Рок-музыка
From Wikipedia, the free encyclopedia
Рок, рок-музыка (англ.: Rock) — абагульняючая назва шэрагу напрамкаў папулярнай музыкі другой паловы XX стагоддзя, што паходзяць ад рок-н-ролу і рытм-энд-блюзу. Тэрмін Rock відавочна ёсць скарачэннем ад Rock’n’roll і літаральна перакладаецца як «хістаць(ца); трэсці(ся)», што намякае на характэрныя для гэтага кірунку рытмічныя адчуванні, звязаныя з пэўнай формай рухаў, па аналогіі з roll, twist, swing, shake… Такія рысы рок-музыкі, як выкарыстанне электрамузычных інструментаў, творчая самадастатковасць (многія рок-музыкі выконваюць песні ўласнага аўтарства), з’яўляюцца другаснымі і ўводзяць у памылку. Таму прыналежнасць некаторых стыляў да року можа аспрэчвацца.
Рок | |
---|---|
Кірунак: | папулярная музыка і Класічная музыка |
Вытокі: | рок-н-рол, джаз, электрык-блюз, народная музыка |
Месца і час узнікнення: | 1950-я, ЗША і Вялікабрытанія |
Папулярнасць: | З 1960-х па наш час |
Разнавіднасці | |
Паджанры: | псіхадэлічны рок, альтэрнатыўны рок, панк-рок, хеві-метал, арт-рок, хрысціянскі рок, desert rock, Detroit rock, Adult oriented rock, гаражны рок, эксперыментальны рок, глэм-рок, Group Sounds, гранж, хард-рок, хартленд-рок, інструментальны рок, інды-рок, джэнгл-поп, паўэр-поп, прота-панк, софт-рок, сімфанічны рок, сатэрн-рок, серф-рок, поп-рок |
Роднасныя: | рэп-рок, бхангра-рок, абарыгенскі рок, афра-рок, анаталійскі рок, блюз-рок, бугалу, кантры-рок, фламенка-рок, фолк-рок, глэм-панк, мэдчэстар, мерсібит, пунта-рок, прагрэсіўны рок, рага-рок, раі-рок, ракабілі, ракасон, самба-рок, спейс-рок, стоўнер-рок, суфі-рок |
Вытворныя: | нью-эйдж, сінці-поп, электрапоп, еўрадыска |
Гл. таксама: | |
рок-опера, рок-група, ВІА, Зала славы рок-н-рола |
Такія субкультуры, моды, які хіпі, панкі, готы, металісты, эма, інды-рокеры, ска, непарыўна звязаныя з пэўнымі жанрамі рок-музыкі.
Рок-музыка ўключае мноства кірункаў: ад досыць «лёгкіх» жанраў (танцавальны рок-н-рол, ад якога ў свой час і пайшоў увесь кірунак, поп-рок, брыт-поп) да брутальных і агрэсіўных жанраў (дэт-метал, блэк-метал, грайндкор). Змест песень вар’іруецца ад лёгкага і нязмушанага да змрочнага, глыбокага і філасофскага. Рок-музыка часта супрацьпастаўляецца поп-музыцы, «папсе». Крыху болей дакладна можна казаць аб так званай «музычнай экспрэсіі», якая, з прычыны падвышанай (у параўнанні з іншымі жанрамі музыкі) дынамікі (гучнасці) выканання (паводле розных крыніц, ад 110 да 155 дБ), з’яўляецца характэрнай для многіх рок-стыляў (кірункаў), паколькі нават гучанне вялікага сімфанічнага аркестра знаходзіцца ў межах ад 85 дБ і рэдка даходзіць да 115 дБ. Канкурэнцыю ў сэнсе гучнасці могуць скласці толькі кірункі музыкі, якія выкарыстоўваюць электраакустычнае гучанне[1][2][3][4].
Вытокі рок-музыкі ляжаць у блюзе, з якога і выйшлі першыя рок-жанры — рок-н-рол і рокабілі. Першыя паджанры рок-музыкі ўзніклі ў цеснай сувязі з народнай і эстраднай музыкай таго часу — найперш гэта фолк, кантры, скіфл, мюзік-хол. За час існавання рок-музыкі яе спрабавалі спалучыць амаль з усімі магчымымі жанрамі музыкі — з акадэмічнай музыкай (арт-рок, які з’явіўся ў канцы 1960-х, болей позні сімфа-метал), джазам (джаз-рок, які з’явіўся ў канцы 60-х — пачатку 70-х, панк-джаз), лацінскай музыкай (лаціна-рок, з’явіўся ў канцы 60-х), індзійскай музыкай (рага-рок, з’явіўся ў сярэдзіне 60-х). У 60-70-х гг. сфарміраваліся амаль усе найбуйнейшыя паджанры музыкі, найболей важныя з іх, акрамя пералічаных — хард-рок, панк-рок, рок-авангард. У канцы 70-х — пачатку 80-х з’явіліся такія жанры рок-музыкі, як постпанк, новая хваля, альтэрнатыўны рок (але ў канцы 60-х з’явіліся раннія ўяўленні пра гэты жанр), хардкор (буйны паджанр панк-рока), а пазней і экстрэмальныя паджанры металу — дэт-метал, блэк-метал. У 90-х атрымалі шырокі распаўсюд жанры гранж (з’явіўся ў сярэдзіне 80-х), брыт-поп (з’явіўся ў сярэдзіне 60-х), альтэрнатыўны метал (з’явіўся ў канцы 80-х).
Асноўныя цэнтры ўзнікнення і развіцця рок-музыкі — ЗША і Заходняя Еўропа (асабліва Вялікабрытанія). Большасць тэкстаў песень — на англійскай мове, але, з некаторым спазненнем, нацыянальная рок-музыка з’явілася амаль ва ўсіх краінах. У некаторых аўтарытарных дзяржавах рок-музыка з’яўлялася ці нават з’яўляецца аб’ектам пераследу. У СССР яе лічылі зброяй сусветнага капіталізму. У Грэцыі ў час дыктатуры Чорных Палкоўнікаў яе, наадварот, праследавалі як праяву сацыялістычнай пагрозы
Таксама «рокам» называюць свайго роду лад жыцця некаторых прыхільнікаў рок-музыкі, што перарос у субкультуру.