Джэсі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Джэсіка Хо (па-ангельску: Jessica Ho, па-карэйску: 호현주), больш вядомая як Джэсі (па-ангельску: Jessi; нар. 17 сьнежня 1988, Кўінз, Нью-Ёрк, ЗША) — амерыканская рэперка, сьпявачка, аўтар-кампазітар і эстрадная артыстка карэйскага паходжаньня. Яна таксама зьяўляецца колішняй удзельніцай гіп-гоп гуртаў Uptown і Lucky J. Зараз Джэсі знаходзіцца пад лэйблам вядомага паўднёвакарэйскага выканаўцы PSY P Nation.
Джэсі | |
па-ангельску: Jessi | |
Дата нараджэньня | 17 сьнежня 1988 |
---|---|
Месца нараджэньня | Нью-Ёрк, ЗША |
Грамадзянства | ЗША, Паўднёвая Карэя |
Прафэсія | сьпявачка, рэперка, аўтар-кампазітар, студыйны музыка, вядучая шоў |
Гады дзейнасьці | 2005—2009 2014—наш час |
Жанры | K-rap, гіп-гоп, R&B |
Інструмэнт | вакал |
Псэўданімы | Jessica H.O., Eun Bi |
Гурты | Uptown Lucky J Unnies Refund Sisters |
Лэйблы | Doremi YMC Entertainment P Nation |
Сайт | pnation.com/artists/3 |
Джэсі дэбютавала ў 2005 годзе ў Паўднёвай Карэі і ў 2006 часова была часткай гіп-гоп гурту Uptown. Пасьля некалькі гадоў перапынку Джэсі вярнулася ў індустрыю ў 2014 годзе як удзельніца гурту Lucky J і працягнула сольную кар’еру. На працягу некалькіх год Джэсі была сола-выканаўцам пад лэйблам YMC Entertainment, але ў 2019 перайшла ў кампанію P Nation і, стаўшы іх першай артысткай, працягвае выступаць у якасьці сола-сьпявачкі. Некаторыя з яе сінглаў сталі пасьпяховымі і занялі месцы ў Top 10 у чарце Gaon Digital Chart. Асабістую папулярнасьць набылі яе трэк «Nunu Nana» і сінгл «Don’t Touch Me», які Джэсі запісала ў якасьці ўдзельніцы гурту Refund Sisters.
Джэсі таксама часта зьяўляецца на розных тэлевізійных шоў. Удзел у шоў Unpretty Rapstar у 2015 годзе дапамог сьпявачке набыць папулярнасьць сярод карэйскіх гледачоў. Джэсі спадабалася аўдыторыі сваёй таленавітасьцю і незвычайным вобразам. Яна таксама выступала ў якасьці судзьдзі ў конкурсных шоў High School Rapper і Cap-teen, і была вядучай у сваім уласным ток-шоў на YouTube з SBS, Jessi’s Showterview. Джэсі адметная сваімі выступленьнямі ў праграмах з комікам Ю Чжэ Сокам, такімі як Running Man і Hangout with Yoo, а таксама нязьменным удзелам ў шоў Sixth Sense (па-беларуску: "Шостае пачуцьцё").