Касцёл Святога Сымона і Святой Алены
Касцё́л Свято́га Сымо́на і Свято́й Але́ны — каталіцкі парафіяльны касцёл у неараманскім стылі ў Мінску, пабудаваны ў 1905—1910 гг. на грошы Эдварда Адамавіча Вайніловіча (1847—1928), вядомага гаспадарчага і палітычнага дзеяча Расійскай імперыі і Беларусі, віцэ-старшыні Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, у памяць аб яго заўчасна памерлых дзецях — Сямёну (Сымону) і Алене Вайніловічах. Касцёл знаходзіцца на плошчы Незалежнасці ў непасрэднай блізкасці ад Дома ўрада і з’яўляецца адным з сімвалаў Мінска. Ён атрымаў у народзе неафіцыйную назву «Чырвоны касцёл» з-за колеру дахоўкі і цэглы, з якой быў пабудаваны, і з’яўляецца вялікай святыняй, помнікам культуры і гісторыі, які абараняецца законам Рэспублікі Беларусь. Пры касцёле пахаваны сам фундатар Эдвард Адамавіч Вайніловіч.



