Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны

From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны — дабрачынная арганізацыя для дапамогі бежанцам Першай сусьветнай вайны; адзін з цэнтраў беларускага нацыянальнага руху. Існаваў у Менску зь ліпеня 1915 па 1917 г. як аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, створанага ў Вільні ў красавіку 1915 г.

Хуткія факты Дата ўтварэньня, Дата спыненьня існаваньня ...
Remove ads

Гісторыя

Дабрачынная і культурная дзейнасьць

Аддзел налічваў каля 50 чалавек (сьнежань 1916). У камітэт праўленьня аддзелу ўваходзілі Віктар Чавусаў (старшыня), Ядвігін Ш., Уладзіслаў Галубок, Аляксандар Астрамовіч, Ванда Лявіцкая, Зоська Верас і яе маці Э. Сівіцкая, Усевалад Фальскі, сярод актывістаў Павал Аляксюк, Максім Багдановіч, Зьмітрок Бядуля, Аркадзь Смоліч.

Аддзел адкрыў некалькі начных прытулкаў для бежанцаў, дзіцячы прытулак у Ратамцы (каля Менску), 2 бясплатныя сталовыя, «Беларускую хатку», заснаваў 2 майстэрні. У красавіку-траўні 1916 г. дзейнічалі курсы па садаводзтве, гародніцтве і пчалярстве. У сьнежні 1916 г. хадайнічаў перад менскім губэрнатарам аб правядзеньні лекцыі Максіма Багдановіча «Беларускае адраджэньне» (хадайніцтва адхілена).

Ператварэньне ў менскі Нацыянальны камітэт (1917)

У студзені 1917 г. аддзел узначаліў Раман Скірмунт, а намесьнікам стаў Усевалад Фальскі.

Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі (1917) у Расеі аддзел аб’явіў сябе Нацыянальным камітэтам (на чале з Раманам Скірмунтам), ад імя якога ў Менску была распаўсюджана ўлётка да працоўных аб неабходнасьці ўтварэньня ўласнай беларускай дзяржаўнасьці — у той час, калі ўсходняя і цэнтральная Беларусь (зь Менскам) была пад кантролем Часовага ўрада Расеі, а заходняя — пад кантролем нямецкіх войскаў[1]. Як вынікае з тэксту ўлёткі, галоўнай перашкодай на гэтым шляху кіраўнікам камітэта бачылася амаль поўная адсутнасьць нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў і пачуцьця народа адзінай зямлі з-за рознасьці канфэсій: «Мы не палякі і не рускія, мы ад вякоў сядзім тут. Мы гаспадары на сваёй роднай зямельцы. Мы, гаспадары гэтага краю, не будзем лічыцца парабкамі другіх народаў, як нас дагэтуль лічылі. Беларусы, мы адзін народ. Дык злучайцеся ў адно, бо ў еднасьці сіла. Няхай нас ніхто не разьдзяляе, хай не будзе сваркі між беларусам праваслаўным і католікам, бо ўсе мы дзеці адной маткі — Беларусі. Гняздом нашым хай будзе менскі Беларускі камітэт»[2].

4 сакавіка 1917 г. Раман Скірмунт на паседжаньні Менскага аддзелу Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны выказаў прапанову абраць Лявона Зайца дэлегатам для кантактаў зь Менскім Саветам рабочых дэпутатаў[3]. Сувязь гэтая, праўда, была непрацяглай. Пазьней (за памкненьні Скірмунта наладзіць сувязь таварыства і нацыянальнага камітэта з рабочымі Менску для кансалідацыі сіл для дасягненьня аўтаноміі Беларусі) сацыяліст Леанід Заяц абразьліва абзаве Рамана Скірмунта «старым палітыкам і далёкабачным буржуем»[3].

Першай палітычнай нацыянальнай акцыяй камітэту стала арганізацыя і правядзеньне ў Менску шматлюднай маніфэстацыі 6 сакавіка 1917 г. у залі менскай губэрнскай управы, дзе арганізатары выступілі з прамовамі на беларускай мове пра будучыню беларускага народу і «высокія чалавечыя ідэалы»[2]. Неўзабаве яшчэ адной акцыяй Нацыянальнага камітэту стаў мітынг у Менску, на якім выступілі Павал Аляксюк, Аркадзь Смоліч, Усевалад Фальскі і Фабіян Шантыр, якія віталі расейскую дэмакратыю, Менскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў і заклікалі беларусаў да адзінства і арганізаванасьці[2].

12 сакавіка 1917 г. у менскім кінатэатры «Гігант» камітэт арганізаваў мітынг, на якім выступілі (на беларускай мове) Раман Скірмунт, доктар філязофіі Масоніўс, Аркадзь Смоліч, Лявон Заяц, Павал Аляксюк, Фабіян Шантыр і Касьцецкі. Сход, выказаўшы вітаньне вэтэранам беларускага руху (паручніку Шаблоўскаму і капітану Адамовічу, якія пацярпелі ад царскай улады), упершыню адкрыта выказаў патрабаваньне аб афармленьні палітычнай суб’ектнасьці Беларусі ў форме аўтаноміі ў складзе фэдэратыўнай Расеі. Гэта быў максымум, чаго можна было патрабаваць у тагачасных умовах ад Часовага ўрада Расеі, які неафіцыйна стаяў на прынцыпе «адзінай і непадзельнай Расеі». Патрабаваньне плянавалася агучыць і на Ўстаноўчым сходзе Расеі, які Часовы ўрад Расеі зьбіраўся правесьці восеньню 1917 г. — па пытаньні дзяржаўнага ўладкаваньня новай Расеі: у рэзалюцыі менскага сходу было запісана: «Беларусы, стоячы на грунце краёвай аўтаноміі, будуць выбіраць ва ўстаноўчы сход грамадзян, якія падзяляюць гэты прынцып»[4]. Пасьля мітынгу камітэт правёў кампанію «Дзень беларускага значка» па зборы сродкаў на беларускі нацыянальны друк: прадаваліся беларускія нацыянальныя значкі з нацыянальных колераў Беларусі — чырвонага і белага[5][6]. Газэта «Минская газета» ад 14 сакавіка 1917 г. паведамляла, што ў гэты дзень на вуліцах Менску «ўпершыню забытая мова забытай беларускай вёскі дамінавала ўсюды: на вуліцах, у кавярнях, кінэматографах»[6].

Паводле ўспамінаў Вінцэнта Гадлеўскага, выступы Рамана Скірмунта на беларускіх сходах «выдзяляліся і зьместам і формай. Яны былі заўсёды высокапатрыятычныя зь беларускага пункту гледжаньня і часам нават проста рэвалюцыйныя, што выклікала ў прысутных буру воплескаў»[6]. Відавочнай бачылася сучасьнікам падзей мэтанакіраванасьць Скірмунта ў адносінах палітычнай суб’ектнасьці Беларусі. Макар Краўцоў (Касьцевіч) успамінаў пазьней: «Калі Скірмунт у кожнае слова стараўся ўлажыць праграму, дык Шантыр сьпяваў гімны рэвалюцыі проста за тое, што яна ўжо сталася, што яна ёсьць. Абодва яны былі тады разам, за адным столікам прэзыдыюму»[6].

Праграма камітэта, дзе пераважалі прадстаўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады, выказвала патрабаваньне 8-гадзіннага працоўнага дня, гарантаваньня мінімуму заработнай платы, але з падачы яго кіраўніцтва на чале са Скірмунтам імкнулася не падкрэсьліваць клясавых адрозьненьняў, а акцэнтаваць увагу на патрабаваньні аўтаноміі Беларусі ў складзе Расеі[7].

Нацыянальны камітэт у сярэдзіне сакавіка 1917 г. у Менску прыцягнуў актывістаў БСГ да стварэньня цэнтру асьветы навакольнага сялянства[8]. Таксама ў выніку агульнага сходу службоўцаў губэрнскага камітэту ўдалося арганізаваць адмысловую камісію, якая стварыла Часовы менскі камітэт прапаганды асноў новага грамадзкага ладу (Сяргей Кавалік, Павал Аляксюк, У. Марзон і інш.) і пачаць збор ахвяраваньняў для арганізацыі такой прапаганды на расейскай і беларускай мовах[8]. Першы мітынг з такой тэматыкай быў арганізаваны 27 сакавіка 1917 г. у Смалявічах[8].

Самай галоўнай акцыяй беларускага Нацыянальнага камітэта ў Менску, які станавіўся важным палітычным цэнтрам беларускага руху па стварэньні палітычнай суб’ектнасьці Беларусі (ва ўмовах калі Вільня знаходзілася пад нямецкай уладай), было правядзеньне 25-27 сакавіка 1917 г. Зьезда беларускіх нацыянальных арганізацый, які абраў Беларускі нацыянальны камітэт[9].

Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads