Наваградак

горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Наваградак
Remove ads

Нава́градак — места ў Беларусі, каля вытоку ракі Валоўкі. Адміністрацыйны цэнтар Наваградзкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 29 424 чалавекі[2]. Знаходзіцца за 162 км на ўсход ад Горадні, за 24 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня (лінія Ліда — Баранавічы).

Хуткія факты

Наваградак — першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага[3][4][5][a], даўняе магдэбурскае места і цэнтар гістарычнага рэгіёну. Колішняя катэдра Літоўскай мітраполіі. Да нашага часу тут захаваліся замак вялікіх князёў, гара Міндоўга, царква Сьвятых Барыса і Глеба, манастыр базылянаў, Фарны касьцёл, касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла, комплекс кляштару францішканаў з касьцёлам Сьвятога Антонія, дом-музэй Адама Міцкевіча, Крамы і гатэль Эўропа, помнікі гісторыі і архітэктуры XIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся меская ратуша, Замкавая царква, комплексы калегіюму езуітаў з касьцёлам Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштару баніфратаў, помнікі архітэктуры XIV—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама палац Радзівілаў, Вялікая сынагога, кляштары дамініканаў і дамініканак, помнікі архітэктуры XVII—XVIIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя савецкімі ўладамі.

Remove ads

Назва

Thumb
Наваградак Літоўскі (Nowogrodek Litawiski) у назове мапы Наваградзкага і Берасьцейскана ваяводзтваў, 1665 г.

Традыцыйная назва места — Нава́градак[7][8][9][10][11]. Тапонім утварыўся ад дзьвюх асноваў — «новы» і «гарадок»[12].

Варыянты напісаньня назвы ў гістарычных крыніцах — Новогород, Новгородок, Новогородок, Новый Городок, Новгород Литовский[b] ды іншых — сьведчаць пра тое, што недзе паблізу існаваў стары гарадзкі цэнтар акругі. Магчыма, ім было гарадзішча Радагошча[14]. Галіцка-Валынскі летапіс дакумэнтальна пацьвярджае, што народная назва Наваградак узыходзіць да XIII ст., а форма Новагародак, якая дала назву Навагрудак (праз прамежкавую — Навагродак), узьнікла пазьней (дзесьці ў XVI ст.) пад уплывам польскай мовы[15].

Назва Нава́градак[c] адпавядае традыцыйнаму беларускаму вымаўленьню[3], тым часам цяперашняя афіцыйная форма Навагру́дак утварылася не ў выніку натуральнай трансфармацыі тапоніма[18], а праз мэханічны перанос[19] польск. Nowogródek сьпярша (па 1795 годзе) у рас. Новогрудок, і толькі потым (па 1933 годзе) — у русіфікаваны савецкі моўны стандарт. У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» традыцыйная гістарычная назва Наваградак фіксуецца як варыянтная. Гэта значыць, што пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яна можа стаць нарматыўнай[11].

Remove ads

Гісторыя

Раньнія часы

Паводле археалягічных дасьледаваньняў, у канцы X ст. на тэрыторыі сучаснага места ўзьнікла старажытнае паселішча, умацаванае да сярэдзіны XI стагодзьдзя[20]. Першы бясспрэчны пісьмовы ўпамін пра Наваградак датуецца 1252 годам[21], тым часам існуюць меркаваньні пра ранейшыя яго ўпаміны. Пад 1005/1006 годам Наваградак упамінаецца (пад назвай Ноўгарад) ва ўстаўной грамаце Тураўскай япархіі кіеўскага князя Ўладзімера Сьвятаславіча[22], складзенай ў другой палове XIV стагодзьдзя[23]. Паводле Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі, першы летапісны ўпамін пра Наваградак датуецца 1044 годам[24][25]. Гэтае сьцьверджаньне грунтуецца на наступным паведамленьні Сафійскага першага і Наўгародзкага чацьвертага летапісаў: «Ходил Ярослав на Литву и на весну заложил Новгород»[26]. Тым часам у больш раньнім Наўгародзкім першым летапісе падзея падаецца наступным спосабам: «В лето 6552 [1044]. Ходи Ярослав на Литву; а на весну же Володимир заложи Новъгород и сдела его»[27].

Thumb
Каранацыя Міндоўга

Археалягі‌чныя дасьледаваньні, праведзеныя Фрыдай Гурэвіч у ро‌зных ме‌сцах Наваградку, выявілі вялікую ко‌лькасьць знахо‌дак: бізантыйскае шкло, упрыгажэньні, рэшткі дома баярына з расьпі‌санымі фрэскамі сьце‌намі, які меў падве‌сныя ліхтары‌, дзе запа‌львалі аліву ды іншае[20]. У XII ст. Наваградак складаўся зь дзядзінца (Замкавая гара), вакольнага гораду і пасаду. У XIII—XIV стагодзьдзях ён быў цэнтрам удзельнага княства, пад 1237 годам упамінаецца наваградзкі князь Ізяслаў[28].

Вялікае Княства Літоўскае

Thumb Thumb
Мескі (1792) і ваяводзкі (1720) гербы

Зь сярэдзіны 1240-х гадоў, на запросіны мясцовых баяраў, у Наваградку пачаў княжыць Міндоўг, што паспрыяла ўтварэньню Вялікага Княства Літоўскага. У 1249—1242 гадох галіцка-валынскія князі ў кааліцыі з Інфлянцкім ордэнам учынілі некалькі ваенных выправаў, што прымусіла Міндоўга пайсьці на прымірэньне з ордэнам. У 1253 годзе ад імя Папы Рымскага ён каранаваўся ў Наваградку[3] на караля Літвы (першы і апошні такі тытул у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага). З гэтай падзеяй часта зьвязваюць знойдзены ў Наваградку рэдкі артэфакт — гэтак званы «Кубак Ядвігі» (вывезены ў расейскі Эрмітаж), які выкарыстоўвалі ў час каранацыяў і найвышэйшых урачыстасьцяў. Лічыцца, што гэты кубак быў падарункам Міндоўгу ад бізантыйскага імпэратара Атона II[29].

У 1254 годзе сын Міндоўга Войшалк склаў ад імя бацькі мір з Галіцка-Валынскім княствам і перадаў Наваградак Раману Данілавічу. У 1258 годзе ў выніку разрыву міру Войшалк зноў пачаў княжыць у Наваградку. У змаганьні супраць Галіцка-Валынскага княства і жамойцкіх князёў ён аб’яднаў вакол сябе Пінскую зямлю, Нальшчаны і Дзяволту.

Thumb
Замкавая гара. К. Русецкі, 1846 г.

Наваградак неаднаразова (у 1250-я, 1274, 1276 і 1277 гады) цярпеў ад набегаў мангола-татараў і іх хаўрусьнікаў — дружынаў галіцка-валынскіх князёў, пазьней (у 1314, 1321, 1341, 1390 і 1394 гады) сюды ўчынялі свае выправы крыжакі. Апроч таго, на места рабілі набегі крымскія татары (апошнія адбыліся ў 1505—1506 гадох).

З 1329 году Наваградак знаходзіўся ў валоданьні Карыята, па 1358 годзе — ягонага сына Фёдара, з 1386 году — Карыбута[30]. У 1392 годзе места было адным з цэнтраў вялікакняскага дамэну. У канцы XIV — пачатку XV стагодзьдзяў вялікі князь Вітаўт пасяліў у Наваградку і ягоных ваколіцах татараў.

Thumb
Краявіды места, 1883 г.

Яшчэ ў 1316 годзе[31] Наваградак стаў цэнтрам незалежнай ад Масквы Літоўскай мітраполіі, якая ахоплівала праваслаўную царкву Вялікага Княства Літоўскага і Галіцыі (да 1330 году)[32]. У 1415 годзе тут на саборы праваслаўных япіскапаў мітрапалітам літоўскім абралі Рыгора Цамблака. У 1422 годзе ў Наваградзкім фарным касьцёле адбыўся шлюб караля польскага Ягайлы з Соф’яй Гальшанскай, які даў пачатак дынастыі Ягелонаў. У 1428 годзе Вітаўт запісаў места разам з навакольнымі вёскамі ў пажыцьцёвае валоданьне сваёй жонцы Юліяне.

Thumb
Гара Міндоўга

У студзені 1507 году Наваградак стаў сталіцай ваяводзтва. 26 ліпеня 1511 году вялікі князь Жыгімонт Стары надаў месту Магдэбурскае права, якое пацьвярджалася ў 1562, 1595 і 1776 гады. У 1518 і 1534 гадох Наваградак пацярпеў у выніку войнаў Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім. На 1568 год тут дзеялі 10 цэркваў[31]. З XVI ст. места стала адным з цэнтраў Рэфармацыі. З 1581 году тут праходзілі паседжаньні Галоўнага Трыбуналу. Па Берасьцейскай уніі (1596 год) Літоўская мітрапаліцкая катэдра стала грэцка-каталіцкай.

18 сакавіка 1595 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза зацьвердзіў герб Наваградку: «у чырвоным полі постаць арханёла Міхаіла ў чорным узбраеньні з крыламі за сьпінай, у правай руцэ меч, у левай — шалі»[33], а ў 1597 годзе ён надаў мяшчанам прывілей на 2 штогадовыя кірмашы на працягу 2 тыдняў у каталіцкія сьвяты Тры Каралі і Тройцу.

Захавалася сьведчаньне азначэньня жыхароў Наваградку і ваколіцаў ліцьвінамі: «Белорусцы: Филип Белетцкий, руское имя тож, сказал родом литвин[d], Новгородцкого повету, отец и мать веру держали киевскую» (1623—1624 гады)[36]. У матрыкуле Базэльскага ўнівэрсытэту пад 1590/1591 годам значыцца Johannes Snumyn, Lituanus, Palatinides Novogrodensis[37], у матрыкуле Дылінгенскага ўнівэрсытэту пад 1607 годам — Nicolaus Skoruski Lithuanus Nouogrodecum[38], у матрыкуле Каралявецкага ўнівэрсытэту пад 1618 годам — Martinus Wietogolski, Novogrodiensis Lithvanus[39]. Паводле біяграфічнай даведкі 1628 году пра Рафала Корсака: Lithuanus, natus in Districtu Novogroden[40]. Паводле запісу мэтрыкі гімназіі ў Браўнсбэргу, Beresniewiez Thom. Lituanus ex pal. Novogrod. (1702 год)[41].

У 1648 годзе Наваградак пацярпеў ад набегаў казакаў. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у верасьні 1655 годзе яго захапіла маскоўскае войска А. Трубяцкога. Па вызваленьні, у 1661 годзе вялікі князь у зьвязку з ваеннымі спусташэньнямі скасаваў для Наваградку выплату падаткаў тэрмінам на 4 гады. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) у 1706 годзе швэдзкія войскі занялі места і зруйнавалі замак.

Ваенныя падзеі XVI—XVIII стагодзьдзяў і іншыя катаклізмы (пажары 1578, 1599, 1613, 1652 гадоў, найбольш моцны — у 1751 годзе, калі згарэлі 167 дамоў, 4 касьцёлы, ратуша і канцылярыя ваяводы; эпідэміі 1590, 1592, 1603, 1708 гадоў) прывялі Наваградак да палітычнага і эканамічнага заняпаду. У канцы XVIII ст. у месьце дзеялі 3 цэрквы, 5 касьцёлаў, 6 кляштараў, сынагога і мячэт.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

Thumb
Дом Адама Міцкевіча

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Наваградак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1796 годзе стаў цэнтрам павету Слонімскага намесьніцтва (з 1801 году Гарадзенскай, з 1842 году Менскай губэрні). 24 сьнежня 1798 году ў самім месьце або ў блізкім да яго Завосьсі нарадзіўся паэт Адам Міцкевіч.

Thumb
Вуліца Кавальская. Літаграфія з малюнка Н. Орды, 1880 г.

У вайну 1812 году па заняцьці Наваградку Напалеонам зь мясцовых жыхароў сфармаваўся 19-ы ўланскі полк літоўскіх войскаў. На 1817 год у месьце было 428 драўляных і 9 мураваных жылых дамоў.

За часамі вызвольнага паўстаньня 22 ліпеня 1831 году Наваградак з-пад расейскай улады на пэўны час вызваліў аддзел Ю. Кашыца і М. Межаеўскага. Па ліквідацыі дамініканскай школы (1834) царскія ўлады адкрылі 5-клясную вучэльню, пераўтвораную ў 1858 годзе ў Наваградзкую гімназію. На 1837 год у Наваградку было 4 небрукаваныя і 9 брукаваных вуліцаў і завулкаў. За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў месьце сфармавалася паўстанцкая арганізацыя на чале з У. Борзабагатым.

У 1862 годзе ў Наваградку заснавалі кафляны завод, у 1888 годзе — банк, у 1895 годзе — друкарню. Паводле перапісу 1897 году, у месьце былі 723 жылыя дамы; дзеялі саборная царква, царква, касьцёл, сынагога і мячэт; працавалі меская вучэльня з аддзяленьнем для дзяўчынак, жыдоўская прыватная вучэльня, паштовая станцыя, 25 крамаў у гандлёвых радах і 62 асобныя крамы, цагельны, ганчарны, мылаварны і 2 ганчарна-кафляныя заводы, 8 гатэляў і 6 заезных двароў, 20 корчмаў і піцейных дамоў.

У 1905 годзе ў Наваградку зьявіліся першыя вулічныя газавыя ліхтары. На 1910 год у месьце было 76 мураваных і 1074 драўляныя будынкі, на 1914 год — 6 навучальных установаў.

За часамі Першай сусьветнай вайны 22 верасьня 1915 году Наваградак занялі войскі Нямецкай імпэрыі. У гэты час тут збудавалі электрастанцыю, правялі тэлефанізацыю і праклалі вузкакалейку.

Найноўшы час

Thumb
Абвестка Беларускай гімназіі
Thumb
Ваяводзкі герб з Пагоняй

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Наваградак абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР, а жыхары Гарадзечанскай, Гарадзішчанскай, Карэліцкай, Любчанскай, Мірскай, Нягневіцкай, Райцаўскай і Шчорсаўскай воласьцяў Наваградзкага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[43]. 27 сьнежня 1918 году ў Наваградак ўвайшлі бальшавікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР[44]. З 18 красавіка 1919 да 19 ліпеня 1920 году і з 1 кастрычніка 1920 году Наваградак займалі польскія войскі. 25 траўня 1919 году тут адкрылася Наваградзкая беларуская гімназія. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году места апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, яшчэ раней у 1919 годзе аднавілася Наваградзкае ваяводзтва. У 1920—1930-я гады тут выходзіла больш за 10 найменьняў пэрыядычных выданьняў, у кастрычніку 1922 году пачала выдавацца першая ў Наваградку беларуская газэта «Наша Бацькаўшчына». У 1924—1931 гадох на Малым замку насыпалі курган у гонар Адама Міцкевіча, 11 верасьня 1938 году адкрыўся ягоны музэй. На 1931 год у месьце было 1055 жылых будынкаў, дзеялі 2 касьцёлы, 2 царквы, 3 сынагогі і мячэт; апрача беларускай, працавала польская гімзазія. Апроч таго, існавалі 2 лякарні, 7 гатэляў і 2 друкарні.

У 1933 годзе ў выданьні «Kurier Nowogrodzki» зазначалася, што «тутэйшыя» да нядаўняга часу называлі сябе ліцьвінамі і што былі спробы ўтрымаць пры сабе гэтую назву з адрознасьцю ад «ковенскіх летувісаў»[e].

У 1939 годзе Наваградак увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці (з 1954 году ў Гарадзенскай вобласьці). У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да 8 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху ў складзе Генэральнага Камісарыяту «Беларусь», дзе было цэнтрам Наваградзкай акругі. У гэты часманашкі з Ордэну Сьвятой Сям’і з Назарэту зладзілі на просьбу бацькоў падпольнае вывучэньне дзяцей польскай мовы і гісторыі. Падпольная школа спыніла сваё існаваньне па тым, як 1 жніўня 1943 году 11 манашак, у тым ліку галоўную арганізатарку школы, расстралялі нацысты[46].

Remove ads

Насельніцтва

Дэмаграфія

  • XV стагодзьдзе: 1500 год — 3—4 тыс. чал.[31]
  • XVI стагодзьдзе: 1550 год — 2—5 тыс. чал.
  • XVIII стагодзьдзе: 1795 год — каля 3 тыс. чал.[47]
  • XIX стагодзьдзе: 1817 год — 1571 чал., у тым ліку 726 жыдоў і 319 татараў[48]; 1837 год — 3679 чал.; 1860 год — 5844 чал.[49]; 1861 год — 6379 чал.; 1886 год[48] — 13 656 чал. (6965 муж. і 6691 жан.), у тым ліку паводле веры: каталікоў 2976, праваслаўных 1788, пратэстантаў 83, юдэяў 8137, магамэтанаў 545, іншых 65; паводле стану: шляхты 948, духоўнага стану 42, ганаровых грамадзянаў і купцоў 58, мяшчанаў 12 135, вайсковага стану 311, іншых 52[50].; 1897 год — 7887 чал., зь іх роднай мовай назвалі беларускую 1676, польскую 401, расейскую 319, украінскую 16, ідыш 4992, татарскую 475, нямецкую 5 жыхароў; паводле веры праваслаўных і адзінаверцаў 1573, каталікоў 790, пратэстантаў 14, юдэяў 5015, магамэтанаў 494[51].
  • XX стагодзьдзе: 1910 год — 8414 чал.; 1921 год — 6367 чал.; 1931 год — 9567 чал.; 1939 год — 11 335 чал.; 1974 год — 21 тыс. чал.[52]; 1991 год — 30,5 тыс. чал.; 1995 год — 31 тыс. чал.[5]; 1998 год — 30,7 тыс. чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 30 803 чал.; 2006 год — 30,7 тыс. чал.; 2009 год — 29 336 чал.[53] (перапіс); 2016 год — 29 594 чал.[54]; 2017 год — 29 459 чал.[55]; 2018 год — 29 424 чал.[2]

Адукацыя

У Наваградку працуюць 6 сярэдніх школаў; 2 гімназіі; 1 вучэльня. Апроч гэтага, у месьце ёсьць два каледжы:

  • Наваградзкі дзяржаўны гандлёва-эканамічны каледж — адна з прэстыжных сярэдніх адмысловых навучальных установаў Гарадзенскай вобласьці. Каледж прапануе наступны шэраг спэцыяльнасьцяў: Банкаўская справа; Бухгальтарскі ўлік, аналіз і кантроль; Эканоміка і арганізацыя вытворчасьці (спэцыялізацыя: эканоміка і арганізацыя вытворчасьці на прадпрыемствах гандлю); Камэрцыйная дзейнасьць. Таксама працуюць падрыхтоўчыя курсы.
  • Наваградзкі дзяржаўны аграрны каледж — установа адукацыі ў структуры Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Рэспублікі Беларусь. Каледж забясьпечвае падрыхтоўку адмыслоўцаў сярэдняга зьвяна і працуе па інтэграванай бесьперапыннай сыстэме навучаньня з Гарадзенскім дзяржаўным аграрным унівэрсытэтам. Установа мае чатыры навучальныя карпусы, два інтэрнаты на 570 месцаў, багатую бібліятэку з чытальнай заляй. Фізычнай культурай навучэнцы Наваградзкага аграрнага каледжа займаюцца ў абсталяванай спартовай залі, у трэнажорнай залі і на адкрытых пляцоўках. Важным аб’ектам таксама зьяўляецца клюб з актавай заляй на 500 пасадкавых месцаў. За ўвесь час яго існаваньня ўстанова мае больш за 14 тыс. выпускнікоў. Каледж прапануе наступныя спэцыяльнасьці: Аграномія; Землеўладкаваньне; Камэрцыйная дзейнасьць.

Мэдыцына

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць меская лякарня і 4 паліклінікі.

Культура

Дзеюць дом культуры, 4 бібліятэкі, 2 кінатэатры.

Мас-мэдыя

Выдаецца газэта «Новае жыццё».

Remove ads

Забудова

Вуліцы і пляцы

Афіцыйная назваГістарычная назваБылыя назвы
1 мая вуліцаКавальская вуліцаСямёнаўская вуліца
3 мая вуліца
17 верасьня вуліцаФальваркавая вуліца
Белуша вуліцаСянная вуліца
Ваўчэцкага вуліцаЧыгуначная вуліца
Гарадзенская вуліцаПадляская вуліца
Бэрнардынская вуліца
Францішканская вуліца
Інтэрнацыянальная вуліцаТатарская вуліца
Камсамольская вуліцаВаяводзкая вуліца
Леніна вуліцаВалеўская вуліцаЮзэфа Пілсудзкага вуліца
Леніна плошчаРынак пляц
Менская вуліцаТраецкая вуліца
Карэліцкая вуліца
Адама Міцкевіча вуліцаСлонімская вуліца
Паштовая вуліцаБазылянская вуліцаБарысаглебскі завулак
Пушкіна вуліцаФарная вуліца
Савецкая вуліцаЖыдоўская вуліца
Касьцельная вуліца
Сечка вуліцаВіленская вуліца
Сьвярдлова вуліцаСянежыцкая вуліца
Усходняя вуліцаМячэтавая вуліца
Чапаева вуліцаАнтавільская вуліца

З урбананімічнай спадчыны Наваградку да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Замкавая.

Мясцовасьці

Гістарычныя мясцовасьці Наваградку: Віктарын, Калёнія, Пярэсека, Рацэўля.

Remove ads

Эканоміка

У Наваградку працуюць прадпрыемствы машынабудаваньня і мэталаапрацоўкі, харчовай, лёгкай прамысловасьці і вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў.

Больш інфармацыі Пералік прамысловых прадпрыемстваў Наваградку ...
Remove ads

Транспарт

Наваградак — буйны вузел аўтамабільных шляхоў. На цэнтральным мескім пляцы перакрыжоўваюцца наступныя аўтамабільныя дарогі: Р5 (Баранавічы — Наваградак — Іўе), Р10 (Любча — Наваградак — Зьдзецел), Р11 (Парачаны (ад М6) — Наваградак — Нясьвіж). З усходняга, паўднёвага і заходняга боку места маецца колцавая аб’язная аўтамабільная дарога.

Пасажырскія перавозкі ў Наваградку і ваколіцах ажыцьцяўляе УП «Аўтобусны парк №5».

Remove ads

Турыстычная інфармацыя

Інфраструктура

Thumb
Замчышча

Наваградак — пэрспэктыўны цэнтар турызму міжнароднага значэньня і краязнаўства[56]. У месьце штогод праводзіцца фэст сярэднявечнай культуры «Наваградзкі замак». За 2010 год Наваградак наведалі каля 23 тыс. турыстаў[57] (4 турысты на 5 жыхароў за год).

  • Музэі: Дом-музэй Адама Міцкевіча; Наваградзкі гістарычна-краязнаўчы музэй
  • Помнікі: Адаму Міцкевічу (1992); Якубу Коласу
  • Гатэлі: «Наваградак»; «Панскі дом»

Плянавалася, што ў 2009 годзе ў Наваградку паставяць помнік каралю Вялікага Княства Літоўскага Міндоўгу (у наш час працягваецца збор сродкаў). Конная статуя ў паўтара натуральнага памеру, вырабленая з бронзы, мусіць разьмясьціцца ў гістарычным цэнтры места. Праект кампазыцыі распрацаваў вядомы менскі скульптар Генадзь Буралкін.

Thumb
Рыцарскі фэст

Славутасьці

Страчаная спадчына

Remove ads

Галерэя

Помнікі сакральнай архітэктуры

Іншыя славутасьці

Remove ads

Месты-сябры

Больш інфармацыі Пералік местаў-сяброў Наваградку ...

Асобы

Remove ads

Глядзіце таксама

Заўвагі

  1. Летувіскі гісторык Томас Баранаўскас называе гэтае сьцьвярджэньне «мітам»[6]
  2. Сярод іншага, Наваградак выступае пад назвай Наваградак Літоўскі ў лістох вялікага князя Вітаўта 1415 году («Littawischen Nowogrotko») і ў пасланьні праваслаўнага духавенства Вялікага Княства Літоўскага 1415 году («в Новъм-граду Литовском»)[13].
  3. Адзначаецца ў такой форме ўжо ў 1653 годзе: «Pisan w Nawahradku»[16], тым часам месца націску фіксуецца ў выданьні «Трыбунала абывацелям Вялікага Княства Літоўскага» (Вільня, 1586 год), дзе пазначаецца друкаваным спосабам «в Нова́городку»[17]
  4. Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «сіи Андрѣи бяше родомъ Литвинъ, сынъ Ерденевъ, Литовскаго князя»[34] (Траецкі летапіс пад 1289 годам); «литвин родом» (жывот Даўмонта Пскоўскага першай трэці XIV стагодзьдзя[35]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)
  5. польск. Sytuacja «tutejszych», którzy jeszcze do niedawna nazywali siebie «Litwinami» jest obecnie dość kłopotliwa. Próby utrzymania przy sobie tej nazwy i odróżnianie się od «Letuwisów» kowieńskich, nie powiodły się[45]

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads