Герулы
From Wikipedia, the free encyclopedia
Геру́лы (лац. Heruli), вэрлы — германскае племя, якое жыло ў Паўночным Прычарнамор’і, на сярэднім Дунаі і ніжнім Райне ў III—V стагодзьдзях н. э. З IV стагодзьдзя атрымалі вядомасьць як найміты ў Старажытным Рыме. Повязі паміж рознымі групамі герулаў незразумелыя. З розных крыніцаў паходзяць зьвесткі, што герулы зьдзяйсьнялі морскія набегі ў Галіі, Гішпаніі, на Балканах (Атэны, Спарта) і на Чорным моры. Адна група на сярэднім Дунаі (у Паноніі) каля 470 году стварыла ўласнае каралеўства, падпарадкаванае лянгабардам каля 510 году, потым адыгрывала другарадную ролю, пакуль не асыміляваліся сярод іншых народаў. Як відаць, герулы ў Паноніі падтрымлівалі повязі з паўднёвай Скандынавіяй, куды, згодна з грэцкім гісторыкам Пракопам, і адправілася частка герулаў па паразе ад лянгабардаў, пасяліўшыся побач з племем гетаў (грэц. Gautoi). Слова «Erilaz», якое частка сустракаецца на рунічных помніках у паўднёвай Швэцыі, часта зьвязваецца з геруламі.