракопіяй.
Remove ads
Гісторыя
Ідэяй адукацыі «простых людзей» Сымон Будны захапіўся ў 1560 годзе ў часе працы на пасадзе прапаведніка ў Клецку[1]. Сумесна з нясвіжскім прапаведнікам Мацеем Кавячынскім, яго братамі, кальвінісцкім прапаведнікам Лаўрэнціем Крышкоўскім Будны заснаваў друкарню ў Нясвіжы. Грашовую дапамогу на яе ўтрыманне аказалі Мікалай Радзівіл «Чорны» і будучы канцлер вялікі літоўскі Астафій Валовіч. На загад апошняга з Вільні былі перавезеныя шрыфты Францыска Скарыны, што паскорыла з’яўленне «Катэхізіса» ўжо ў чэрвені 1562 года.
Remove ads
Апісанне
Змест
У сваёй прадмове да «Катэхізіса» Сымон Будны адзначае, што яго кніга выдаецца не толькі з асветніцкіх мэтаў:
![]() |
Сію книжку написахъ, абы... истинны разуменіа жаждущиі мели, чого бы ся и сами учили и деток своихъ научали | ![]() |

Перад тэкстам было набрана прысвячэнне Мікалаю Радзівілу, ваяводзе троцкаму, Мікалаю Радзівілу, ваяводзе віленскаму, і Мікалаю Радзівілу, сыну апошняга, а таксама прадмова, якую Сымон Будны напісаў 10 чэрвеня 1562 г. у Клецку. У прысвячэнні сярод іншага ёсць рэкамендацыя Радзівілам вывучаць асновы хрысціянства не толькі на чужых мовах, але і на роднай славянскай[2], шанаваць тагачасную беларускую мову і клапаціцца аб развіцці культуры, адукацыі і кнігадрукавання:
![]() |
Абы ваши княжацкия милости не только в чужоземских языцех кохали, але бы ся теж... и того здавна славного языка славянского размиловати и оным ся бавити рачили. Слушная бо речь ест, абы ваши княжацкие милости того народу язык миловати рачили, в котором давъные предъки и их княжацкие милости панове отци ваших княжацких милости славне преднейшие преложеньства несуть | ![]() |
Пісьменнік-палеміст рашуча асуджае імкненне Рэчы Паспалітай вывесці з ужытку «рускую мову» (старабеларускую мову) і замяніць яе польскай[3].
У прадмове са спасылкай на Апостал і Евангелле праводзіцца думка аб неабходнасці вывучаць асновы веры, бо нельга выратаваць душу толькі выкананнем царкоўных абрадаў і падарункамі духавенству[2]. Патрэбны адпаведныя падручнікі, і аўтар прадмовы прапануе чытачам пакуль малую кнігу, спадзеючыся ў далейшым падрыхтаваць больш падрабязнае выданне[2].
Акрамя выкладаў асобных палажэнняў хрысціянскага веравучэння, у кнізе ўзнімаліся такія актуальныя для таго часу праблемы, як грамадзянскія абавязкі чалавека, адносіны да дзяржаўных пасад, права валодання зямельнай уласнасцю, стаўленне хрысціян да войнаў і інш[3].
Remove ads
Моўныя адметнасці
Фанетыка
«Катэхізіс» стаў узорам выкарыстання зразумелай простаму народу старажытнай беларускай мовы. Народная гаворка тут выкарыстоўваецца нашмат шырэй і паслядоўней, чым у выданнях Францыска Скарыны[4]. Не зважаючы на рэлігійную тэматыку, «Катэхізіс», паводле прафесара Льва Шакуна, па сваіх моўна-стылістычных асаблівасцях набліжаецца да твораў тагачаснай свецкай літаратуры Літвы, якая ўжо даволі далёка адыйшла ад царкоўнаславянскай кніжнасці[5].
Сярод адметных фанетычных рысаў беларускай гаворкі, якія Будны адным з першых свядома адлюстраваў у сваім творы, можна адзначыць:[4]
Адметы | Прыклад |
1) пераход «у» ва «ў» нескладовае, якое праз адсутнасць спецыяльнай графемы перадавалася праз «в» | «вживати», «навчаніе», «навчати» |
2) зацвярджэнне шыпячых | «божыи», «всемогучыи», «иншыи», «чужыи», «маючы», «содравшы» |
3) у «Катэхізісе» ўпершыню ў беларускім пісьменстве паралельна мяккім «-ть» ўжываецца і цвёрды канчатак «тъ» у формах дзеясловаў 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку цяпершаняга часу | (параўн.: «маеть», «мовить», «пишеть», «стоить», «ведають», «терпеть» — «обецуетъ», «говорятъ», «завидуютъ», «живутъ», «могутъ» |
Лексіка
Значную моўную адметнасць уяўляе і слоўнікавы склад, асновай якога з’яўляецца ўласнабеларуская лексіка, да якой належаць як агульнаславянскія словы, што існуюць і ў сучаснай беларускай мове, так і шматлікія новаўтварэнні, якія ўзніклі на глебе самастойнага існавання беларускай мовы[4].
Даследчык мовы твораў С. Буднага акадэмік Аркадзь Жураўскі, у прыватнасці, адзначае наступныя асаблівасці лексічнага складу «Катэхізіса»:
Адметы | Прыклад |
1) у «Катэхізісе» прысутнічае значная колькасць лексічных беларусізмаў, якія толькі-толькі пачыналі замацоўвацца ў літаратурным ужытку таго часу | «бачити», «взоръ», «выховати», «згинути», «карати», «краина», «личьба», «мова», «мовити», «надея», «наставникъ», «прикрий», «пытанье», «справа», «ховати»[6] |
2) у Буднага назвы дзён тыдня ўжываюцца ў беларускім фанетыка-марфалагічным абліччы: | «понѣдѣлокъ», «второкъ», «середа», «четвѣеръ», «пятница», «субота» |
3) у лексыцы «Катэхізіса» сустракаецца нямала палянізмаў, большасць з якіх — словы, якія раней не выкарыстоўваліся ў помніках, але пазней фактычна замацаваліся ў беларускім пісьменстве: | «дочасный», «жебровати», «зычити», «згола», «зацный», «маетность», «малженство», «пришлый», «цнота», «члонок», «шкода» |
4) значэнні незразумелых словаў Сымон Будны тлумачыў наўпрост у тэксце[4] (гэты прыём тлумачэння вядомы з канца XV ст.) | «брака или женитьбы», «брань или валка», «елеомъ или маслом», «зелье або лекарство», «недуги або хворобы», «совесть або сумненне», «татьми се есть злодѣеями», «чада або молодые люди» і г. д. (некаторыя словы С. Будны тлумачыў на палях: «напасть — искушение», «стихія — початки», «чающе — ожидаючи» |
Remove ads
Пераклады
У пачатку 1990-х у Нацыянальнай бібліятэцы імя М. Я. Салтыкова-Шчадрына ў Санкт-Пецярбургу быў знойдзены поўны спіс нясвіжскага «Катэхізіса» ў перакладзе на рускую мову[7].
Даследчыкі прыйшлі да высновы, што гэту кнігу ў пачатку XVIII стагоддзя збіраліся перавыдаць у пятроўскай Расіі. Падрыхтоўкай выдання, як мяркуюць, кіраваў адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Пятра I, былы рэктар Кіева-Магілянскай акадэміі Феафан Пракаповіч[7].
Remove ads
Захаваныя асобнікі
Зараз вядома пра 11 захаваных паасобнікаў «Катэхізіса»: у музеі Чартарыйскіх у Кракаве і ў бібліятэцы Маскоўскага ўніверсітэта — па адным, у ДзГМ, РДзБ і Нацыянальнай бібліятэцы ў Празе — па два, у РНБ — тры[8][2]. На двух з іх захаваліся прыпіскі, якія сведчаць, што бытавалі гэтыя кнігі на беларускіх альбо ўкраінскіх землях[9][2].
Зноскі
- Мікалай Прыгодзіч «Для простыхъ людей языка руского…» Сымон Будны і яго «Катэхізіс» // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 3. — С. 23.
- Гісторыя беларускай кнігі : у 2 т. Т. 1: Кніжная культура Вялікага Княства Літоўскага / М. В. Нікалаеў ; [навуковыя рэдактары тома: В. В. Антонаў, А. І. Мальдзіс; мастак Г. І. Мацур]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — С. 182-183. — 423 с. — 2 500 экз. — ISBN 978-985-11-0481-5.
- Мікалай Прыгодзіч «Для простыхъ людей языка руского...» Сымон Будны і яго «Катэхізіс» // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 3. — С. 24.
- Мікалай Прыгодзіч «Для простыхъ людей языка руского...» Сымон Будны і яго «Катэхізіс» // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 3. — С. 25.
- Шакун Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. — Мн., 1984. — Т. 1.
- гл. Жураўскі А. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. — Мн., 1967. — Т. 1. — С. 187—201.
- Мікалай Прыгодзіч «Для простыхъ людей языка руского...» Сымон Будны і яго «Катэхізіс» // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 3. — С. 26.
- Лобынцев Ю. А. Описание изданий Несвижской типографии и типографии Василия Тяпинского. С. 16-20
- Голенченко Г. Я. Идейные и культурные связи... С. 261.
Remove ads
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads