Цэркаспароз буракоў
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Цэркаспароз буракоў[1] — грыбковае захворванне раслін, якое сустракаецца толькі на бураках, выклікаецца відам цэркаспора бураковая (Cercospora beticola), які адносіцца да аскаміцэтаў[2]. Лічыцца адной з самых небяспечных хвароб цукровых буракоў[3].




Апісанне
Хвароба пашкоджвае звычайна лісце расліны, на насенніках развіваецца на чаранках, сцяблах, клубочках[1].
Сімптомы
Першыя сімптомы ў выглядзе круглых, глыбокіх і двухколерных плям дыяметрам 3-5 мм з’яўляюцца на самым старым лісці, часцей за ўсё ў сярэдзіне вегетацыйнага перыяду. Спачатку цэнтр плямы белы, а затым становіцца шэрым. Абадок плям чырвоны або шэра-буры. Моцна заражаныя фрагменты і нават цэлыя лісты жоўкнуць і сохнуць, калі заражана прыкладна 50 % іх паверхні. Калі старое лісце заражаецца і сохне, у буракоў з’яўляецца новае лісце, што прыводзіць да таго, што каранёвая галоўка буракоў пашыраецца канічна. Захворванне часцей за ўсё пачынаецца ў пачатку ліпеня[4], яму спрыяе высокая вільготнасць і тэмпература паветра вышэй за 15 °C[5].
Падобныя сімптомы выклікае і іншае, таксама грыбковае, захворванне — фамоз буракоў[6].
Remove ads
Этыялогія
У мякаці лісця буракоў развіваецца міцэлій грыба віду Cercospora beticola. Там ён утварае скапленні канідыяльных стрыжняў, на якіх размешчаны бурыя, вузкія і мнагаклетачныя канідыі. Яны распаўсюджваюцца ветрам і вадой і з’яўляюцца крыніцай першаснай інфекцыі. Зімуе грыб у падвусцейкавых камерах, а таксама ў праростках і насенні. Пасля зімоўкі пашкоджвае лісце буракоў, часцей за ўсё праз вусцейкі. Цыкл развіцця гэтага ўзбуджальніка доўжыцца 3-4 тыдні[7].
Шкоднасць
Заражэнне відам Cercospora beticola выклікае падаўжэнне галоўкі караняплода буракоў, што абцяжарвае ўборку[8] і зніжае масу караняплода да 50 % і колькасць бураковага цукру на 2-3 %[9]. Парог эканамічнай шкоднасці[5]:
- да 5 жніўня — 5 % заражаных раслін,
- 5-15 жніўня — 15 % заражаных раслін,
- пасля 15 жніўня да першай дэкады верасня — 45 % заражаных раслін.
Remove ads
Меры барацьбы
Барацьба з гэтай хваробай прадугледжвае заворванне пажніўных рэшткаў, скормліванне жывёлам заражанага лісця, хімічную апрацоўку насення, спыненне вырошчвання буракоў на адным полі на некалькі гадоў і апырскванне фунгіцыдамі[6]. Выкарыстоўваюць фунгіцыды, якія змяшчаюць злучэнні з групы трыязолаў, бензімідазолаў, страбілурынаў і дытыякарбаматаў. У арганічным земляробстве варта выкарыстоўваць прэпараты, якія змяшчаюць злучэнні медзі[7]. Першыя апрацоўкі фунгіцыдамі звычайна варта праводзіць з сярэдзіны ліпеня да пачатку жніўня, калі на асобных раслінах бачная інфекцыя лісця. Важна таксама вырошчванне ўстойлівых сартоў[5]. Устойлівыя сарты ствараюцца метадам адбору з вялікай папуляцыі разам з іншымі метадамі селекцыі, напрыклад, інбрыдынгам[10] .
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads