Грэцкі альфабэт
сукупнасьць літараў для запісу грэцкай мовы / From Wikipedia, the free encyclopedia
Грэ́цкі альфабэ́т — альфабэт грэцкай мовы і іншых моваў грэцкай групы. Ён бесьперапынна выкарыстоўваецца з канца IX альбо пачатку VIII стагодзьдзя да н. э. Грэцкі альфабэт, бадай, першы альфабэт, які ўключаў у сябе і зычныя і галосныя. Стандартна складаецца з 24 літараў, а таксама, у даклясычную эпоху ў некаторых дыялектах грэцкай мовы ўжываліся яшчэ 3 літары — (стыгма) Ϛ, ϛ, (копа) Ϟ, ϟ, (сампі) Ϡ, ϡ. У клясычнай грэцкай мове стыгма, копа, і сампі выкарыстоўваліся для запісу лікаў. Узыходзіць да фінікійскага пісьма. Клясычны агульнагрэцкі альфабэт склаўся ў V-IV стст. да н. э. Кожная літара мела і лічбавае значэньне. Знакі «стыгма», «копа» і «сампі» выкарыстоўваліся для абазначэньня лічбаў. Усходне-грэцкае пісьмо разьвілася ў клясычнае старажытна-грэцкае і бізантыйскае пісьмо, стала асновай для копцкага, гоцкага, славянскага кірылічнага, а магчыма, армянскага і часткова грузінскага пісьма. Заходне-грэцкае пісьмо было зыходным для этрускага, старажытна-германскага рунічнага і лацінскага пісьма. Найбольш старажытныя помнікі грэцкага пісьма датаваныя VIII-VII стст. да н. э. У XIII ст. разьвіваецца малодшы мінускул, які паслужыў узорам для першага грэцкага друкарскага шрыфту (XV ст.). Сучасныя друкаваныя грэцкія літары створаныя ў XVII ст.[1]