Паскаральнік зараджаных часціц
From Wikipedia, the free encyclopedia
Паскара́льнікі зара́джаных часці́ц — устаноўкі для атрымання зараджаных часціц (электронаў, пратонаў, атамных ядраў, іонаў і інш.) высокіх энергій (больш за 1 МэВ) за кошт іх паскарэння ў электрычным полі.
У аснову работы паскаральніка закладзена ўзаемадзеянне зараджаных часціц з электрычным і магнітным палямі. Электрычнае поле здольна напрамую здзяйсняць работу над часціцай, гэта значыць павялічваць яе энергію. Магнітнае ж поле, ствараючы сілу Лорэнца, толькі адхіляе часціцу, не змяняючы яе энергіі, і задае арбіту, па якой рухаюцца часціцы.
Выкарыстоўваюцца для навуковых мэт (нараджэння новых часціц, атрымання штучных нуклідаў, вывучэння ядзерных рэакцый, для доследаў у радыебіялогіі, хіміі, фізіцы цвёрдага цела і інш.), а таксама ў металургіі (для дэфектаскапіі), дрэваапрацоўчай прамысловасці (для хуткай высакаякаснай апрацоўкі вырабаў), харчовай прамысловасці (для стэрылізацыі прадуктаў), медыцыне (для прамянёвай тэрапіі, «бяскроўнай хірургіі»[ru] і інш.).