Душа
From Wikipedia, the free encyclopedia
Душа́ — асаблівая нематэрыяльная сутнасьць, што не залежыць ад цела й вызначае жыцьцё, здольнасьці й асобу чалавека. Вера ў душу, якая складае сутнасьць анімізму, зазнала зьмены ў працэсе рэлігійнага разьвіцьця чалавецтва. У сучасных рэлігіях душа разглядаецца ня як вытанчаная копія чалавека, а як нешта нематэрыяльнае й бесьцялеснае, як боскі дар, які чалавек атрымлівае пры нараджэньні й страчвае ў момант сьмерці. Большасьць рэлігіяў прызнае або бесьсьмяротнае існаваньне душы ў замагільным сьвеце, як то хрысьціянства, іслам і іншыя, або бясконцае перасяленьне яе з аднаго цела ў іншае, як то будызм. Згодна з многімі ідэалістычнымі, дуалістычнымі філязофскім напрамкамі й рэлігійнымі плыням, душа ёсьць несьмяротная субстанцыя[1], нематэрыяльная сутнасьць[2], у якой выказана боская прырода чалавека[3], якая дае пачатак і абумоўліваецца жыцьцём, здольнасьцю адчуваньня, мысьленьня, сьвядомасьці, пачуцьцяў і волі, што супрацьпастаўляецца целу[4].
Каталіцкі сьвятар і мысьляр Тамаш Аквінскі прыпісваў наяўнасьць душы ўсім арганізмам, але сьцьвярджаў, што толькі чалавечыя душы ёсьць несьмяротнымі[5]. Згодна зь сьветапоглядам іншых рэлігіяў, у першую чаргу індуізму й джайнізму, усе жывыя істоты ад самай маленькай бактэрыі да самога буйнога з сысуноў маюць цела й душу. Сапраўдным абліччам істотаў зьяўляецца душа, у той час як цела ёсьць толькі мэханізмам, каб выпрабаваць карму гэтага жыцьця. Паводле анімізму, душу маюць яшчэ й не біялягічныя аб’екты, як то рэкі й горы[6].
Грэцкія філёзафы, як то Сакрат, Плятон і Арыстотэль, меркавалі, што душа ёсьць лягічнай здольнасьцю, увасабленьне якой павінна быць самым чароўным учынкам чалавека. На сваім судовым працэсе Сакрат нават абагульніў сваё вучэньне, заахвочваючы сваіх сяброў атэнянаў дамагчыся посьпеху ў пытаньнях псыхікі, паколькі ўсё цялеснае залежаць ад духоўнае дасканаласьці. Кансэнсус сучаснае навукі палягае ў тым, што няма аніякіх доказаў, якія пацьвярджаюць існаваньне душы, калі як традыцыйна яе вызначаюць як духоўнае дыханьне цела. У мэтафізыцы панятак «душа» ёсьць тоесным панятку «розум», каб абазначыць сьвядомасьць і інтэлект чалавека.