Старажытны Эгіпет
From Wikipedia, the free encyclopedia
Старажы́тны Эгі́пет або Старажы́тны Эґі́пет— антычная цывілізацыя на поўначы Афрыкі, якая разьмяшчалася ў нізоўях і дэльце Ніла на тэрыторыі сучаснага Эгіпту. Цывілізацыя паўстала ў 3150-х гадах да нашай эры[1] пасьля яднаньня Верхняга й Ніжняга Эгіпту пад уладай першага фараона й разьвівалася тры тысячагодзьдзі[2]. Лічыцца адной зь першых гэтак званых «рачных цывілізацыяў», якія адметныя моцнай дэспатычнай уладай, доўгім пэрыядам існаваньня. Назва краіны — «Эгіпет» паходзіць ад назвы старажытнай эгіпецкай сталіцы Хікупта (Хэт-Ка-Птах — «дом Ка Птаха»). Грэкі, перайначыўшы гэта слова, назвалі ўвесь Эгіпет словам «Айгюптас». З гэтага, у сваю чаргу, назва патрапіла ўва ўсе астатнія эўрапейскія мовы. Самі эгіпцяне называлі сваю краіну kmt (Кемэт) або Та-кемэт, што ў перакладзе азначае «чорны» або «чорная зямля», а дакладней — «чарназём», — у гонар урадлівай чорнай зямлі, якой славіўся Эгіпет ва ўсе часы.
Старажытны Эгіпет разьвіваўся ў ніжняй і сярэдняй плыні Ніла. У сувязі зь неабходнасьцю стварэньня ірыгацыйных сыстэмаў была вялікая патрэба ў арганізацыі кантролю. Гэта прывяло да зьяўленьня раньняй дзяржавы. Спачатку гэта былі невялікія ўтварэньні, царамі якіх выступалі жрацы. Неабходнасьць стварэньня ірыгацыйнай сыстэмы, а таксама аб’яднаньне даліны з дэльтаю патрабавала стварэньня адзінай цэнтралізаванай дзяржавы. У эпоху Новага царства ўлада фараонаў распасьціралася да чацьвёртага нільскага парога на поўдні й распаўсюджвалася на значныя тэрыторыі ва Ўсходнім Міжземнамор’і, а таксама на ўзьбярэжжы Чырвонага мора. Увесь Эгіпет падзяляўся на дзьве вялікія вобласьці: Верхні й Ніжні Эгіпет. А тыя, у сваю чаргу, мелі па некалькі дзясяткаў вобласьцей, якія грэкі назвалі номамі. Больш 90% тэрыторыі Эгіпта займае пустэльня, гэтак званая «Чырвоная зямля». Жыцьцё там была магчымая толькі ў аазах і ў далінах перасохлых рэк. Эканоміка Эгіпта засноўвалася на прадуктыўнай сельскай гаспадарцы ва ўрадлівай даліне Ніла. Эгіпет разьвіваў зносіны з цывілізацыямі Міжземнамор’я, а таксама з Нубіяй, зь якой Эгіпет атрымоўваў лес, золата, каштоўныя каменьні збольшага захопам.
Эгіпет дасягнуў вяршыні сваёй магутнасьці падчас Новага царства, пазьней Эгіпет супрацьстаяў Хецкай, Асырыйскай і Мітанійскай імпэрыям, пасьля чаго ён уступіў у пэрыяд павольнага заняпаду. Эгіпет у свой час быў захоплены хананэянамі, лібійцамі, нубійцамі, асырыйцамі, бабілянанамі, ахемэнідамі й македонскімі грэкамі ў Трэцім прамежкавы пэрыяд Эгіпту і позьні пэрыяд. У пэрыяд пасьля сьмерці Аляксандра Вялікага, Эгіптам пачаў кіраваць адзін зь ягоных генэралаў, Пталямэй Сатэр заснаваў грэцкую дынастыю фараонаў. Гэтая дынастыю кіравала краінай да 30 году да н. э., калі Эгіпет быў далучаны да Рымскай імпэрыі ў якасьці адное з правінцыяў[3]. Пераходныя пэрыяды, якіх было тры, азначаюць распад дзяржавы.