Ізяславічы Полацкія
княжацкі род, галіна Рурыкавічаў / From Wikipedia, the free encyclopedia
Ізяславічы Полацкія, Рагвалодавічы, крыўскія князі — дынастыя князёў Полацкай зямлі, нашчадкаў Ізяслава Уладзіміравіча, асобная група ў складзе роду Рурыкавічаў.
Ёсць думка, што на Русі было дзве скандынаўскія дынастыі — Рурыкавічы і Рагвалодавічы[1][2][3], пры тым, што па мячы пазнейшыя Рагвалодавічы толькі галіна Рурыкавічаў. Паводле Адольфа Стэндэр-Пэтэрсана, на Русі было дзве скандынаўска-славянскіх дзяржавы — Наўгародска-Кіеўская і Полацкая, ён спасылаецца на сведчанне Аповесці мінулых часоў пра княжанне Рагвалода ў Полацку і яго скандынаўскае імя. Паводле Амяльяна Прыцака, полацкая дынастыя была адзінай са старажытных скандынаўскіх дынастый, якая здолела захавацца ў барацьбе з Рурыкавічамі[4].
Адасабленне Рагвалодавічаў (Ізяславічаў Полацкіх) сярод Рурыкавічаў абумоўлена іх паходжаннем па кудзелі і нормамі старажытнаскандынаўскага звычаёвага права. Ужо кіеўскі князь Яраслаў Уладзіміравіч, дзелячы ў тастаменце Кіеўскую дзяржаву (Русь) паміж сынамі, не згадвае Полацка і тагачаснага полацкага князя Усяслава Брачыславіча. Таксама і князь Усяслаў не прымае ўдзелу ў з’ездзе Рурыкавічаў у Любечы (1097). У пачатку XII стагоддзя летапіс вылучае сярод Рурыкавічаў «Рагваложых унукаў» і «Яраслававых унукаў» як варожыя групоўкі ледзь не з часоў кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча[5]. Разам з тым летапіс называе полацкіх князёў «крыўскімі».