Мікалай Іванавіч Катовіч
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Мікалай Іванавіч Катовіч (руск.: Николай Иванович Котович, польск.: Nikołaj Kotowicz; 25 снежня 1875, Вільня — 8 мая 1934, Брэст, Палескае ваяводства) — інжынер-будаўнік, архітэктар, грамадскі дзеяч.
Remove ads
Біяграфія
Мікалай Іванавіч Катовіч нарадзіўся 25 снежня 1875 года ў горадзе Вільні ў сям’і вядомага віленскага пратаіерэя Іаана Антонавіча Катовіча (1839—1911), які больш за 30 гадоў быў галоўным рэдактарам газеты «Літоўскія епархіяльныя ведамасці». Маці архітэктара — Марыя Іванаўна Тэадаровіч — была сястрой выбітнага даследчыка Валыні, гісторыка Мікалая Тэадаровіча[1].
У 1885 годзе паступіў у падрыхтоўчы клас Першай мужчынскай гімназіі ў Вільні. У пачатковых класах ён быў адным з найлепшых вучняў, атрымліваў узнагароды за поспехі ў вучобе. У старэйшых класах яго паспяховасць пагоршылася, і курс гімназіі ён скончыў на 12-м месцы сярод 30 вучняў. На выбар будучай прафесіі істотны ўплыў мелі ўрокі малюнка і блізкае знаёмства з мастаком Васілём Гразновым. У гэты перыяд Катовіч сябраваў з творчай моладдзю — акцёрам Васілём Шверубовічам (будучым Васілём Качалавым), кампазітарам Канстанцінам Галкоўскім. Гімназію Мікалай скончыў у чэрвені 1894 года і пасля пачаў падрыхтоўку да ўступных экзаменаў у Інстытут грамадзянскіх інжынераў у Санкт-Пецярбургу. У падрыхтоўцы яму дапамагаў сябра сям’і — вядомы жывапісец і акадэмік Іван Трутнеў[2].
Улетку 1894 года Мікалай Катовіч прыехаў у Санкт-Пецярбург і паступіў у Імператарскі інстытут грамадзянскіх інжынераў. Катовіч асабліва цікавіўся праектаваннем грамадскіх і тэатральных будынкаў. Яго архітэктурны дыпломны праект быў выкананы пад кіраўніцтвам архітэктараў Эрнэста Жыбера і Андрэя Гуна. У чэрвені 1899 года Мікалай Катовіч скончыў інстытут з дыпломам грамадзянскага інжынера, які даваў права на правядзенне будаўнічых і дарожных работ, а таксама на атрыманне 10-га чына пры паступленні на дзяржаўную службу.
Праца ў Пецярбургу
Пасля заканчэння інстытута ў 1899 годзе Мікалай Катовіч быў прызначаны інжынерам у распараджэнне Міністэрства ўнутраных спраў, дзе працаваў да траўня 1903 года. Неўзабаве ён перайшоў на працу ў Пецярбургскае граданачальства, а таксама займаў пасаду архітэктара-інжынера ў Цэнтральным праўленні «Таварыства сяброў народа» і «Таварыства ўзаемнага крэдыту Пецярбургскага павета». Апроч гэтага, актыўна займаўся прыватнымі заказамі, спраектаваў шэраг даходных дамоў у стылі мадэрн для арыстакратыі, буйных прамыслоўцаў і гандляроў (Ігнацьевы, Елісеевы, Бумагіны і інш.). Катовіч стаў адным з вядучых спецыялістаў у гэтай галіне тэатральнай архітэктуры. Ён перабудаваў тэатральную залу ў Ценішаўскім вучылішчы, а таксама быў аўтарам праекта будынка Ліцейнага тэатра, адкрытага ў 1909 годзе. Сярод ягоных заказчыкаў былі фігуры, звязаныя з мастацкім аб’яднаннем «Мир искусства», рускімі сімвалістамі і тэатрамі Веры Камісаржэўскай. Катовіч таксама актыўна ўдзельнічаў у стварэнні будынкаў для тэатраў-кабарэ і мініяцюр: «Сіняя Птушка», «Парызіяна», «Неў-Стар», «Крывае люстэрка» ды іншыя. У 1913 годзе ён спраектаваў першы ў Санкт-Пецярбургу спецыялізаваны кінатэатр «Пікадылі», які быў узведзены спецыяльна для паказу фільмаў і вылучалася раскошай інтэр’ера і сучаснасцю тэхнічнага абсталявання.
У 1904 годзе Катовіч ажаніўся з Марыяй Іванаўнай Гноевай. У 1908 годзе ў іх нарадзіўся сын Мікалай. Неўзабаве архітэктар пабудаваў уласны прыбытковы дом на Кабінецкай вуліцы ў Пецярбургу, дзе і пасяліўся з сям’ёй. Для адпачынку Катовічы выкарыстоўвалі дачу ў пасёлку Вырыца блізу Гатчыны, які з 1904 года інтэнсіўна развіваўся як летні курорт дзякуючы пракладзенай чыгунцы. Суседзямі Катовіча былі багатыя пецярбургскія прамыслоўцы, якія сталі заказчыкамі архітэктара. Так для лесапрамыслоўца А. Х. Яфрэмава ён пабудаваў у Вырыцы лесапілку, а ў Пецярбургу чатыры сяміпавярховых даходных дома. Дарэчы, сын Яфрэмава Ваня пасля стаў вядомым пісьменнікам-фантастам. Па замове банкіра М. Я. Бумагина пабудаваў мост праз раку Оредеж, які да гэтага часу называюць Бумагиным[3]. У 1908 годзе па яго праекце, на грошы мясцовага насельніцтва ў пасёлку пры станцыі быў пабудаваны храм у імя святых апосталаў Пятра і Павла у памяць аб цудоўным выратаванні царскай сям’і падчас крушэння цягніка ў Борках (1888). Новы храм быў пабудаваны ў «старамаскоўскім стылі» і ўяўляў сабой драўляны крыжападобны ў плане будынак на высокім падмурку з валуноў, з прасторнай двухсветнай царкоўнай залай, якая змяшчала да 1500 чалавек, шатровым купалам і высокай званіцай. У суседнім пасёлку пры станцыі Карташеўская архітэктар пабудаваў падобную драўляную Петрапаўлаўскую царкву. Яна была асвечана 21 ліпеня 1913 года ў памяць 300-годдзя валадарства дома Раманавых[4][5].
Паралельна з творчай дзейнасцю Мікалай Катовіч актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці. Ён быў членам і кіраўніком шматлікіх арганізацый: крэдытных, страхавых, пажарных, школьных і прамысловых таварыстваў. У 1917 годзе некаторы час з’яўляўся гласным Петраградскай гарадской думы.
Асобнае месца ў жыцці Катовіча займала захапленне аўтамабілямі. Ён быў актыўным членам Санкт-Пецярбургскага аўтамабільнага клуба, а ў 1910-я гады нават займаў пасаду намесніка яго старшыні. Архітэктар удзельнічаў у аўтагонках, у тым ліку на Валхонскай шашы ў 1912 годзе, дзе перамог у сваёй катэгорыі на аўтамабілі Ford.
Мікалай Катовіч стаў аўтарам архітэктурнага праекта аэрадромнага комплексу на Каменданцкім полі ў Санкт-Пецярбургу. Праект быў выкананы па заказе Імператарскага Усерасійскага аэраклуба — першай афіцыйнай авіяцыйнай арганізацыі Расійскай імперыі. Катовіч спраектаваў і арганізаваў будаўніцтва аэрадрома з ангарамі, жылымі і гаспадарчымі пабудовамі.
У Савецкай Расіі
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Мікалай Катовіч не прыняў савецкую ўладу. У сваёй аўтабіяграфіі ён сведчыў, што чатыры разы быў арыштаваны бальшавікамі і доўгі час правёў пад вартай.
Дзякуючы сяброўству з аднакласнікам па Інстытуце грамадзянскіх інжынераў Канстанцінам Аляшкевічам, вядучым архітэктарам Казані, Катовіч пераехаў туды для працы заснаваным у 1919 годзе Казанскім політэхнічным інстытуце. Аляшкевіч узначальваў архітэктурна-будаўнічы факультэт, а Мікалай Катовіч з 1 студзеня па 16 лістапада 1921 года выкладаў курсы па металічных і жалезабетонных канструкцыях.
У гэты перыяд Катовіч таксама праводзіў рэканструкцыю шэрагу прамысловых аб’ектаў у Казані і яе ваколіцах: мылаварнага завода Альмеццева, суконнай фабрыкі Асланова і шклянога завода Бондарава.
У міжваеннай Польшчы

У 1922 годзе, дзякуючы ўмовам Рыжскага мірнага дагавора, Мікалай Катовіч з сям’ёй выехаў у Польшчу і пасяліўся ў Пінску. Выбар Пінска быў, верагодна, звязаны з тым, што побач, у маёнтку Чабаеўка, жыў ягоны дзядзька, святар Васіль Катовіч, які, без сумневу, дапамог сям’і на пачатковым этапе адаптацыі. У Пінску Катовіч купіў двухпавярховы асабняк па вуліцы Набярэжнай, 88, які знаходзіўся ў паркавай зоне на беразе ракі Піны.
З 10 чэрвеня 1922 года Мікалай Катовіч узначаліў уласнае будаўнічае і землеўпарадкавальнае бюро, дзе працягнуў архітэктурную і інжынерную дзейнасць на поўную моц. Яго работа была надзвычай актуальнай у сувязі з правядзеннем аграрнай рэформы ў Польшчы, якая прадугледжвала падзел зямлі ў былых дваранскіх маёнтках. Ён асабіста займаўся парцэляцыяй зямлі ў дзясятках такіх маёнткаў у Пінскім і Драгічынскім паветах. Як архітэктар ён зрабіў значны ўклад у гарадское развіццё Пінска. Сярод спраектаваных і пабудаваных ім будынкаў — да сёння добра захаваныя і адметныя для гарадскога асяроддзя: бальніца доктара Яўсеенкі; гатэль М. Шміта; вытворчыя карпусы запалкавай фабрыкі і іншыя[6].
Руская эміграцыя
Мікалай Катовіч быў не толькі архітэктарам, але і ўплывовай асобай у рускай эмігранцкай супольнасці Палесся. Карыстаючыся аўтарытэтам сярод мясцовага рускага насельніцтва, ён узначаліў пінскі аддзел Рускага дабрачыннага таварыства і ўзначаліў пінскую секцыю баявой манархічнай арганізацыі генерала Куцепава. Ён падтрымліваў сувязь з манархічнымі структурамі ў эміграцыі, у тым ліку з вялікім князем Мікалаем Мікалаевічам, генераламі Пятром Урангелем і Аляксандрам Куцепавым[7].
Пасля пажару ў цэнтры Пінска ў жніўні 1921 года, які значна пашкодзіў гарадскую забудову, адміністрацыйны цэнтр Палескага ваяводства быў перанесены ў Брэст. Аднак Пінск працягваў заставацца важным культурным і рэлігійным цэнтрам рускай эміграцыі, асабліва дзякуючы дзейнасці Пінскай праваслаўнай епархіі, якую ўзначальваў епіскап Аляксандр (Іназемцаў).
На фоне антысавецкіх настрояў у рэгіёне, звязаных з дзеяннямі арміі Булак-Балаховіча і арганізацыі «Зялёны дуб», Пінск стаў месцам канцэнтрацыі белагвардзейскіх афіцэраў, салдат і грамадзянскіх бежанцаў. У гэтым асяроддзі Катовіч актыўна ўдзельнічаў у культурным і палітычным жыцці, падтрымліваючы рускую ідэнтычнасць праз адукацыю, друк, грамадскую працу[8].
У 1924—1925 гадах Катовіч быў уцягнуты ў падпольную дзейнасць Рускага агульнавайсковага саюза (РОВС) і арганізацыі «Брацтва Рускай Праўды». У 1927 годзе, пасля скарачэння актыўнасці падпольнага манархічнага руху, Катовіч працягваў палітычную дзейнасць у рамках створанага ў Польшчы Рускага нацыянальнага аб’яднання (РНА), дзе ўзначальваў манархічнае крыло ў Пінску і адыграў важную ролю ў выбарчай кампаніі 1928 года.
Пераезд у Брэст
У 1926 годзе Нікалай Катовіч сапсаваў адносіны з пінскімі гарадскімі ўладамі. Падставай стаў скандал, выкліканы тым, што магістрат выкарыстаў без яго дазволу праект надбудовы дома нейкай пані Брэгман. 1 красавіка ён прыйшоў у магістрат, дзе паводзіў сябе эмацыйна і абвінаваціў гарадскую ўладу ў «падлогу» і «падмане». 2 красавіка Катовіч даслаў заяву на імя прэзідэнта Пінска з рэзкай крытыкай. Магістрат падаў на яго скаргу ў акруговы суд па артыкуле 154 Крымінальнага кодэкса Польшчы за абразу ўлады. Дзякуючы добрым адвакатам, Катовіч пазбег зняволення, але вымушаны быў пакінуць Пінск і пераехаць на сталае месца жыхарства ў Брэст.
Пераехаўшы ў Брэст, Катовіч працягнуў палітычную актыўнасць. Спачатку ўзначаліў мясцовае аддзяленне баявой манархічнай арганізацыі генерала Куцепава, але быў зняты з пасады праз абвінавачванне ў знікненні 300 долараў. Пасля гэтага цалкам пераключыўся на працу ў Брацтве Рускай Праўды, дзе, верагодна, быў задзейнічаны ў выдавецкай дзейнасці як рэдактар ці аўтар. Адначасова быў актыўным удзельнікам Рускага нацыянальнага аб’яднання (РНА) ў Брэсце, дзе займаў пасаду казначэя. Катовіч меў цесныя сувязі з дэпутатам сейма Паўлам Каралём (1890—1940?) — сваім старым сябрам.
24 сакавіка 1928 года Катовіч падаў дакументы на конкурс на пасаду гарадскога архітэктара Брэста. Ён перамог у конкурсе і быў прызначаны на пасаду 3 красавіка 1928 года. Аднак ужо летам прайшоў лячэнне ў варшаўскай універсітэцкай клініцы, і 31 студзеня 1929 года быў вымушаны звольніцца па стане здароўя.
Фінансавае становішча Катовіча пагоршылася: ён не змог пагасіць крэдыт у 5000 злотых, і яго маёмасць была апісана. У жніўні 1929 года ён заключыў кантракт на кіраўніцтва будоўляй з фірмай «Юзаф Яблонскі і Ко», а ў красавіку 1930 года разам з Львом Кацам заснаваў будаўнічае прадпрыемства «Катовіч і Кац», якое хутка абанкруцілася.
З-за праблем са здароўем Катовіч збудаваў у Брэсце адносна мала: будынак яўрэйскага банка, рускую гімназію, пачатковую школу ў Кобрыне, некалькі прыватных дамоў, а таксама перабудаваў дом Абрама Скарбніка, у якім пасяліўся з сям’ёй.
8 мая 1934 года Нікалай Іванавіч Катовіч памёр у Брэсце. Пахаваны на Трышынскіх праваслаўных могілках, але магіла не захавалася[9].
Remove ads
Творчасць
Да пераезду ў Польшчу за 29 гадоў прафесійнай дзейнасці пабудаваў звыш 200 аб’ектаў у Пецярбургу, іншых гарадах і правінцыі: шматпавярховыя дамы, тэатры, цэрквы, фабрыкі, склады, гандлёвыя прадпрыемствы. Актыўна займаўся землеўпарадкавальнымі і геадэзічнымі працамі, праектаваў паселішчы, вілы, дачы, лесапільні і інш[10].
Найважнейшыя пабудовы пасля 1922 года
Пінск
- Хірургічная бальніца Д. Яўсеенкі (3 паверхі), вул. Ганчарская, 64
- Гасцініца М. Шміта (3 паверхі), вул. Касцюшкі, 1
- Жылы дом Н. Наймана (3 паверхі), вул. Касцюшкі, 36
- Жылы дом Е. Айзенштадта (2 паверхі), вул. Касцюшкі
- Жылы дом В. Медніка (2 паверхі), вул. Касцюшкі
- Жылы дом Л. Басевіча (1 паверх), вул. Касцюшкі
- Жылы дом Фішко (3 паверхі), плошча 3-га Мая
- Будынак таварыства «Піна» (2 паверхі)
- Жылы дом А. Грушэўскага (2 паверхі), вул. Школьная
- Жылы дом Любжынскай (1 паверх), вул. Завальная
- Гімназія «Тарбут» (2 паверхі)
- Натарыяльны дом Л. Гадлеўскага (1 паверх), вул. Мяшчанская
- Перабудова хораў праваслаўнага сабора, вул. Дамініканская
- Адбудова запалкавай фабрыкі Гальперна пасля пажару
- Рэканструкцыя фанернай фабрыкі братоў Лур’е
- Будаўніцтва фанернай фабрыкі Канапацкіх
- Рэканструкцыя і будаўніцтва гарбарнай фабрыкі Вайнберга
У іншых мясцовасцях
- Мураваная царква ў с. Нобель Пінскага павета
- Мураваная царква ў м. Любяшоў Камень-Кашырскага павета
- Драўляная царква ў с. Бухлічы Столінскага павета
- Драўляная царква ў с. Дзяравок Камень-Кашырскага павета
- Драўляная царква ў с. Бучын Камень-Кашырскага павета
- Вялікая сінагога ў с. Лахва Столінскага павета
- Лесапілкі Пупко, Махнеса, Яра (Тура), Любашэўскага (усе ў Пінску), Баброва і Цыперштэйна (Пагост-Загародскі), Good Exchange (Парахонск), Пісецкага (Лоўча), Астрахана (Жолкін), К. Орды (Ляхавічы), доктара Лукаса (Альшанка), Б. Крыгера (Бастынь), пана Выждзжынага (Юхнавічы), Пяркоўскага (Сварацэвічы), акцыянернага таварыства «Баранава» (Дзераўная, Столінскі павет), Валянскага (станцыя Гарынь), фірмы «Будулес» (станцыя Гарадзішча)
- Млыны А. Кунда і Фельдмана ў Пінску.
Remove ads
Сям’я
Яго жонка Марыя Катовіч памерла 17 снежня 1935 года. Сын, Мікалай Мікалаевіч Катовіч (1908—1945), стаў геолагам, вучыўся ў Варшаўскім політэхнічным інстытуце, удзельнік Супраціўлення, казнёны немцамі.
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads