Геральдычны шчыт
From Wikipedia, the free encyclopedia
Геральды́чны шчыт[1], або та́рча — галоўны элемент герба, на якім размяшчаецца гербавая выява[2]:17. Часцей за ўсё стаіць у гербе проста, але можа быць нахіленым, звычайна ў правы бок і зрэдку — у левы. Часам сустракаецца перакулены шчыт[3].
Першапачаткова шчыт быў часткай узбраення рыцара, якая надзявалася на левую руку і абараняла цела і галаву ад паражэння халоднай зброяй[2]:17.
Форма геральдычнага шчыта знаходзіцца ў цеснай сувязі з часам стварэння герба. Яна можа быць гатычнай, рэнесанснай, барочнай, ракаковай і класічнай. Дэкаратыўная форма шчыта носіць назву картуш[2]:17. Назвы тыпаў гербавых шчытоў утвораны ад тых краін, дзе яны атрымалі найбольшае распаўсюджанне[1].
Бакі шчыта вызначаюцца з пункту гледжання рыцара, які яго нясе, гэта азначае, што бок злева лічыцца правым, а бок справа — левым. Пры гэтым увесь рух у гербе і яго кампазіцыі павінен накіроўвацца ў правы бок, рух у левы бок, насустрач ворагу, недапушчальны[3].
Найбольш шанаванымі і пачэснымі з’яўляюцца правы бок і верхняя частка герба[3]. Гербавае поле шчыта можа мець розныя падзелы.