Малако
From Wikipedia, the free encyclopedia
Малако́ — сакраторная вадкасьць малочных залозаў сысуноў і чалавека (жаночае), фізыялягічна прызначаная для выкормліваньня дзіцянятаў. Выпрацоўваецца падчас ляктацыі. Зьмяшчае большасьць рэчываў, патрэбных для здаровага росту і разьвіцьця арганізма, аховы яго ад захворваньняў, ва ўраўнаважаным і дарэчным для засваеньня стане. Склад залежыць ад віду, пароды і ўзросту жывёлы, ступені ляктацыі і пары году. Асноўныя складнікі: вада, бялкі (казэін, ляктаглябулін і ляктальбумін), тлушчы (гліцэрыды), малочны цукар (ляктоза), мінэральныя рэчывы (каль, кальц, магн, натр і фосфар), большасьць вітамінаў і імунаглябуліны. Некаторыя зь іх (казэін, ляктоза) адсутнічаюць у іншых відах прыроднага харчаваньня. Зьмяшчае малую колькасьць свабодных амінакісьляў, азоцістых злучэньняў (ацэтылхалін і крэатын), тлушчападобных рэчываў (лецытын, халестэрын і эргастэрын), свабодных тлустых кісьляў, фэрмэнтаў (ліпаза, ляктаза, пэраксыдаза і пратэіназа), гармоны (аксытацын, інсулін і праляктын), пігмэнты, газы (вуглякіслы газ, тлен, вадарод і аміяк) і мікраарганізмы. У сырадоі прысутнічаюць антыбактэрыяльныя рэчывы (ляктэніны). Служыць у якасьці каштоўнага харчовага выраба і сыравіны для вытворчасьці малочных вырабаў. Найбольш шырока выкарыстоўваецца каровіна малако, якое ў сярэднім зьмяшчае 87% вады, 3,9% тлушчу, 3,2% бялку (2,7% казэін), 4,7% малочнага цукру і 0,7 мінэральных рэчываў. Звычайна яно мае энэргетычную каштоўнасьць 690 кілякалёрыяў/кг[1].