Свята-Ушэсцеўская царква (Мілаславічы)
праваслаўны храм у аг. Мілаславічы Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Свята-Ушэсцеўская царква[1] — праваслаўны храм у аграгарадку Мілаславічах Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Размяшчаецца ў цэнтры вёскі, на плошчы.
Remove ads
Гісторыя
Драўляная ўніяцкая царква ў Мілаславічах, вядомая з 1737 года, і пазней пераробленая ў праваслаўную, згарэла ў пажары 1884 года[2]. У тым жа годзе дзяржава вылучыла грошы на пабудову цаглянага храма, асвячонага ў 1887 годзе ў гонар Узнясення Гасподняга[3].
Першым святаром царквы быў айцец Іаан Ліяранцэвіч. Пры ім у храме захоўваўся абраз Хрыста Збавіцеля, падараваны імператарам Аляксандрам III. Гэты абраз асабліва шанаваўся прыхаджанамі, аднак быў страчаны ў савецкія часы, і пра яго існаванне вядома толькі з архіўных дакументаў[4].
У 1898 годзе епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Місаіл наведаў прыход, па выніках чаго надрукаваў свае ўражанні ў «Магілёўскіх епархіяльных ведамасцях»[5]:
![]() |
Храм, пабудаваны ў 1887 годзе на сродкі дзяржавы, каменны, двухпрастольны, добрапрыстойны звонку, а ўнутры — бруднаваты, з каменнай званіцай і агароджай. Начынне і рызніца дастатковыя; бібліятэка невялікая, у ёй усяго 40 асобнікаў кніг. Хор пеўчых добры, ёсць і агульныя царкоўныя спевы. Царкоўнай сумы 1900 руб. 95 кап. Царкоўнапрыходскае папячыцельства адкрыта ў 1883 годзе, але пра яго дзеянні нічога не вядома. Прыхаджан 4494 душы абодвух палоў; яны пражываюць у 22 вёсках, якія аддалены ад сяла ў 2, 4, 7, 8, 10, 11 і 12 вёрстах. Прычт з 3-х чалавек — святара і двух псаломшчыкаў з гадавым дараваннем у 788 рублёў на траіх. Зямлі пры царкве сенакоснай, ворнай, пад ліставымі лясамі і зараснікамі 84 дзесяціны; пад балотамі, рэчкамі і нязручнай зямлі — 45 дзесяцін. Святар і дыякан-псаломшчык маюць уласныя дамы для жылля, іншы псаломшчык жыве на кватэры, якую наймае на свае сродкі.
У сяле ёсць народнае вучылішча, у 1885 годзе адкрыта тут царкоўнапрыходскае двухкласнае вучылішча з аддзяленнямі ў вёсках, а ў 1889 г. адкрыты тры школы для дзяўчынак. Звыш гэтага ў вёсках гэтага прыходу маецца 11 школ граматы. У 10 школах навучаліся 279 хлопчыкаў і 9 дзяўчынак. Колькі навучалася ў 11-й школе, не пазначана ў ведамасці. Ёсць яшчэ асобная жаночая школа ў в. Старым Стане, дзе навучаліся 12 дзяўчынак. Прычт добранадзейны. Мясцовы святар і благачынны Л. вельмі распарадчы і выканаўчы. Дакументы царкоўныя ў парадку. Там маецца благачынная бібліятэка, у якой 59 асобнікаў кніг толькі. |
![]() |

У пачатку XX стагоддзя ў храме служыў айцец Міхаіл Арлоў. Па прыходзе савецкай улады, у 1934 годзе, царква была разрабавана і зачынена.
Будынак значна пацярпеў у часы Другой сусветнай вайны, калі ў Мілаславічах ішлі баі паміж савецкімі і нямецкімі войскамі. Нацысты ператварылі званіцу царквы ў агнявую кропку, размясціўшы на ёй кулямёты. Будынак абстрэльвалі, і ў выніку вежа была разбурана, а сцены моцна пашкоджаны[4].
Тым не менш, у гады вайны прыхаджане адрамантавалі царкву і працягнулі набажэнствы. Па вяртанні Чырвонай арміі царкоўны прыход на чале са святаром Рыгорам Дашурай ахвяраваў у фонд Перамогі 4000 рублёў і тканіну[4].
Пасля вайны, у пачатку 1960-х гадоў, будынак зноў адабралі ў вернікаў і ўладкавалі ў ім склад калгаса «Мілаславіцкі».
У 1990-я гады пачалося аднаўленне храма. Грошы на рэканструкцыю ахвяраваў нямецкі пратэстант Адам Троер. Новы іканастас быў выкананы ў Мазыры, а абразы прывезены з Украіны. 23 мая 2004 года адбылося асвячэнне царквы ў гонар Ушэсця Гасподняга[6]. Настаяцель храма — іерэй Мікалай Вячорка[1].
Remove ads
Архітэктура

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Кананічную чатырохчасткавую кампазіцыю фарміруюць прытвор, трапезная, малітоўная зала, пяцігранная апсіда. Бакавыя гранёныя рызніцы прылягаюць да бакавых прыбудоў. Над сяродкрыжжам надбудаваны светлавы барабан-чацвярык. Бабінец і прытвор з боку галоўнага ўвахода размешчаны на падоўжанай восі. Усе часткі будынка накрыты пакатымі дахамі. Галоўны ўваход аформлены ганкам-рундуком, бакавыя — прамавугольнымі парталамі з фігурнымі трохпялёсткавымі франтонамі. Вокны з паўцыркульнымі завяршэннямі, на светлавым чацверыку — трохчасткавыя. Асноўны дэкаратыўны матыў фасадаў — абрамленне акон у выглядзе трохпялёсткавых арачак. Аб’ёмы апяразаны прафіляванымі карнізамі.
У інтэр’еры ўсе дапаможныя памяшканні адкрываюцца ў цэнтральную двухсветлавую прастору арачнымі праёмамі. Арыгінальная аздоба інтэр’ераў не захавалася.
Remove ads
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads