Змагары (палітычнае клішэ)
палітычнае клішэ From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«Змагары́» (па-расейску: змагары, па-ангельску: zmagars, zmagary[1]) — палітычны цэтлік, якім звычайна пазначаюць людзей, якія знаходзяцца ў апазыцыі рэжыму Лукашэнкі[2][3]. Спачатку гэты цэтлік ужываўся толькі сярод малазначных, маргінальных суполак антыбеларускай прарасейскай скіраванасьці[3] і некаторымі расейскімі СМІ, а з кастрычніка 2020 году яго пачалі выкарыстоўваць на дзяржаўным тэлебачаньні Беларусі ў мэтах прапаганды[3].
«Змагар» зьяўляецца прыкладам беларусізму ў расейскай мове[2].
Remove ads
У палітыцы
Да 2020 году сярод прарасейскіх колаў «змагарамі» называлі збольшага беларускіх нацыяналістаў[4][5][6][7][8]. Нацыяналістам, якіх пазначаюць «змагарамі», прыпісваюцца русафобія, палёнафілія ды «польскасьць» беларускага нацыяналізму[9], празахаднасьць ды падтрыманьне Захаду[6], а таксама тэрытарыяльныя прэтэнзіі на забраныя этнічныя землі беларусаў[6]. Гэтак жа прыпісваецца «абеларушваньне польскай гісторыі»[10] (паўстаньне Каліноўскага[11] і інш.) ды «польскіх дзеячоў» (Тадэвуш Касьцюшка, Кастусь Каліноўскі[10][12] і інш.).
Таксама за «змагара» могуць прызнаваць чалавека проста прабеларускай арыентацыі. Гэтая «прабеларускасьць» для радыкальных прарасейскіх рэсурсаў можа значыць падтрыманьне гербу Пагоні і бел-чырвона-белага сьцяга як гістарычных беларускіх сымбаляў або штодзённае ўжываньне беларускай мовы[13] (хоць і не абавязкова[3]). Часам гэты цэтлік даецца людзям, якія, на думку такіх рэсурсаў, заслаба падтрымліваюць паглыбленьне інтэграцыі з Расеяй[3].
У больш шырокім значэньні «змагары» — прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі, праваабаронцы, актывісты культурнай сфэры[3].
Як зазначае дырэктар аналітычнага цэнтру EAST у Варшаве Андрэй Елісееў, з пачаткам пратэстаў у 2020 годзе «змагары» пры рабоце беларускай дзяржаўнай прапаганды хутка ператварыліся ў беларускі аналяг «бандэраўцаў» з расейскай прапаганды[3].
Remove ads
У дзяржаўных СМІ Беларусі
Беларускія дзяржаўныя тэлеканалы «змагарамі» пачалі называць любых пратэстоўцаў, нязгодных з палітыкай Лукашэнкі[3]. Сам жа Аляксандар Лукашэнка кажа пра «змагароў» як ворагаў, «якія сядзяць у цёплых замежных кабінетах» і «прадаўжаюць вынаходзіць усё новыя падкопы супраць дзяржавы»[14], якім таксама «трэба процістаяць»[15].
Дыскрэдытацыя
Людзей, на якіх навешваюць дадзены цэтлік, звычайна дыскрэдытуюць наступным чынам:[3]
- Прыпісваньне разумовай непаўнавартасьці і нэгатыўных рысаў, генэралізацыя.
- Бяздоказнае прыпісваньне экстрэмісцкіх і тэрарыстычных дзеяньняў, генэралізацыя.
- Прыпісваньне крымінальных характэрыстык праз гісторыі асобных людзей, якія нібыта прымалі ўдзел у пратэставых акцыях.
- Несьвядомыя абагульняльныя паралелі з крымінальнымі суполкамі, запісваньне ў шэраг нацыянальных здраднікаў.
- Несьвядомыя паралелі з калябарантамі, фашыстамі, нацыстамі.
Remove ads
Моўны аналіз
Паводле мовазнаўца Барыса Нормана, «змагар» — гэта «апазыцыянэр, які стыхійна і агульна не прымае ўсё, што зьвязана з уладай»[2].
Кандыдат філялягічных навук А. Л. Стрыжак зазначае, што значэньне лексэмы «змагар» трансфармавалася ў сьвядомасьці носьбітаў мовы «з-за шэрагу дзеяньняў прадстаўнікоў беларускай апазыцыі, якая актыўна крытыкуе сучасныя сацыяльна-палітычныя абставіны»[16]. Навуковец вылучае таксама асаблівасьць функцыянаваньня беларусізму «змагар» у расейскай мове, пры якой канатацыйны кампанэнт значэньня ўзьнікае не з-за ягонай чужасьці ў расейскамоўным тэксьце, а праз «апэляцыю да дэнатату — цалкам скампрамэтаванаму вобразу апазыцыянэра»[17].
Філёлягі В. С. Горыцкая и М. В. Супрунчук вызначаюць слова «змагар» як найбольш часты беларусізм у расейскай мове і суадносяць яго зь літаратурным словам «апазыцыянэр» (па-расейску: оппозиционер), прычым, паводле аўтараў, адносная вага лексэмы «змагар» у беларускай расейскай мове складае 25%, а «оппозиционер» — 75%. Пры гэтым, на думку навукоўцаў, «змагар» розьніцца ад «оппозиционера» яскравай экспрэсіяй, якая робіць дадзены беларусізм патрэбным ў гутарковай мове, публіцыстыцы, інтэрнэце[18].
Вытворныя словы
У расейскай мове ад цэтліка «змагар» утвараецца нямала словаў, напрыклад: «змагарски», «змагаризм», «змагарства», «незмагар», «антизмагар», «антизмагарства», «антизмагарский»[2], а таксама «змагаризация»[19], «змагарьё»[3].
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads