Лідзія Мельнік

From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Лідзія Мельнік (дзявочае Несцяровіч) (16 чэрвеня 1930) — дзяячка беларускага нацыянальнага супраціву, сябра глыбоцкай групы беларускай моладзевай падпольнай паваеннай арганізацыі Саюз беларускіх патрыётаў (СБП).[1]

Хуткія факты Лідзія Мельнік (Несцяровіч), Нараджэнне ...
Remove ads

Біяграфія

Нарадзілася 16 чэрвеня 1930 г. на хутары Стафанполь Дзісенскага павета (Віленскае ваяводства, Польская Рэспубліка, цяпер Мёрскі раён Віцебскай вобласці). Бацькі мелі кавалак зямлі і былі заможнымі, таму пасля савецкай акупацыі ў верасні 1939 г. яны ўважаліся за «кулакоў»: на сям'ю абрынуліся вялізныя падаткі, а бацька быў на нейкі час арыштаваны. Пачатковую адукацыю Лідзія Мельнік атрымала ў савецкай вясковай школе, пра што ўспамінала так: «Нярэдка ў школу завітвалі правяральшчыкі, упаўнаважаныя. Перад імі настаўнікі наагул стараліся і прозвішча майго не называць, а калі іншы раз без гэтага нельга было, то якія позіркі я заўважала на сабе, як выразна пераглядваліся між сабой дарослыя». Пасля акупацыі немцамі сям'я пераехала ў Дзісну. Лідзія Мельнік скончыла сёмы класы, вытрымала экзамены і паступіла ў першую падрыхтоўчую клясу Глыбоцкай прагімназіі, якая толькі што адчынілася: «І ў школе ў Дзісне, і ў прагімназіі, дзе я змагла правучыцца толькі год, я па-сапраўднаму адчула, што я беларуска, жыву ў Беларусі, што ў маёй Радзімы даўнія карані, у нас багатая спадчына. Я толькі ўваходзіла ў жыццё, а ўжо ўва мне абуджаўся — кажучы словамі Максіма Багдановіча — «за краіну радзімую жах».

У 1944 г. пасля другога прыхода саветаў пайшла вучыцца ў дзявяты клас Глыбоцкай сярэдняй школы, пра што ўспамінала так: «У верасні 1944 у Глыбокім адчыніліся дзве сярэднія школы: адна беларуская і адна расейская. Я пайшла, зразумела, у беларускую дзесяцігодку. Але беларускай нашая школа была болей па назве. Большасць прадметаў выкладалася па-расейску». Пад час вучобы тут зблізілася з сяброўкай яшчэ па Глыбоцкай прагімназіі Марыяй Бабіч, якая вучылася ў Глыбоцкай педагагічнай навучальні разам з Васілём Мядзельцам, Антонам Фурсам і іншымі патрыётамі, якія потым заклалі ў вучнёўскім асяродку падпольную моладзевую арганізацыю Саюз беларускіх патрыётаў. Лідзія Мельнік была адной з першых, з каго пачыналася Глыбоцкая група СБП і на яе кватэры сябры прымалі прысягу на вернасць Беларусі.

У лютым 1947 года савецкія спецслужбы пачалі арышты сябраў Саюза беларускіх патрыётаў, да чаго спрычынілася здрада: да пастаўскай групы СБП увайшоў афіцэр МДБ Алег Стахоўскі, выдаўшы сябе за сябра антысаветчыка, і падштурхоўваў да тэрарызму. Лідзія Мельнік была арыштаваная 10 сакавіка 1947 г. і асуджаная 16 чэрвеня 1947 г. на 8 гадоў савецкіх канцлагераў і 5 гадоў пазбаўлення праў. Праз некалькі месяцаў пасля суду трапіла да Кемераўскай вобласці ў лагер ЧСМР, дзе пераважна знаходзіліся вязні з ліку сваякоў «ворагаў народу і здраднікаў радзімы». Пра гэта Лідзія Мельнік успамінала так: «Я ўжо наперад ведала: мяне пашлюць валіць лес. Настроеная была прыняць найгоршае. Але, на здзіўленне, мне выпала працаваць на швейнай фабрыцы, у цэху шырспажыву». У верасні 1949 г. была вывезеная ў Казахстан, дзе недалёка ад Караганды працавала на цагельнай фабрыцы. У 1953 г. была пераведзеная ў «Карлаг».

Была датэрмінова вызваленая 4 лістапада 1954, па выхадзе на волю пасялілася ў пасёлку Кулагір пад Карагандой (Казахстан), дзе працавала ў дзіцячым садку.

Брала ўдзел у напісанні артыкулу ўспамінаў у кнізе «Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў». Пра свае мінулае Лідзія Мельнік успамінае так: «Калі нават не дасць лёс скончыць сваю жыццёвую дарогу там, дзе я хацела б, дзе яна пачыналася - на роднай зямлі, маёй апошняй думкай я буду з Табой, дарагая мая Маці-Беларусь!».

Remove ads

Зноскі

  1. http://slounik.org/154858.html Біяграфія Лідзіі Мельнік

Літаратура

Гл. таксама

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads