Пячатка
From Wikipedia, the free encyclopedia
Пяча́тка[1], або пяча́ць[2] — прадмет з выразанымі знакамі для адбітку іх на гліне, сургучы, воску, паперы і інш., а таксама адбітак гэтых знакаў, зроблены, каб надаць якому-небудзь дакументу верагоднасць і юрыдычную сілу. Пячаткі вывучае сфрагістыка.
Пячаткі вядомы з 4 тысячагоддзя да н.э. у краінах Старажытнага Усходу. У Старажытнай Грэцыі і Рыме пячаткі рабілі з каштоўнага каменю — т.зв. гемы, якія як узоры мастацтва вывучае гліптыка. Рымляне карысталіся таксама пячаткамі-пярсцёнкамі. З канца IV ст. ў Рыме былі віслыя пячаткі — булы, якія адціскаліся на свінцовых, сярэбраных, залатых пласцінках і прывешваліся на шнурках да дакументаў.
У канцы X ст. праз Візантыю трапілі на Русь. Найбольшая колькасць віслых пячатак знойдзена ў Ноўгарадзе, а свінцовых пячатак для тавараў (пломбаў) — у Драгічыне на Бугу (цяпер у Падляскім ваяводстве Польшчы).