Інструкцыя па трансьлітарацыі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Інструкцыя па трансьлітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага альфабэту — мэтад запісу лацінскім пісьмом беларускіх геаграфічных назваў пры стварэньні мапаў і геаграфічных даведнікаў, прызначаных для міжнароднага выкарыстаньня, ухвалены пастановаю Дзяржаўнага камітэту па зямельных рэсурсах, геадэзіі й картаграфіі Рэспублікі Беларусь (№ 15 ад 23 лістапада 2000 году)[lower-alpha 1]. Стваралася на аснове традыцыйнае беларускае лацінкі, распрацаванае Браніславам Тарашкевічам[1]. На пэўным этапе цалкам супадала з клясычнай нацыянальнай лацінкай, аднак пазьней у інструкцыю патаемна ўнесьлі зьмены — без тлумачэньняў прычынаў зьмянілі перадачу мяккага l[2]. Увогуле жа, паводле сусьветнае практыкі, пры наяўнасьці ў пэўнай мове традыцыйнага лацінскага альфабэту ўсе ўласныя назвы (ня толькі геаграфічныя), якія належаць гэтае мове, мусяць нязьменна перадавацца ў лацінапісьмовай прасторы іншых моваў. Асобныя сыстэмы трасьлітарацыі ствараюцца толькі для тых моваў, якія гістарычна ня маюць лацінскага альфабэту[3].
- Ня варта блытаць зь Беларускай лацінкай.
Апошнюю вэрсію распрацаванае інструкцыі афіцыйныя ўлады Беларусі перадалі на разгляд Працоўнае групы ААН па раманізацыях Групы экспэртаў ААН па геаграфічных назвах (UNGEGN)[4] і прапанавалі да ўжытку ў якасьці нацыянальнае на IX канфэрэнцыі ААН па стандартызацыі геаграфічных назваў[5]. У 2013 годзе UNGEGN зацьвердзіла гэтую вэрсію ў якасьці сыстэмы трансьлітарацыі геаграфічных назваў Беларусі[6].
4 красавіка 2023 году рэжым Лукашэнкі апублікаваў пастанову, якая скасавала трансьлітарацыю для беларускай мовы на аснове традыцыйнай беларускай лацінкі, замест якой увялі фактычна тую ж трансьлітарацыю, што ўжываецца для расейскай мовы. У апублікаваным дакумэнце няма ані сыстэмнасьці, ані навуковага грунту, пастанова груба парушае правілы і нормы стварэньня нацыянальных сыстэмаў трансьлітарацыі наагул і ігнаруе беларускую мову, у прыватнасьці яе гукавую сыстэму і графічныя традыцыі. Адзначаецца, што гэта чарговы крок да зьнішчэньня беларускай нацыянальнальнай ідэнтычнасьці[7]. Неўзабаве ў публічнай прасторы Беларусі замест лацінкавых назваў зьмясьцілі расейскамоўныя[8].