From Wikipedia, the free encyclopedia
Ваўкавы́скі паве́т — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Троцкага, пазьней Наваградзкага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 4 тыс. км². Сталіца — места Ваўкавыск.
Ваўкавыскі павет лац. Vaŭkavyski paviet | |
Герб | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
Статус | павет Вялікага Княства Літоўскага[d] |
Адміністрацыйны цэнтар | Ваўкавыск |
Дата ўтварэньня | 1507 |
Старосты | Старосты ваўкавыскія |
Насельніцтва | гл. Дэмаграфія |
Плошча | 4 тыс. км² |
Час існаваньня | кан. XIV ст. — 1795 |
Месцазнаходжаньне Ваўкавыскага павету | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Утварыўся ў канцы XIV ст. на аснове колішняга Ваўкавыскага княства, уваходзіў у склад Троцкага ваяводзтва. Практычна поўнасьцю захаваў тэрыторыю былога аднайменнага княства, якое скасавалі і пераўтварылі ў намесьніцтва (павет, воласьць) прынамсі не раней за 1413 год у зьвязку зь пераўтварэньнем Троцкага княства Вялікага Княства Літоўскага ў Троцкае ваяводзтва. Да гэтага складала частку асабістае вотчыны вялікага князя Вітаўта — Троцкага княства, але ў адрозьненьне ад уласна Троцкага княства, як і іншыя панямонскія землі ў складзе гэтае вотчыны, мусіла мець ўласную цывільную адміністрацыю, што захавалася і па скасаваньні Ваўкавыскага княства. У 1432 годзе добраахвотна прыняў уладу аднаго з прэтэндэнтаў на тагачаснае вялікае княжаньне, Жыгімонта Кейстутавіча, па чым два разы на невялікі час побач зь іншым Панямоньнем пераходзіў пад кантроль Сьвідрыгайлы.
Прыкладнае ўяўленьне пра палітычную рэпрэзэнтатыўнасьць і сацыяльна-эканамічную сытуацыю павету даюць зьвесткі попісу войска Вялікага Княства Літоўскага 1528 году, які засьведчыў у павеце каля 220 баяраў, якія выстаўлялі прыкладна 174 коней, што мае адпавядаць блізу 1392 сялянскім службам у прыватным уладаньні, пры гэтым, як вынікае з прапорцыі баяраў і выстаўленых коней, у павеце пераважала дробнамаянтковае баярства[1].
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў у павеце ўводзіліся пасады маршалка, падкаморскага, судзьдзі земскага з падсудкам і пісарам, паводле яе ж акрэсьліваліся канчатковыя і ўдакладненыя межы павету, сам павет перадаваўся з Троцкага ваяводзтва ў Наваградзкае. У 1572—1576 гадох у Мсьцібаве праходзілі вальныя соймы, на апошнім зь якіх ліцьвіны абвясьцілі сваім вялікім князем Стэфана Баторыя.
У 1662 годзе вялікалітоўскія канфэдэраты вынесьлі ў Воўпе сьмяротны вырак гетману Вінцэнту Корвін-Гасеўскаму. У 1666—1668 гадох у Сьвіслачы, пры касьцёле, дзеяла першая ў павеце школа.
Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Ваўкавыскага павету ліцьвінамі: «литвина Семена волковыйскова» (1614 год)[2], у запісах мэтрыкі папскай сэмінарыі ў Оламаўцу значыцца Cyrillus Czaplejowsky Lithuanus ex districtu Wolkoviensi (1702—1706 гады)[3]. А ў 1645 годзе сярод вернікаў парафіі ў Поразаве ўпамінаецца старалітва[4], якую крыніцы зьвязваюць з русінамі.
У 1751 годзе езуіты адкрылі місіянэрскую школу ў Лыскаве. У 1782 годзе Адукацыйная камісія адкрыла школу ў Ваўкавыску[5]. У 1793 годзе Ваўкавыскі павет увайшоў у склад Гарадзенскага ваяводзтва[6].
За часамі паўстаньня Т. Касьцюшкі ў 1794 годзе на Ваўкавышчыне актыўна дзеяла адна з г.зв. «парадкавых камісіяў» — паўстанцкая кіроўная ўстанова, створаная згодна з распараджэньнем Тадэвуша Касьцюшкі[7]. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) тэрыторыя павету апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі.
На поўначы межаваў з Гарадзенскім паветам Троцкага ваяводзтва, на ўсходзе — з Слонімскім паветам Наваградзкага ваяводзтва, на поўдні — зь Берасьцейскім паветам Берасьцейскага ваяводзтва. Мяжа з Слонімскім паветам ішла ракою Зальвянка[8]. Плошча павету складала каля 4 тыс. км² (польскія дасьледнікі трымаюцца лічбы ў 4,8 тыс. км²), зь іх каля 0,3 тыс. км² знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Польшчы[9].
У склад Ваўкавыскага павету ўваходзіла тэрыторыя Ваўкавыскага гродавага, Воўпенскага, Жыліцкага і Ялоўскага старостваў (дзяржаўных воласьцяў) і прылеглыя прыватнаўласьніцкія маёнткі.
У канцы XVI ст. на Ваўкавышчыне налічвалася трынаццаць мястэчак: дзяржаўныя — Воўпа, Новы Двор, Мсьцібаў, і прыватныя — Рось, Крамяніца, Межырэч, Лыскаў, Поразаў, Лапеніца, Сьвіслач, Зэльва, Пескі, Ялоўка. Пазьней статус мястэчак атрымалі Гнезна, Ізабелін, Падароск, Рэпля і Шылавічы.
Магдэбурскае права мелі Ваўкавыск (1503), Воўпа (XVIII ст.), Мсьцібаў (1744), Новы Двор (12.08.1579), Поразаў (29.06.1518) і Ялоўка (1545)[6].
У сяр. XVII ст. налічваў больш за 10 тыс. дымоў і каля 65—70 тыс. жыхароў[10] Паводле сучасных падлікаў, да вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) колькасьць насельніцтва складала каля 71 тыс. чал., па вайне яно скарацілася да 50 тыс. чал.[11] (7,7 тыс. дымоў[10]).
На 1775 год павет налічваў 9603 дымоў[8] і каля 75—90 тыс. жыхароў[10].
Павятовы соймік праходзіў у Ваўкавыску, тамака ж месьціліся падкаморскі, земскі і гродзкі суды. Ваўкавыская шляхта абірала двух паслоў на Вальны сойм і двух дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.
На Гарадзенскім сойме 12 студзеня 1793 году дзеля павелічэньня колькасьці сэнатараў ад Вялікага Княства Літоўскага намінавалі кашталяна ваўкавыскага шляхам павышэньня да кашталянскай годнасьці мясцовага павятовага маршалка, якім на той момант быў Мікалай Булгарын. Ён атрымаў прывілей 26 кастрычніка 1793 году, але ўжо ў канцы восені таго ж году новая адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа Рэчы Паспалітай скасавала ваўкавыскую кашталянію. У выніку, кашталян ваўкавыскі захаваў свой тытул, але ўжо ня меў сэнатарскіх паўнамоцтваў.
На тэрыторыі Ваўкавышчыны склалася даўняя традыцыя драўлянага дойлідзтва.
У XVII ст. у мураваную архітэктуру Ваўкавышчыны прыйшла стылістыка барока, у XVIII ст. — клясыцызму.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.