Віктар Ярац
беларускі паэт, літаратуразнаўца, крытык From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Віктар Ярац (23 кастрычніка 1948, мястэчка Красны Мост, Рэчыцкі раён) — беларускі паэт, літаратуразнаўца, крытык; адзін зь ініцыятараў кампаніі 1968 падпісаньня студэнтамі БДУ ліста з патрабаваньнем выкладаньня па-беларуску.
Remove ads
Жыцьцяпіс
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1966 паступіў на філялягічны факультэт БДУ. У кастрычніку 1968 разам з Алесем Разанавым і Львом Барташам стаў ініцыятарам падпісаньня студэнтамі ліста з патрабаваньнем выкладаньня па-беларуску. Падпісалася некалькі сотняў чалавек. Ліст быў перададзены ў ЦК КПБ на імя Пятра Машэрава.
Напачатку адміністрацыя ўнівэрсытэту зьбіралася абмежавацца кампаніяй ганьбаваньня «буржуазных нацыяналістаў» — арганізатараў падпісаньня ліста. Але пасьля таго, як Ярац, Разанаў і Валянціна Коўтун зьезьдзілі да Геніюшаў у Зэльву, махавік рэпрэсіяў быў раскручаны напоўніцу.
Ярац узгадваў, як яму казалі тады: «Як можа быць, вы ж — не заходнік, і пайшлі на такое» [1]. Узімку 1969 Ярац і Разанаў былі выключаны з унівэрсытэту (праз арганізацыю няздачы заліку па вайсковай падрыхтоўцы; да гэтага моманту яны былі выдатнікамі вучобы).
Толькі дзякуючы заступніцтву Максіма Танка, Ярацу ўдалося працягнуць вучобу ўжо ў Гомельскім пэдінстытуце (унівэрсытэце). У 1975 скончыў асьпірантуру пры катэдры беларускай літаратуры Гомельскага ўнівэрсытэту і пачаў там жа працаваць. У 1976 абараніў кандыдацкую дысэртацыю «Рытмічны лад сучаснай беларускай лірыкі»[2]. з 1978 году — дацэнт.
Літаратурная дзейнасьць
Першыя вершы апублікаваў у газэце «Піянер Беларусі» ў школьныя гады. Актыўна пачаў выступаць у друку з 1966 году. Аўтар зборнікаў вершаў «Уваходзіны» (1976), «Добрыца» (бібліятэка часопіса «Маладосць», 1989), «Дняпроўскі бакен» (1992). У 1980 годзе ўступіў у Саюз беларускіх пісьменьнікаў.
Выступае ў пэрыядычным друку па праблемах разьвіцьця сучаснай беларускай паэзіі. Напісаў вучэбна-мэтадычны дапаможнік для студэнтаў-філёлягаў «Беларускія паэты — лаўрэаты Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій СССР» (Гомель, 1983).
Перакладае творы баўгарскіх, летувіскіх, расейскіх, украінскіх паэтаў на беларускую мову.
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads