Wi-Fi
From Wikipedia, the free encyclopedia
Wi-Fi (вымаўляецца вайфай) — гандлёвая марка Wi-Fi Alliance, якая выкарыстоўваецца на сэртыфікаваных прыладах бяздротавых лякальных сетак (WLAN) на аснове шэрага стандартаў IEEE 802.11. З-за свайго падабенства пад тэрмінам звычайна маецца на ўвазе тэхналёгія IEEE 802.11[1][2]. Wi-Fi працуе на мікрахвалевых радыёсыгналах, якія могуць распаўсюджвацца праз сьцены, падлогу, столь, падобна да сотавай сувязі[3].
Wi-Fi Alliance — міжнародная некамэрцыйная асацыяцыя кампаніяў, якія прасоўваюць на рынак WLAN-тэхналёгіі, і сэртыфікуе прадукты вытворчасьці, калі яны падыходзяць пад стандарты. Але ня кожны прадукт праходзіць сэртыфікацыю: звычайна з-за вельмі вялікіх коштаў на яе правядзеньне. Таксама, ня кожная прылада безь лягатыпа Wi-Fi не зьяўляецца 802.11-сумяшчальнай.
Сёньня IEEE 802.11-сумяшчальныя прылады ўбудоўваюцца ў вялікую колькасьць пэрсанальных кампутараў, гульнявых кансоляў, смартфонаў, прынтэраў і іншай пэрыфэрыі, а таксама фактычна ва ўсе лэптопы і надалоньнікі.
Само слова Wi-Fi было прыдуманае альянсам у 1999 годзе, каб лёгка запаміналася. Яно нагадвала тэрмін hi-fi, які быў у той час папулярным[4].
Хуткасьць перадачы праз Wi-Fi залежыць ад мноства фактараў: формы памяшканьня, колькасьці разьмешчаных у ім адаптараў, наяўнасьці перашкод для радыёсыгналу, крыніц радыёперашкод і г. д.[5]
Найбольшая адлегласьць, на якой можа ажыцьцяўляцца сувязь па тэхналёгіі Wi-Fi, складае каля 300 футаў (91,44 мэтраў) на адкрытай прасторы[6].