Міколка (урочышча)
мясціна ў Мінску, за 250 м на поўнач ад замчышча From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Урочышча Міколка або Мікольскае царкавішча — мясціна за 250 метраў на поўнач ад Менскага замка, сярод пазнейшых Татарскіх агародаў, на левым беразе аднаго з рукавоў Нямігі.
Ужо да 1510 года тут была царква св. Мікалая і Мікольскі манастыр пры ёй[1] — адна з менскіх рэзідэнцый кіеўскіх мітрапалітаў.
У пачатку XVII ст. мітрапаліта Іосіфа Руцкага апаненты вінавацілі за будоўлю цэркваў у Менску на татарскіх землях, быццам, там, дзе да гэтага была мячэць. Імаверна, мелася на ўвазе нейкая рэканструкцыя Мікольскай і, магчыма, Пятніцкай цэркваў, якія тым часам размяшчаліся ўжо на Татарскім канцы.
Імаверна, царква і манастыр цалкам знішчаны або значна пацярпелі падчас вайны 1654—1667 гадоў. У 1682 годзе мітрапаліт Цыпрыян Жахоўскі за ўласны кошт пачаў адбудову: «Szosta cerkiew Swiętego Mikołaia w iurzdyce jego mości xiędza metropolity, kturey po inkursii moskiewskiey do tych czas nie było. Teraz w roku 1682 poczęto budowac», -- але па смерці мітрапаліта ў 1693 годзе працы спынілася.
Нягледзячы на зруйнаванне царкоўны і манастырскія пляцы час ад часу згадваліся як арыенціры пры апісанні іншых уладанняў у гэтай частцы Менска. Станам на 1748 год там размяшчалася адна з мітрапаліцкіх юрыдык у Менску, апісаная наступным чынам: «Juryzdyka w Tatarskim Koncu cerkiewiszcza Mikulskiego. Placów 11. || Tamże sianożęć, za ktorą juryzdyczanie trojeccy płacą», — на гэтых 11 пляцах тым часам жыло ў тым ліку некалькі татар.
Станам на 1780 год, ад царквы і манастыра заставаўся толькі цвінтар, дзе паставілі памятны крыж, а большай часткай пляцу выкарыстоўвалася як сенажаць. Царкоўныя мікалаеўскія грунты пазабіраны Петрапаўлаўскім праваслаўным манастыром.
У 1946 годзе ва ўрочышчы Міколка праведзены археалагічныя раскопкі пад кіраўніцтвам Васіля Тарасенкі. Даследаваны тры невялікія курганы з пахавальным абрадам трупапалажэння без рэчаў, пад насыпамі і каля іх выяўлены культурны пласт XII—XIII стагоддзяў магутнасцю больш за 1 метр. Знойдзены рэшткі зямлянкі, шмат глінянага посуду, жалезны ключ. Побач адкапана печ для абпальвання глінянага посуду з 900 чарапкамі гаршкоў розных форм і памераў. Вызначана, што ў XII — пачатку XIII стагоддзя тут размяшчаўся адзін са старажытных пасадаў горада, пазней на яго месцы ўзніклі могілкі. Гэта частка горада называлася Пятніцкім канцом ад Пятніцкай царквы, была тут і Пятніцкая вуліца. У веснавыя паводкі гэтая нізкая мясціна затаплялася, таму жыхары перасяляліся далей ад Свіслачы, дзе пазней узнікла Татарская слабада. Пакінутыя ўчасткі забалочваліся, пазней іх сталі засяваць.[2]
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads