Вецер
плыня паветру From Wikipedia, the free encyclopedia
Ве́цер — зрухі паветра адносна зямной паверхні. Звычайна вецер бывае вызваны розьніцай атмасфэрнага ціску і накіраваны ад зоны высокага ціску да зоны нізкага ціску. Але ў сярэдніх геаграфічных шыротах з-за сілы Карэоліса вецер дзьме звычайна па лініі аднолькавага ціску. У касьмічнай прасторы, сонечны вецер зьяўляецца рухам газаў або зараджаных часьцінак ад Сонца праз прастору, у той час як плянэтарны вецер зьяўляецца дэгазацыяй лёгкіх хімічныя элемэнтаў з атмасфэры плянэты ў космас. Вятры звычайна клясыфікуюцца па іхным прасторавым маштабе, хуткасьці, тыпу сілаў, якія іх выклікаюць, рэгіёнам, у якіх яны адбываюцца, і іхным эфэкце. Самыя моцныя вятры назіраныя на плянэтах у Сонечнай сыстэме адбываюцца на Нэптуне і Сатурне. Тэрмін «вецер» звычайна ўжываецца ў мэтэаралёгіі для акрэсьленьня гарызантальнага складніка ветру. Вецер — адзін з асноўных элемэнтаў фармаваньня надвор’я, з гэтай прычыны мэтэаролягі вельмі дакладна вымяраюць хуткасьць ветру (у м/с) і кірунак. Кірунак ветру мае назву таго боку, зь якога вее, напрыклад, калі вецер вее з поўначы на поўдзень, ён мае назву паўночны.


Вецер таксама зьяўляецца выдатнай крыніцай для транспартаваньня насеньня і дробных птушак; часам рэчы могуць пераадоліць тысячы кілямэтраў па ветры. Шматгадовыя назіраньні за кірункам ветру адлюстроўваюць у выглядзе своеасаблівага графіка — ружы вятроў. Кароткія ўсплёскі высокай хуткасьці ветру, называюцца парывамі. Моцныя вятры прамежкавай працягласьці, то бок каля адной хвіліны, называюцца шквалам. Працяглыя ветры маюць розныя імёны, зьвязаныя зь іхнай сярэдняй сілай, як то брыза, бура, шторм і ўраган.
Выкарыстаньне чалавекам
Вецер выкарыстоўваецца для выпрацоўкі энэргіі з дапамогай ветравых турбін.
Вымярэньні

Напрамак ветру звычайна вызначаецца ў тэрмінах кірунку, адкуль ён дзьме[1]. Напрыклад, паўночны вецер дзьме з поўначы на поўдзень[1]. Самым простым прыборам дзеля вызначэньня кірунку ветру ёсьць флюгер[2]. Мэтэаралягічныя флюгеры паварочваюцца, каб паказаць напрамак ветру. У гэты ж час у аэранавігацыі кірунак вызначае куды дзьме вецер, то бок значэньні адрозьніваюцца з мэтэаралёгіяй на 180°. Ветрапаказальнікі, усталяваныя ў аэрапортах, здольныя, акрамя кірунку, прыкладна вызначаць хуткасьць ветру, у залежнасьці ад якой зьмяняецца нахіл прыбору[3].
Тыповымі прыборамі, прызначанымі беспасярэдне дзеля вымярэньня хуткасьці ветру, служаць разнастайныя анэмомэтры, у якіх ужываюцца здольныя круціцца чары ці прапэлеры. Дзеля вымярэньня з большай дакладнасьцю, у прыватнасьці дзеля навуковых дасьледаваньняў, выкарыстоўваюць вымярэньні хуткасьці ўльтрагукавых сыгналаў або вымярэньні хуткасьці астуджэньня нагрэтага дроту або мэмбраны пад узьдзеяньнем ветру[4]. Іншым распаўсюджаным тыпам анэмомэтраў ёсьць трубка Піто, у якой вымяраюць розьніцу дынамічнага ціску паміж двума канцэнтрычнымі трубкамі пад узьдзеяньнем ветру. Такую прыладу шырока выкарыстоўваюць у авіяцыйнай тэхніцы[5].
Хуткасьць ветру на мэтэаралягічных станцыях большасьці краінаў сьвету звычайна вымяраюць на вышыні 10 мэтраў і усярэдніваюць да 10 хвілінаў. Выключэньне складаюць ЗША, дзе хуткасьць бяруць за 1[6] ці 2[7] хвіліны, і Індыя, дзе яе усярэдніваюць да 3 хвілінаў[8]. Час пасярэдненьня мае важнае значэньне, паколькі, напрыклад, хуткасьць сталага ветру, вымераная за 1 хвіліну, звычайна на 14% вышэй за значэньне, вымеранага за 10 хвілінаў[9]. Кароткія пэрыяды хуткага ветру дасьледуюць асобна, а пэрыяды, за якія хуткасьць ветру перавышае тую, якая была усярэдніваная да 10 хвілінаў хуткасьць прынамсі на 10 вузлоў (5,14 м/с), завуцца парывамі. Шквалам завецца падваеньне хуткасьці ветру, мацьней вызначанай граніцы, якое доўжыцца хвіліну ці больш.
Дзеля дасьледаваньня хуткасьці вятроў у многіх кропках выкарыстоўваюць радыёзонды, пры гэтым хуткасьць вызначаюць з дапамогай GPS, радыёнавігацыі або адсочваньнем за зондамі з ужываньнем радара[10] або тэадаліта[11]. Акрамя таго, могуць выкарыстоўвацца садары, доплераўскія лідары і радары, здольныя вымяраць доплеравы зрух электрамагнітнага выпраменьваньня, адлюстраванага або расьсеянага аэразольнымі часьцінкамі ці нават малекуламі паветра. У дадатак радыёмэтры і радары выкарыстоўваюць дзеля вымярэньня няроўнасьцяў воднай паверхні, якія добра адлюстроўваюць прыпаверхневую хуткасьць ветру над акіянам. З дапамогай здымак руху аблокаў з геастацыянарных спадарожнікаў (тэледэтэкцыя) можна вызначыць хуткасьць ветру на вялікіх вышынях. Ветравая інжынэрыя займаецца вывучэньнем уплыву ветру на штучныя аб’екты, улучна з будынкамі, мастамі ды іншымі інжынэрнымі збудаваньнямі.
Па-за Зямлёю

Сонечны вецер
Сонечны вецер ёсьць рухам не паветра, а вельмі разрэджанай плязмы, якая выкідаецца з атмасфэры Сонца ці іншай зоркі з пасярэдняй хуткасьцю блізу 400 км/с. Ён складаецца пераважна з асобных электронаў і пратонаў зь сярэднімі паказьнікамі энэргіі роўнымі блізу 1 кэВ. Гэтым часьцінкам удаецца пераадолець гравітацыйнае поле Сонца дзякуючы высокай тэмпэратуры кароны[12] і іншых, ня вельмі зразумелых працэсаў, якія надаюць ім дадатковую энэргію. Сонечны вецер утварае геліясфэру, то бок вялізны вучастак міжзоркавай прасторы вакол Сонечнай сыстэмы[13]. Толькі плянэты, якія маюць значнае магнітнае поле, у прыватнасьці Зямля, здольныя прадухіляць пранікненьне сонечнага ветру ў верхнія пласты атмасфэры і да паверхні плянэты[14]. У выпадку асабліва моцных выбліскаў сонечны вецер усё ж такі здольны пераадольваць магнітнае поле Зямлі і пранікаць у верхнія пласты атмасфэры, выклікаючы магнітныя буры[15], якія могуць выводзіць з ладу электрычныя сеткі на Зямлі, і палярнае зьзяньне[16]. Менавіта дзякуючы сонечнаму ветру хвасты камэтаў заўсёды накіраваныя прэч ад Сонца[17].
Плянэтны вецер
Рух газаў у верхніх пластах атмасфэры плянэты дазваляе атамам лёгкіх хімічных элемэнтаў, перш за ўсё вадароду, дасягаць экзасфэры, то бок зоны, у якой цеплавога руху дастаткова дзеля дасягненьня другой касьмічнай хуткасьці і пакіданьня плянэты без узаемадзеяньня зь іншымі часьцінкамі газу. Гэты тып страты плянэтамі атмасфэры вядомы як плянэтны вецер, які быў названы паводле аналёгіі з сонечным ветрам[18]. За геалягічны час гэты працэс можа выклікаць пераўтварэньне багатых вадою плянэтаў, як то Зямля, у бедныя на ваду, як то Вэнэра[19], ці нават прывесьці да страты ўсёй атмасфэры ці ейнай часткі. Плянэты з гарачымі ніжнімі пластамі атмасфэры маюць больш вільготныя верхнія пласты і хутчэй губляюць вадарод[14].
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.