Кіпрыян Кандратовіч

From Wikipedia, the free encyclopedia

Кіпрыян Кандратовіч
Remove ads

Кіпрыян Антонавіч Кандратовіч (28 красавіка 1859 в.Зіневічы (цяпер Лідзкі раён) — 31 кастрычніка 1932, маёнтак Гародна, Лідчына) — расейскі і беларускі вайсковы дзяяч, сябра Народнага Сакратарыяту БНР.

Хуткія факты Месца нараджэньня, Месца сьмерці ...
Remove ads

Біяграфія

Кіпрыян Антонавіч Кандратовіч нарадзіўся 28 красавіка 1859 году ў вёсцы Зіневічы (Воранаўскі раён). Ён быў незаконнанароджаным сынам графа Юрыя Трубяцкога, павятовага судзьдзі. Маці — Зінаіда Залеская — дачка абшарніка, меўшага маёнтак Місевічы каля Зіневіч. Маці выйшла замуж за шляхціца Кандратовіча, чыё прозьвішча і імя па бацьку Кіпрыян атрымаў.

Кандратовічы — старажытны ліцьвінскі род, герб — Сыракомля.

Вучыўся ў Лідзкай павятовай дваранскай школе.

У 1875 г. у Вільні пачаў вайсковую службу ў 105-м Арэнбурскім пяхотным палку. У 1878 годзе атрымаў званьне падпаручніка і перайшоў у Ізмайлаўскі полк лейб-гвардыі ў Санкт-Пецярбургу, які ўдзельнічаў у Расейска-турэцкай вайне. У 1879 годзе перавёўся ў Егерскі полк лейб-гвардыі. У 1884 годзе скончыў курс Мікалаеўскай акадэміі Генэральнага штаба і пачаў весьці калёнку ваеннага агляду ва ўнівэрсытэцкай газэце «Маскоўскія ведамасьці». У 1900 годзе атрыманьне званьне генэрал-маёра і стаў загадваць 2-й брыгадай 30-й пяхотнай дывізіі. Увосень 1900 году падчас паўстаньня баксэраў у Кітаі лятучы атрад пад яго загадам праклаў расейскі тэлеграф ад Порт-Артура праз Мукдэн у Сыбір, што злучыла Санкт-Пецярбург з Манчжурыяй і Квантунам. За баявыя дзеяньні атрымаў ордэн сьвятога Ўладзімера 3-й ступені зь мячамі. У 1902 годзе прыбыў у распараджэньне загадніка войскамі Квантунскай вобласьці Яўгена Аляксеева. У 1904 годзе стаў загадваць 9-й Усходне-Сыбірскай стралковай брыгадай, пазьней разгорнутую ў дывізію. Падчас Расейска-японскай вайны ўдзельнічаў у баі пад Вафангоў 1—2 (14—15) чэрвеня 1904 году. 16—18 жніўня ў бітве пад Ляоянам прадухіліў разгром сваёй дывізіі праз прыкрыцьцё яе адступленьня. За гэта 17 ліпеня 1906 году атрымаў ордэн сьвятога Георгія 4-й ступені[2].

13 лютага 1905 году быў паранены. За вайну таксама атрымаў чын генэрал-лейтэнанта, залатую зброю «За храбрасьць» і ордэны сьвятога Станіслава 1-й ступені зь мячамі і сьвятой Ганны 1-й ступені зь мячамі. У 1908 годзе стаў начальнікам штаба Сямірэчанскага казачага войска і памагатым Туркестанскага генэрал-губэрнатара Аляксандра Самсонава. На пачатку 1910 году атрымаў званьне генэрала ад інфантэрыі і стаў загадваць 1-м Каўкаскім армейскім корпусам у Тбілісі. 15 жніўня 1913 году стаў загадваць новаўтвораным 23-м армейскім корпусам у Варшаўскай вайсковай акрузе. На пачатку Першай сусьветнай вайны разьбіў 41-ю пяхотную дывізію ў бітве пад Вапліцам 14/27 жніўня 1914 году і ўзяў звыш 1000 ваеннапалонных немцаў. 30 жніўня яго зьнялі з пасады камандзіра 23-га корпуса пасьля наступу 1-га нямецкага корпуса на Ронцкен. 25 лістапада 1915 году залічаны ў запас Менскай вайсковай акругі. 8 траўня 1917 году стаў загадваць 75-й пяхотнай дывізіяй у Пінску[2].

У 1917 г. Кіпрыян Кандратовіч далучаецца да беларускага нацыянальнага руху. На зьезьдзе воінаў-беларусаў Заходняга фронту ён абіраецца ў Цэнтральную Беларускую Вайсковую Раду (ЦБВР). У траўні-ліпені 1918 году ў Народным сакратарыяце БНР быў народным сакратаром унутраных справаў. У сьнежні 1918 году ў Вільні стварыў 1-ы беларуск полк, які да красавіка 1918 году ў складзе 5 ротаў і аднаго эскадрона разьмяшчаўся ў Аляксандраўскіх казармах. У 1919 годзе працаваў у складзе дэлегацыі ўраду БНР на Парыскай мірнай канфэрэнцыі. У 1920—1921 гадах быў намесьнікам міністра аховы краю Летувы. Пасьля выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў сваім маёнтку Гародна ў Лідзкім павеце разам з жонкай Адай і дачкой Верай[2].

Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads