Вітальд Івіцкі

From Wikipedia, the free encyclopedia

Вітальд Івіцкі
Remove ads

Ві́тальд Бранісла́вавіч Іві́цкі гербу «Папрыца» (па-польску: Witold Iwicki; 19 траўня 1884, Вільня — 22 студзеня 1943, Янаў-Палескі) — польскі каталіцкі сьвятар, генэральны вікарый Пінскай дыяцэзіі, першы рэктар Пінскай сэмінарыі. Загінуў мучаніцкай сьмерцю.

Хуткія факты Адукацыя, Дзейнасьць ...
Remove ads

Жыцьцяпіс

Паводле некаторых крыніц, нарадзіўся 10 мая[1]. Сын Тэафіля Браніслава Івіцкага (паўстанца 1863 року) і Цэліны Антаніны зь Белазораў гербу «Вянява».

Скончыўшы Віленскую гімназію, у 1902 року Вітальд паступіў у духоўную сэмінарыю ў Пецярбургу. Пасьля працягнуў навучаньне ў Духоўнай акадэміі ў Пецярбургу, якую скончыў са ступеньню магістра кананічнага права.

У 1907 рукапакладзены на сьвятара, выконваў абавязкі вікарыя ў парафіі Найсьвяцейшай Тройцы ў Слуцку (1907—1909)[2], пасьля ў парафіі Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Мазыры (1909—1913)[2]. Ягоная дзейнасьць выклікала незадавальненьне ўладаў, і ў выніку ксяндзу Вітальду было забаронена выконваць сьвятарскія абавязкі ў дыяцэзіі на працягу трох гадоў[1].

Гэты час ксёндз Івіцкі правёў у Рыме, дзе ў 1915 року абараніў доктарскую дысяртацыю па кананічным праве ў «Грыгарыянуме». З чэрвеня 1918 служыў у мальтыйскай капліцы ў Петраградзе, ад 11 кастрычніка 1918 — пробашч парафіі ў петраградзкім касьцёле сьвятога Станіслава.

20 верасьня 1920 року арыштаваны па абвінавачаньні ў контрарэвалюцыйнай дзейнасьці і шпіянажы на карысьць Польшчы. Увязьнены ў Маскве да сканчэньня Грамадзянскай вайны. У 1921 па стане здароўя вызвалены і па абмене вязьнямі выехаў у Польшчу, дзе стаў пастырам парафіі ў Нягневічах Наваградзкага дэканату (1922—1925)[2]. У 1924 прызначаны рэктарам Вышэйшай духоўнай сэмінарыі ў Наваградку[1].

Пасьля стварэньня Пінскай дыяцэзіі сэмінарыя пераехала ў Пінск, Вітальд Івіцкі працягнуў выкананьне абавязкаў рэктара. З 1926 — пробашч катэдральнай парафіі і Пінскі дэкан. З 1933 року — інспэктар навучаньня Закону Божаму ў дыяцэзіі. Па сьмерці біскупа Зыгмунта Лазінскага прызначаны пробашчам парафіі Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа ў Берасьці (1934—1936)[2]. Ад 1937 року — сябра Пінскай катэдральнай капітулы, ад 1939 — генэральны вікарый Пінскай дыяцэзіі.

У ваенны час застаўся ў Пінску, дапамагаў жыдам, вязьням і рэпрэсаваным.

18 студзеня 1943 року паўстанцы з «Вахляжу» вызвалілі вязьняў пінскай турмы і забілі двух вартаўнікоў. У адпомсту за гэта нацысты ўзялі закладнікаў, сярод якіх быў і Вітальд Івіцкі. У турме ён зладзіў для іншых закладнікаў споведзі, даваў настаўленьні, за што быў зьбіты вартаўнікамі. 22 студзеня ўсіх закладнікаў вывезьлі ў Янаў-Палескі за 40 км ад Пінску і расстралялі. У апошні момант высьветлілася, што закладнікаў на аднаго больш, чым у сьпісе на экзэкуцыю, таму афіцэр СС прапанаваў Івіцкаму выйсьці з шэрагу. Аднак сьвятар прапанаваў замест сябе вызваліць начальніка чыгуначнай станцыі, які меў жонку і дзяцей.

Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads