мітычная краіна From Wikipedia, the free encyclopedia
Ла́нка — назва астраўнога каралеўства легендарнага ашуранскага дэмана Раваны ў індуісцкіх эпасах «Рамаяне» і «Магабгараце». Каралеўская фартэцыя знаходзілася на плято паміж трыма горнымі вяршынямі, вядомымі як Трыкутныя горы. Паводле паданьня, Ланкапура была спаленая Гануманам. Пасьля забойства караля Раваны Рамам ягоную пасаду заняў каралеўскі брат Вібгішана, удзельнік змовы. Ягоныя нашчадкі кіравалі Ланкай у пэрыяд Пандаваў. Паводле «Магабгараты», адзін з Пандаваў, Сагадэва, завітваў у Ланку падчас вайсковай выправы на поўдзень дзеля ахвярапрынашэньня Юдгіштгіры.
Месцазнаходжаньне старажытнай Ланкі атаясамліваецца з Шры-Ланкай.
Ланка і ейная сталіца Ланкапура ў эпасах апісаная ўнушальнай нават паводле сучасных уяўленьняў. Цэнтральны палацавы комплекс Раваны (галоўная фартэцыя) уяўляў зь сябе комплекс палацаў вышынёй болей за адну яджану (каля 13 км), адну яджану даўжынёй і паўяджаны шырынёй. Сталіца Ланкі стаяла на вяршыні горнага хрыбту Трыкуты, паміж трыма ейнымі вяршынямі[1][2][3].
Ланка згадваецца ў «Магабгараце» Маркандэем у гісторыі пра Раму, Сіту і караля Юдгіштгіру. Кароль Ланкі названы ў сьпісе прысутных на ахвярапрынашэньні (раджасуі) пандаўскага караля Юдгіштгіры.
Паводле сагаў «Рамаяны» і «Магабгараты», пачаткова Ланкай кіраваў ракшаса на імя Сумалі. Паводле «Ўтары Канды», Ланка была збудаваная Вішвакармам для багоў, аднак яе занялі браты Маляван, Сумалі і Малі. Аднойчы браты ўварваліся на нябёсы, ды атрымалі ганебную паразу ад Вішну, пасьля чаго не наважыліся вярнуцца ў Ланку. Тады Кубэра заснаваў тут каралеўства якшаў, ягоную сталіцу ахоўвалі ракшасы. Ягоны брат па бацьку Равана адваяваў Ланку ў бітве і стаў валадаром каралеўства ракшасаў. Па забойстве Раваны ягоную пасаду заняў брат Вібгішана.
У «Рамаяне» Ланка апісваецца як вялікая астраўная краіна, якая знаходзіцца недзе ў Індыйскім акіяне. У шры-ланкійскім творы V стагодзьдзя «Магавамсе» Ланка атаясамліваецца са Шры-Ланкай; тым ня меней, у «Рамаяне» пазначана, што Раванава Ланка знаходзілася за 100 яджанаў (каля 1300 км) ад кантынэнтальнай Індыі. Такім чынам, востраў мог знаходзіцца больш як за 160 км на паўднёвы захад ад сучаснае Шры-Ланкі.
Розныя дасьледчыкі называюць магчымым месцам знаходжаньня Ланкі ці то кропку перасячэньня «нулявога мэрыдыяну» Індыі з экватарам[4][5], ці то ў заходняй частцы Індыйскага акіяну сярод астраўных дзяржаваў, падводных гораў і плато[6][7], ці то каля Суматры[8]. З XIX стагодзьдзя некаторыя дасьледчыкі меркавалі таксама, што Раванава Ланка знаходзілася побач з Мальдывамі, а пасьля апусьцілася пад ваду[9][10][11][12].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.