Інстытут матэматыкі

дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаваная ў чэрвені 1959 году ў якасьці Інстытуту матэматыкі і вылічальнай тэхн From Wikipedia, the free encyclopedia

Інстытут матэматыкі
Remove ads

Інстыту́т матэма́тыкі — дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаваная ў чэрвені 1959 году ў якасьці Інстытуту матэматыкі і вылічальнай тэхнікі.

Хуткія факты Абрэвіятура, Папярэднік ...

На канец 2018 году Інстытут уваходзіў у склад Аддзяленьня фізыкі, матэматыкі і інфарматыкі НАНБ. У асьпірантуру і дактарантуру набіралі па 4 спэцыяльнасьцях: 1) дыфэрэнцыйныя раўнаньні, дынамічныя сыстэмы і аптымальнае кіраваньне; 2) матэматычная лёгіка, альгебра і тэорыя лікаў; 3) вылічальная матэматыка; 4) дыскрэтная матэматыка і матэматычная кібэрнэтыка. Інстытут аказваў паслугі матэматычнага мадэляваньня і распрацоўкі пакетаў прыкладных праграмаў[1]. Дасьледнікі Інстытуту ажыцьцяўлялі сумесныя дасьледаваньні з навукоўцамі ЗША, 3 краінаў Азіі (Грузія, Кітай, Японія) і 15 краінаў Эўропы — Аўстрыя, Баўгарыя, Бэльгія, Вялікабрытанія, Грэцыя, Данія, Італія, Нямеччына, Польшча, Расея, Сэрбія, Украіна, Францыя, Чэхія і Швайцарыя.

Remove ads

Будова

На канец 2018 году Інстытут матэматыкі ўлучаў:

Мінуўшчына

Thumb
Уваход у Інстытут матэматыкі (2019 г.)

У чэрвені 1959 году Акадэмія навук БССР утварыла Інстытут матэматыкі і вылічальнай тэхнікі (ІМВТ) на аснове матэматычных лябараторыяў Інстытуту фізыкі і матэматыкі. ІМВТ увайшоў у склад Аддзяленьня фізыка-матэматычных, хімічных і геалягічных навук АН БССР. У 1963 годзе ІМВТ перайшоў у Аддзяленьне фізыка-матэматычных навук. 10 лютага 1965 году на аснове часткі лябараторыяў ІМВТ стварылі Інстытут тэхнічнай кібэрнэтыкі. Сам ІМВТ перайменавалі ў Інстытут матэматыкі (ІМ). 4 красавіка 1975 году ў Гомелі заснавалі аддзяленьне ІМ, якое пазьней пераўтварылі ў лябараторыю тэорыі і дастасаваньня канчатковых групаў. У 1987 годзе ІМ увайшоў у склад Аддзяленьня фізыкі, матэматыкі і інфарматыкі АН БССР. За савецкім часам распрацоўкі дасьледнікаў Інстытуту ўганароўвалі Дзяржаўнай прэміяй СССР (1972) і Ленінскай прэміяй (1978), Дзяржаўнымі прэміямі БССР (1974, 1978, 1982) і прэміяй Савету міністраў СССР (1986), прэміямі Ўсесаюзнага камсамолу (1970, 1987) і Камсамолу Беларусі (1976, 1984, 1990). У Інстытуце працавалі акадэмікі Мікалай Яругін, Зьміцер Супруненка(be), Уладзімер Крылоў(be), Яўген Барбашын(be), Сяргей Чуніхін, Уладзімер Спрынджук(be) і Ўладзімер Платонаў, сябры-карэспандэнты Эдуард Груда(be) і А.Я. Залескі[2].

Thumb
Таблічка Інстытуту матэматыкі (2019 г.)

У 1993 і 1995 гадах дасьледнікі Інстытуту ўзнагароджваліся прэміямі Акадэміі навук Беларусі. У 1998 годзе распрацоўку ІМ адзначылі Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь. З 1998 году пачалі выпускаць «Працы Інстытута матэматыкі» (ISSN 1812-5093) па-расейску, якія са сьнежня 1999 году сталі разьмяшчаць у Сеціве[3]. На 1998 год Інстытут матэматыкі меў 13 аддзелаў, асьпірантуру і дактарантуру, рады па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысэртацыяў. Асноўнымі кірункамі дасьледаваньняў былі: альгебра, альгебраічная геамэтрыя і тэорыя лікаў; дыфэрэнцыйныя раўнаньні і тэорыя ўстойлівасьці; вылічальная матэматыка і матэматычнае мадэляваньне; матэматычная кібэрнэтыка і стахастычны аналіз; нелінейны аналіз і тэорыя працэсаў кіраваньня. У Інстытуце распрацавалі: тэорыю вырашальных і нільпатэнтных лінейных групаў і групаў падстановак; унітарны і сьпінарны варыянты прыведзенай К-тэорыі; выніковыя спосабы рашэньня Дыяфантавых раўнаньняў(en); мэтрычную тэорыю трансцэндэнтных лікаў(be), у якой вырашаная праблема Малера(ru); тэорыю характарыстычных паказьнікаў Ляпунова(be) дыфэрэнцыйных сыстэмаў з малымі адхіленьнямі; тэорыю раўнаньняў у поўных вытворных; лікавыя спосабы і праграмныя сродкі рашэньня шматвымерных задачаў матэматычнай фізыкі; тэорыю набліжанага функцыянальнага інтэграваньня(en); тэорыю пабудовы паралельных альгарытмаў, адпаведных шматпрацэсарным вылічальным сыстэмам; альгарытмы і спосабы рашэньня задачаў камбінаторнага аптымізаваньня і вылічальнай геамэтрыі; тэорыю шматграннага квазідыфэрэнцыяваньня нягладкіх адлюстраваньняў і шматадлюстраваньняў; апэратарныя спосабы дасьледаваньня шматпарамэтрычных дыскрэтных сыстэмаў кіраваньня; якасную тэорыю аптымальнага кіраваньня і каструктыўныя спосабы рашэньня экстрэмальных задачаў. Таксама вырашылі задачы набліжэньня і найбольшасьці ў арытмэтычных групах(en). Дасьледавалі ўласьцівасьці рашэньняў дыфэрэнцыйных раўнаньняў Пэнлеве(fr) і сыстэмаў Пфафа(de). Сумесна з Расейскай акадэміяй навук выдаваўся штомесячны часопіс «Дыфэрэнцыйныя раўнаньні» (ISSN 0374-0641), што з 1965 году па-ангельску перавыдавала нямецкае выдавецтва «Спрынгер» (ISSN 0012-2661). У інстытуце працавалі акадэмікі Іван Гайшун і Мікалай Ізобаў, сябры-карэспандэнты Фаіна Кірылава і Л.А. Яновіч[2].

На 2013 год у Інстытуце быў 101 супрацоўнік, зь іх 45 навуковых, сярод якіх 17 дактароў і 26 кандыдатаў навук.

Кіраўнікі

  • Мікалай Яругін(be) (1959—1977)
  • Уладзімер Платонаў(be) (1977—1992)
  • Іван Гайшун(be) (1992 — 24 красавіка 2018)
Remove ads

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads