Аблога Мальты (1565)
аблога Асманскай імпэрыяй Мальты ў 1565 годзе From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Аблога Мальты 1565, «Вялікая аблога Мальты» — аблога турэцкімі войскамі (30—40 тыс.; кам. супольна: Мустафа-паша — войска, Піялі-паша — флёт) умацаваньняў востраву Мальта, якія абаранялі воіны ордэну гасьпітальераў (9 тыс.; кам. вялікі майстар дэ ля Валет), 18 траўня — 6 верасьня 1565 году.
Упартая абарона і вялікія страты ў людзях вымусілі туркаў зьняць аблогу і адступіць. Няўдача туркаў была адным з важных фактараў у агульнай няўдачы турэцкай экспансіі ў Паўднёвай Эўропе.
Remove ads
Перадумовы
Турэцкі напад быў абумоўлены стратэгічнай значнасьцю Мальты на тагачасным паўднёвым флянгу эўрапейска-турэцкага супрацьстаяньня. Ордэн гасьпітальераў пасьля страты Родасу (гл. Аблога Родасу, 1522) з 1530 году займаў Мальту і ствараў значныя цяжкасьці для дзеяньняў мусульманскіх карсараў, эгіпэцкага і турэцкага флёту. У сваю чаргу, валоданьне Мальтай адкрывала доступ да высадкі на Сыцылію — тагачасныя гішпанскія ўладаньні.
Ордэн гасьпітальераў не атрымаў у час падмацаваньняў ад віцэ-караля Сыцыліі, і бальшыня войскаў ордэну складалася зь мясцовага, мальтыйскага апалчэньня, якое, аднак, выявілася вельмі баяздольным. Турэцкае войска дзейнічала на моцна расьцягнутай лініі забесьпячэньня і цярпела ад падзеленага камандаваньня.
Remove ads
Пачатак аблогі
Першая высадка туркаў адбылася на поўдні востраву, але потым, дзеля стаянкі свайго флёту, яны скіравалі намаганьні на авалоданьне бухтай Марсамусьета, абароненай фортам Сан- Эльма. Памылкова туркі не зьвярнулі ўвагі на ордэнскі гарнізон у г. Мдзіне, які складаўся пераважна з лёгкай кавалерыі, і не толькі трывожыў турэцкія войскі, але і падтрымліваў сувязь з Сыцыліяй. Наступнай памылкай туркаў было ўступленьне ў барацьбу за стратэгічна малаважны форт Сан-Эльма. Гэта не толькі каштавала туркам значных страт у некалькіх марскіх і наземных штурмах, але і дало ордэну магчымасьць яшчэ лепей умацавацца ў галоўных бастыёнах Біргу і Сэнглея. Толькі пасьля таго, як каманду над аблогай Сан-Эльма атрымаў Драгут Грэк, туркі змаглі, пасьля трох тыдняў аблогі, узяць форт (22.6.1565). Разьюшаныя ўпартым супрацівам абаронцаў, туркі пазабівалі палонных на вачах ў гарнізонаў Біргу і Сэнглеі. Тады і ордэнскія войскі пазабівалі сваіх турэцкіх палонных, выстрэльваючы потым іх галовы ў бок туркаў. Вялікай стратай для туркаў стала гібель Драгута Грэка, іх здольнага палявога камандзіра, у апошні дзень аблогі Сан-Эльма.
Remove ads
Аблога Біргу і Сэнглеі

Пасьля падзеньня Сан-Эльма, туркі на працягу ліпеня—жніўня ладзілі аблогу ўмацаваньняў Біргу і Сэнглеі. Найменей двойчы яны былі блізкія да прарыву, а 18 жніўня ім удалося падарваць значную частку сьцяны Біргу. Абаронцы завагаліся, тады магістар ордэну Жан Парызо дэ ля Валет асабіста ўзначаліў пасьпяховую контратаку ў праломе, і быў пры гэтым паранены абломкам гранаты.
На пачатку верасьня ў ордэнскіх гарнізонах заставалася каля 650 чалавек, здольных трымаць зброю, не было амаль аніводнага не параненага. Сярод забітых былі 250 рыцараў, значная частка асабовага складу ўласна ордэну. Але і турэцкія войскі цярпелі цяжкія страты ў людзях, як у штурмах, так і ад розных хвароб, найперш крываўкі. У гэтых абставінах вырашальную ролю мела прыбыцьцё 6 верасьня 1565 году параўнальна невялікага (6000 чалавек) падмацаваньня з Сыцыліі. Туркі палічылі гэтыя сілы вестунамі большага эўрапейскага войска, і Мустафа-паша загадаў войскам 8 верасьня адступаць і сядаць на караблі. Даведаўшыся 9 верасьня пра сапраўдны маштаб дапамогі абаронцам, Мустафа-паша спрабаваў было скасаваць свой загад, але спыніць эвакуацыі не ўдалося, і аблога была завершана.
Літаратура
- Eric Morse. Crusader knights, Turks and Byzantines. — Toronto, 2003.
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads