Маньчжурская мова
мова Паўночна-Ўсходняга Кітаю / From Wikipedia, the free encyclopedia
Маньчжу́рская мова (саманазва: ᠮᠠᠨᠵᡠ ᡤᡳᠰᡠᠨ, трансьл. manǯu gisun) — мова тунгуса-маньчжурскае галіны алтайскае моўнае сям’і, на якой размаўляюць у паўночна-ўсходнім Кітаі (правінцыя Хэйлунцьзян). Першапачаткова — мова тунгуса-маньчжурскага народу маньчжураў, які дыспэрсна жыве на паўночным усходзе Кітаю. На цяперашні момант колькасьць маньчжураў складае прыкладна 10 млн чал., аднак на маньчжурскай мове размаўляе менш за 70 чалавек (без уліку носьбітаў сібінскае мовы, якая можа лічыцца дыялектам маньчжурскае мовы), што зьвязана з гістарычна працяглай і трывалай кітаізацыяй маньчжураў, пры якой яны захавалі нацыянальную ідэнтычнасьць, але страцілі мову. Дыялектам маньчжурскае мовы можа лічыцца сібінская мова, на якой размаўляе прыкладна 40 тыс. чал., аднак яе носьбіты жывуць у іншай частцы Кітаю (заходняя частка СУАР) і маюць этнічныя адрозьненьні ад маньчжураў[2].
Маньчжурская мова | |
ᠮᠠᠨᠵᡠ ᡤᡳᠰᡠᠨ | |
Ужываецца ў | Кітаі |
---|---|
Рэгіён | правінцыя Хэйлунцьзян |
Колькасьць карыстальнікаў |
|
Клясыфікацыя | Алтайская сям'я
|
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | — |
Дапаможная мова ў | — |
Статус: | 8б амаль вымерлая[d][1] |
Пісьмо | Manchu alphabet[d] і старамангольскае пісьмо |
Коды мовы | |
ISO 639-2(Б) | mnc |
ISO 639-2(Т) | mnc |
ISO 639-3 | mnc |
|
У марфалягічным дачыненьні адносіцца да аглютынацыйных моваў, з фанэтычнага пункту гледжаньня дэманструе абмежаваную гармонію галосных.
Паходзіць ад чжурчжэньскае мовы, якая фактычна зьяўляецца храналягічным этапам разьвіцьця маньчжурскае мовы (зьмена назвы зьвязаная з успрыняцьцем сярэднявечнымі чжурчжэнямі этноніму маньчжуры). Мае запазычаньні мангольскага ды кітайскага паходжаньня. Пісьмовасьць мовы запазычаная ад старамангольскай і запісваецца зьверху ўніз з разьмяшчэньнем вэртыкальных радкоў зьлева направа.
Маньчжурская мова ня мае катэгорыі роду ў адрозьненьне ад індаэўрапейскіх моваў (напрыклад, беларускай), аднак некаторыя словы з плоцевымі паказчыкамі адрозьніваюцца паводле адпаведнасьці галоснага a аднаго слова галоснаму e ў іншых словах: напрыклад, ama («бацька») — eme («маці»).