Стрататып
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Стрататы́п[1] — пэўным разрэз (адзіны або складовы[2]) адкладаў стратыграфічнага падраздзялення (стратона), указаны і апісаны ў якасці эталоннага. Дазваляе вызначыць аб’ём, межы, літалагічныя і палеанталагічныя характарыстыкі падраздзялення[3].
Адрозніваюць наступныя стрататыпы:
- галастрататып (першасны стрататып) — устанаўліваецца аўтарам стратыграфічнага падраздзялення адначасова з устанаўленнем самога падраздзялення;
- лектастрататып (абраны стрататып) — выбіраецца ў тых выпадках, калі першасны стрататып не быў паказаны аўтарам падраздзялення;
- неастрататып (новы стрататып) — выбіраецца, калі першасны стрататып з якіх-небудзь прычын стаў недаступным для параўнання і вывучэння (напрыклад, у сувязі са знішчэннем агаленняў, затапленнем)[2].
Складовым стрататыпам называецца сукупнасць разрэзаў, размешчаных у рамках стрататыповай мясцовасці, якія складаюць разам поўны тыповы разрэз пэўнага стратона. Яго варыянтам з’яўляецца арэальны стрататып — сукупнасць разрэзаў, якія размешчаны ў рамках стрататыповай мясцовасці і забяспечваюць вызначэнне ўзроставай паслядоўнасці слаёў і межаў дадзенага падраздзялення як стратыграфічнымі, так і геамарфалагічнымі метадамі. Гіпастрататып (другасны, дадатковы стрататып) — дадаткова абраны разрэз, які валодае больш выразнымі, у параўнанні з галастрататыпам, асаблівасцямі (больш даступны і лепш ахарактарызаваны). Парастрататып — разрэз, які быў выкарыстаны аўтарам пры першапачатковым вызначэнні галастрататыпа з мэтай дапаўнення яго характарыстыкі. Стрататып стратыграфічнай мяжы (лімітатып) — абраны ў якасці эталоннага разрэз, у якім фіксуецца становішча ніжняй мяжы стратона.
Кожнае стратыграфічнае падраздзяленне можа мець толькі адзін стрататып. У Міжнароднай стратыграфічнай шкале ўсе падраздзяленні павінны мець стрататып мяжы ў форме «глабальнага стратратапічнага разрэзу і кропкі» (GSSP), калі ў разрэзе паказана канкрэтнае месца ніжняй мяжы падраздзялення (так званы «залаты цвік»)[3]. Апублікаванне апісання стрататыпа — абавязковая ўмова валіднасці большасці катэгорый стратыграфічных падраздзяленняў[3].
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads