Польскае таварыства «Асьвета» (Менск)
арганізацыя / From Wikipedia, the free encyclopedia
По́льскае тавары́ства «Асьве́та» ў Ме́нску (па-польску: Polskie Towarzystwo „Oświata” w Mińsku, таксама вядомае як тавары́ства «Асьве́та» альбо «Асьве́та») — грамадзкая арганізацыя, якая была заснавана ў 1905 годзе і дзейнічала ў Менску і на тэрыторыі Менскай губэрні Расейскай імпэрыі. Да 1907 году таварыства дзейнічала ў кансьпірацыі, у 1907—1909 гадах — легальна, пазьней — зноў у кансьпірацыі (верагодна, да 1917 году). Вызначальная роля ў стварэньні і фінансаваньні таварыства належала сябрам самай уплывовай у канцы XIX — пачатку XX ст. грамадзкай арганізацыі Менскай губэрні — Менскаму таварыству сельскай гаспадаркі(be) (МТСГ), якое аб’ядноўвала ў сваіх шэрагах, галоўным чынам, прадстаўнікоў карэннага каталіцкага і польскамоўнага дваранства губэрні. У дзейнасьці і разьвіцьці таварыства значную ролю адыгрывалі і жанчыны, што былі блізкімі сваячкамі сябрам МТСГ.
Польскае таварыства «Асьвета» ў Менску | |
Polskie Towarzystwo „Oświata” w Mińsku | |
Лідэр арганізацыі |
ксёндз Казімер Мікалай Міхалкевіч (12 сакавіка 1907 — кастрычнік 1907) Геранім Друцкі-Любецкі (кастрычнік 1907 — 1908) Вакансія в. а. Мячыслаў Пароўскі(be) (1908 — 5 сьнежня 1909) |
---|---|
Дата заснаваньня | 1905 (рэгістрацыя 11 студзеня 1907)[lower-alpha 1] |
Штаб-кватэра | Менск, Расейская імпэрыя |
Ідэалёгія | асьвета, распаўсюд польскай культуры |
Задачай «Асьветы» было выхаваньне жыхароў Менскай губэрні (асабліва дзяцей) у духу «польскасьці» — галоўным чынам праз арганізацыю і падтрымку прыватнай польскамоўнай і рэлігійнай (каталіцкай) адукацыі. Таварыства ўхілялася ад палітызацыі сваёй дзейнасьці, афіцыйна дэкляруючы толькі асьветніцка-культурныя мэты, але само распаўсюджаньне польскай мовы і падтрымка каталіцызму выклікалі нэгатыўную рэакцыю і перасьлед з боку афіцыйнай расейскай улады, бо ўваходзілі ў супярэчаньне зь неафіцыйнай (пасьля ўвядзеньня ў 1905 годзе законаў аб верацярпімасьці і свабоды друку на роднай мове) палітыкай ураду па русіфікацыі Заходняга краю Расейскай імпэрыі. Гэта стала галоўнай нагодай для самаскасаваньня таварыства ў 1909 годзе і пераходу яго на нелегальныя ўмовы работы.