Анатомія
галіна біялёгіі і мэдыцыны, якая вывучае будову жывых арганізмаў / From Wikipedia, the free encyclopedia
Анато́мія — зборная група разьдзелаў біялёгіі, вывучаючых структуру арганізмаў ці іх частак на ўзроўні вышэй за вузавы. Для філягенэтычна блізкіх відаў арганізмаў прадэманстравана падабенства на ўзроўні анатамічнай пабудовы. Анатомія як навука вывучае ня толькі зьнешнюю будову арганізма ў цэлым, але і нутраную форму і структуру органаў, якія ўваходзяць у ягоны склад. Сучасная анатомія з дапамогай мікраскапіі зрэзаў анатамічных прэпаратаў ўдолела рассунуць гарызонты пазнаньня і вылучыць яшчэ адзін аспэкт марфалягічнай навукі — мікраскапічную анатомію. Мікраскапічная анатомія зьяўляецца часткай анатоміі, якая вывучае структуры на мікраскапічным узроўні, уключаючы ў сабе гісталёгію (дасьледаваньне тканкаў) і цыталёгію (вывучэньне вузаў).
Анатомія непарыўна зьвязана з разьвіцьцём біялёгіі, эмбрыялёгіі, параўнальнай анатоміі, эвалюцыйнай біялёгіі і філягеніі[1], паколькі яны зьяўляюцца навукамі з дапамогай якіх анатомія акамулюе новыя веды. Анатомія і фізыялёгія, то бок дасьледаваньне структуры і функцыі арганізмаў і іхных частак, натуральна разам ствараюць пару сумежных дысцыплінаў. Анатомія чалавека зьяўляецца адной з асноўных фундамэнтальных навук, на якую абапіраецца практычная мэдыцына[2].
Гісторыя анатоміі характарызуецца сталым разьвіцьцём ў разуменьні функцыяў органаў і структураў арганізма чалавека. Ейныя мэтады таксама значна палепшыліся, прасунуўшыся ад разгляду жывёлаў праз выкрыцьцё чалавечых мярцвякоў да мэтадаў XX стагодзьдзя, уключаючы выкарыстаньне рэнтгенаграфіі, ультрагуку і магнітна-рэзанансавай тамаграфіі.