Калёнія Варбурга
комплекс збудаваньняў у Берасьці (Беларусь) From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Калёнія Ва́рбурга — колішні квартал двухпавярховых драўляных дамоў у Берасьці, архітэктурны ўзор закапанскай архітэктуры першай траціны XX стагодзьдзя.

Мінуўшчына
Дванаццать драўляных двухпавярховых дамоў былі пабудаваныя ў 1925—1927 роках на сродкі жыдоўскай дабрачыннай арганізацыі «Джойнт» (ЗША) для бедных юдэйскіх сем’яў Берасьця-Літоўскага. З гэтай мэтай была набытая тэрыторыя ў Кіеўскай слабадзе між каталіцкімі ды жыдоўскімі могілкамі[1].
Дамы збудаваныя ў рэдкім для Берасьцейшчыны закапанскім стылі драўлянай архітэктуры па двух нязначна адрозных адзін ад аднаго праектах (з адной ці дзьвюмя мансардамі), распрацаваных адмыслова для калёніі. Агульная плошча васьмікватэрнага дому — 250 квадратных мэтраў, кожнай кватэры належала таксама дрывотня і прыбіральня. Калёнія была створаная самадастатковай — акрамя жылых дамоў улучала майстэрні, школу, сталоўку, дзьве пральні з духоўкамі і душам. Пад двума з дамоў былі абсталяваныя проціпажарныя рэзэрвуары з гідрантамі; чатыры студні забясьпечвалі калёнію вадой. Уезд у калёнію ўпрыгожвала драўляная брама з надпісам польскай мовай. Калёнія атрымала назву ў гонар Фэлікса Морыца Варбурга — банкіра, які ўзначальваў у тыя гады «Джойнт» і асабіста быў адным з спонсараў праекту: на ягоныя сродкі быў забрукаваны цэнтральны праезд, які стаў вуліцай імя Фэлікса Варбурга[1] (цяпер Першы Менскі завулак).
З прыходам нямецкіх войскаў у 1941 року жыхары калёніі былі пераселеныя ў гета, а 15 кастрычніка 1942 року — расстраляныя ў ліку трыццаці тысячаў берасьцейскіх жыдоў. Будынкі калёніі былі прыстасаваныя пад лягер для савецкіх палоньнікаў. Пасьля вяртаньня ў Берасьце войскаў Чырвонай арміі ў 1944 року ў лягеры №284 трымалі нямецкіх, італьянскіх і вугорскіх палоньнікаў. У 1950 року дамы былі адрамантаваныя і зноў сталі выкарыстоўвацца як жылыя.
Да канца XX стагодзьдзя дамы значна здрахлелі. Першыя пяць зь іх у пачатку двухтысячных рокаў адсялілі і разбурылі, на іхнім месцы збудавалі інтэрнат Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту[2]. У 2009 року быў заплянаваны знос рэшты сямі дамоў, але жыхароў тады адсяліць не пасьпелі. У 2010 року пасьля розгаласу ў грамадзтве і прэсе зьявіўся прапановы стварыць у калёніі этнаграфічны музэй і цэнтар жыдоўскай культуры, аднак мескія ўлады іх не ўхвалілі[3]. Толькі адзін будынак №12 па 1-м Менскім завулку атрымаў статус гісторыка-культурнага помніку[4].
У 2013 року дзеля будоўлі былі зьнесеныя яшчэ 3 дамы. Апошнія збудаваньні канчаткова былі зруйнаваныя ўвосені 2016 року.
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads