Рэферэндар вялікі літоўскі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Рэферэндары вялікія літоўскія (лац.: referendarius) — ураднікі ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай.
Штодзённа ў каралеўскім палацы, ад раніцы пасля імшы і да абеду, а пасля абеду да вячэры выслухоўвалі скаргі прыватных асоб і паведамлялі іх змест (перакладалі) канцлеру (а той даводзіў іх да караля і вялікага князя), паведамлялі пастановы манарха на пададзеныя просьбы і скаргі. Несупынна знаходзіліся пры каралю, давалі яму парады.
У Польшчы ўрады свецкага і духоўнага рэферэндара ўведзены ў 1507 годзе, у Вялікім Княстве Літоўскім вядомы адпаведна з 1539 і 1575 гадоў. У 1633 годзе духоўны рэфэрэндар атрымаў права ўдзельнічаць ў паседжаннях Сената з правам дарадчага голасу. У 1635 годзе ўраўнаваны ў правах з каронным духоўным рэферэндарам, засядаў у каралеўскім рэляцыйным судзе, дзе разглядаліся інфлянцкія і курляндскія справы.
У гэты час у ВКЛ заснаваны рэфэрэндарскі суд (ажыццяўляўся духоўным рэферэндарам аднаасобна) як найвышэйшы даменіяльны суд караля. Разглядаў скаргі сялян каралеўскіх уладанняў (каралеўшчын) ВКЛ на старостаў і дзяржаўцаў. Найвышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй для рэферэндарскага суда быў задворны асэсарскі (каралеўскі) суд.
У 1540—1570-я гады ўрад рэферэндара існаваў і ў Падляшскім ваяводстве.