Уладзімер Базан
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Уладзімер Сымонавіч Базан (7 красавіка 1956, г. Менск — 3 сакавіка 1997, г. Берасьце) — дзяяч беларускага адраджэнскага руху, мастак творчай суполкі «Пагоня», калекцыянэр, выдавец і палітык.
Уладзімер Базан нарадзіўся ў Менску. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (сёньня Акадэмія мастацтваў). Атрымаў адукацыю мастака-жывапісца і пэдагога. Па разьмеркаваньні прыехаў на працу ў Берасьце, дзе жыў да сваёй заўчаснай сьмерці. Як мастак выканаў на Берасьцейшчыне шэраг манумэнтальна-дэкаратыўных прац у тэхніцы мазаіка, росьпіс, зграфіта і інш., тэма якіх — адраджэньне нацыянальна-гістарычнай спадчыны беларускага народу. Найбольш значны з ягоных твораў — мазаіка «Старажытнае Берасьце» з 4-х фрагмэнтаў у Берасьці, зьмешчаная на фасадзе Берасьцейскага дзяржаўнага агульнаадукацыйнага абласнога ліцэю імя П. Машэрава, з выяваю сярэднявечнага места, знакамітых берасьцейцаў і гербоў Берасьця.
Калі ў Беларусі пачаўся адраджэнскі рух, яшчэ падчас вучобы ў Менску належаў да беларускіх моладзевых суполак, у Берасьці адным з першых уступіў у берасьцейскую грамадзка-культурную сябрыну «Край», якая ў канцы 1980-х праводзіла актыўную нацыянальна-асьветніцкую дзейнасьць у горадзе.
Быў удзельнікам Устаноўчага Зьезду БНФ «Адраджэньне» ад Берасьця, стаў адным з стваральнікаў структураў БНФ у Берасьці і вобласьці. Ад 1991 да 1997 гадоў (да моманту сваёй сьмерці) быў нязьменным кіраўніком (старшынём) Берасьцейскай абласной Рады БНФ і сябрам Сойму БНФ. Балятаваўся ў беларускі парлямант і мясцовыя органы ўлады.
У 1989 разам з аднадумцамі наладзіў выпуск (тады яшчэ паўлегальна) першай незалежнай беларускай газэты «Шлях» Берасьцейшчыны. Пасьля яе афіцыйнай рэгістрацыі зьяўляўся выдаўцом (дырэктарам) выдавецтва «Шлях».
Уладзімер Базан зьяўляўся вядомым у Беларусі калекцыянэрам, спэцыялістам па бонах і краязнаўцам, намаганьнямі якога быў прыняты сучасны герб Берасьця. Шэраг яго навуковых публікацыяў па дапаможных гістарычных дысцыплінах — па баністыцы зьмешчаныя ў «Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі» (у 6-ці т.).
Як грамадзка-актыўны чалавек стаў заснавальнікам шэрагу беларускіх грамадзкіх арганізацыяў: ГА «Стары горад» у Берасьці, Рэспубліканскі Фонд падтрымкі дэмакратычных рэформаў імя Л. Сапегі, творчай суполкі мастакоў «Пагоня» й інш.
Уладзімер Базан стаў заснавальнікам грэка-каталіцкай парафіі ў Берасьці, спрычыніўся да выпуску ў Берасьці грэка-каталіцкай газэты «Царква».
Раптоўна захварэў адразу пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году і заўчасна памёр у Берасьці ва ўзросьце 40 гадоў 3 сакавіка 1997 году. Пахаваны на радзіме продкаў на Случчыне ў в. Вярхуціна Старадароскага р-ну Менскай вобл.
Remove ads
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads