Мікалай Карполь

савецкі і расейскі валейбольны трэнэр From Wikipedia, the free encyclopedia

Мікалай Карполь
Remove ads

Мікала́й Васі́льевіч Карпо́ль (па-расейску: Николай Васильевич Карполь; нарадзіўся 1 траўня 1938 году, Бярэзьніца Палескага ваяводзтва, Другая Рэч Паспалітая) — савецкі і расейскі валейбольны трэнэр. Ачольваў жаночыя зборныя СССР (1978—1982, 1987—1991), СНД (1992), Расеі (1993—2004) і Беларусі (2009—2010). Прэзыдэнт і галоўны трэнэр клюбу «Уралочка-НТМК» (Екацярынбург, з 1969 року).

Хуткія факты Пэрсанальная інфармацыя, Поўнае імя ...

Заслужаны трэнэр СССР і Расеі, Заслужаны працаўнік фізычнай культуры Расеі. Чалец валейбольнае Залі славы. Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сьцяга, Сяброўства народаў, «За заслугі перад Айчынай» III ступені і іншымі адзнакамі. Двойчы ўганараваны прэміі «Спартовы Оскар» у намінацыі «Найлепшы трэнэр па валейболе сярод жаночых камандаў». Ганаровы грамадзянін Екацярынбургу і Сьвярдлоўскай вобласьці.

Remove ads

Жыцьцяпіс

Мікалай Карполь нарадзіўся 1 траўня 1938 року ў вёсцы Бярэзьніцы (цяпер у Пружанскім раёне Берасьцейскай вобласьці). Бацька і двое братоў загінулі на фронце. Выхаваньнем Мікалая і ягонага малодшага брата займалася бабуля. Вучыўся ў Ружанскай сярэдняй школе[1], дзе пачалося ягонае захапленьне валейболам[2].

Мікалай Карполь скончыў школу ў 1955 і ў наступным року пераехаў на Ўрал. У Ніжнім Тагіле паступіў у прафтэхвучэльню, дзе засвоіў прафэсію майстра мэханічнага калёнкавага сьвідраваньня і трапіў на працу ў трэст «Уралбурвзрывпром». Адначасна працягнуў навучаньне на фізычна-матэматычным факультэце Ніжнетагільскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту — з 1957 року на завочным, а цераз год — на дзённым аддзяленьні.

Упершыню на трэнэрскай ніве Мікалай Карполь паспрабаваў сябе ў студэнцкія гады, стварыўшы ў 1959 року валейбольны клюб на базе Індустрыяльнага пэдагагічнага тэхнікуму. У 1960 перайшоў у Сьвярдлоўскі абласны савет ДСТ «Працоўныя рэзэрвы», дзе працаваў трэнэрам да 1969 року. З 1963 трэніраваў зборную РСФСР «Працоўных рэзэрваў». Па сканчэньні НТДПІ ў сярэдзіне 1960-х цягам 2 рокаў спалучаў трэнэрскую працу з пэдагагічнай дзейнасьцю — выкладаў фізыку і астраномію ў вечаровай школе, тэхнічную мэханіку ў ПТВ.

У 1966 Мікалай Карполь ажаніўся з Галінай Дуванавай, адной зь лепшых гульцоў «Уралачкі», і праз год маладая сям’я пераехала ў Сьвярдлоўск. З 1969 року Мікалай Карполь ачоліў жаночы валейбольны клюб «Уралачка», практычна ўсе дасягненьні якога зьвязаныя зь імем яго галоўнага трэнэра. У кастрычніку 1978 року на базе «Ўралачкі» Карполь стварыў нацыянальную зборную СССР, зь якой перамог на маскоўскай Алімпіяде-1980.

У 1982, пасьля няўдалага выступу на чэмпіянаце сьвету (6-е месца), Мікалай Васільевіч адхілены ад кіраваньня зборнай. У 1987, вярнуўшыся на трэнэрскі масток, заняўся падрыхтоўкай савецкіх валейбалістак да Алімпіяды ў Сэуле-1988. Фінальны матч сэульскай Алімпіяды СССРПэру стаў адным з самых драматычных за ўсю алімпійскую гісторыю валейболу. Каманда СССР, якую перад пачаткам турніру адмыслоўцы не залічвалі ў склад фаварытаў, здолела ў пятай вырашальнай партыі вырваць перамогу 17:15.

Нацыянальныя жаночыя зборныя па валейболе пад кіраўніцтвам Карполя яшчэ тройчы атрымоўвалі алімпійскія ўзнагароды: срэбныя мэдалі ў Барсэлёне, Сыднэі і Афінах.

Акрамя посьпехаў у СССР Карполь, па сутнасьці, стварыў жаночы валейбол у Харватыі. З 1990 року ён працаваў галоўным трэнэрам заграбскай «Младасьці», чэмпіёна краіны 1992—1996 рокаў. У 1995—1999 харваткі тройчы запар выйгравалі срэбра чэмпіянатаў Эўропы. Адначасна Мікалай Васільевіч працаваў дараднікам з правамі галоўнага трэнэра ў гішпанскім клюбе «Мурсія» (1993—1996) і тройчы выйграваў чэмпіянаты Гішпаніі.

У чэрвені 2009 року Мікалай Карполь быў прызначаны тэхнічным дырэктарам жаночай зборнай Беларусі, а ў жніўні стаў яе галоўным трэнэрам[3]. У лістападзе 2010 року з прычыны няўдалага выступу зборнай у адборачным цыкле чэмпіянату Эўропы-2011 сышоў у адстаўку.

Мікалай Карполь вылучаецца экспрэсыўнымі і нестандартнымі паводзінамі на пляцоўцы, на мяжы дазволенага. Аднак большасьць ягоных апекуноў выказваюцца пра яго выключна станоўча. Ад валейбалістак Карполь атрымаў мянушку «тата».

Жыве і працуе ў Маскве. Мае брата і сястру, якія жывуць у Беларусі[4].

Remove ads

Дасягненьні

  • Са зборнай СССР:
    • 2-разовы алімпійскі чэмпіён (1980, 1988);
    • чэмпіён сьвету (1990);
    • срэбны (1989) і бронзавы (1981, 1991) прызэр Кубку сьвету;
    • 3-разовы чэмпіён Эўропы (1979, 1989, 1991), срэбны прызэр (1981).
  • Са зборнай Расеі:
    • 2-разовы срэбны прызэр Алімпійскіх гульняў (2000, 2004);
    • 3-разовы бронзавы прызэр чэмпіянатаў сьвету (1994, 1998, 2002);
    • 4-разовы чэмпіён Эўропы (1993, 1997, 1999, 2001), бронзавы прызэр чэмпіянату Эўропы (1995);
    • 3-разовы пераможца Гран-пры (1997, 1999, 2002), 3-разовы срэбны (1998, 2000, 2003) і 3-разовы бронзавы (1993, 1996, 2001) прызэр Гран-пры;
    • уладальнік (1997) і бронзавы прызэр (1993) Сусьветнага Кубку чэмпіёнаў.
  • З камандай «Уралочка» (Екацярынбург):
    • 11-разовы чэмпіён СССР (1978—1982, 1986—1991), 2-разовы срэбны (1984, 1985) і 2-разовы бронзавы (1977, 1983) прызэр;
    • 3-разовы уладальнік Кубку СССР (1986, 1987, 1989);
    • 14-разовы чэмпіён Расеі (1992—2005);
    • 8-разовы ўладальнік Кубку эўрапейскіх чэмпіёнаў (1981—1983, 1987, 1989, 1990, 1994, 1995);
    • 2-разовы ўладальнік Кубку ўладальнікаў Кубкаў (1986, 1987).
Remove ads

Узнагароды

  • заслужаны трэнэр СССР (1980);
  • заслужаны працаўнік фізычнай культуры РСФСР (1986);
  • ганаровы грамадзянін Екацярынбургу (1991);
  • ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу;
  • ордэн Сяброўства народаў;
  • мэдаль ордэну «За заслугі перад Айчынай» III ступені;
  • знак «За заслугі ў алімпійскім руху Расеі».

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads