Альжыр
краіна ў Паўночнай Афрыцы / From Wikipedia, the free encyclopedia
Альжы́р (па-арабску: الجزائر, па-бэрбэрску: ⴷⵣⴰⵢⴻⵔ) — найбуйнейшая паводле плошчы краіна ў Афрыцы. Афіцыйная назва — Народная Дэмакратычная Рэспубліка Альжыр. Мяжуе з Тунісам на паўночным усходзе, Лібіяй на ўсходзе, Нігерам на паўднёвым усходзе, Малі і Маўрытаніяй на паўднёвым захадзе, а таксама Марока і некалькі кілямэтраў з Заходняй Сахарай на захадзе, а з поўначы Альжыр абмываецца Міжземным морам. Краіна займае плошчу амаль у 2,382 млн км², што робіць яе дзясятай паводле велічыні дзяржавай у сьвеце і першай ў Афрыцы[7]. Лічыцца часткай рэгіёну Магрыб у Паўночнай Афрыцы. Краіна мае паўзасушлівы клімат, большая частка насельніцтва жыве на ўрадлівай поўначы, а пустэльня Сахара займае ўвесь поўдзень краю. Сталіцай і найбуйнейшым местам ёсьць горад Альжыр, разьмешчаны на скрайняй поўначы на ўзьбярэжжы Міжземнага мора.
З XVI па XVIII стагодзьдзі Альжыр знаходзіўся ў складзе Асманскай імпэрыі. У пачатку XIX стагодзьдзя пачалася француская калянізацыя. У 1954 годзе ў Альжыры быў сфармаваны Фронт нацыянальнага вызваленьня. Паводле вынікаў кровапралітнай вайны супраць францускіх каляніяльных войскаў у 1962 годзе Альжыр стаўся незалежнай сацыялістычнай дзяржавай. Да канца 1980-х супярэчнасьці паміж прыхільнікамі сьвецкай улады і ісламістамі перарасьлі ў грамадзянскую вайну, якая скончылася разгромам фундамэнталістаў. Пераважная большасьць насельніцтва Альжыру складаюць арабы-бэрбэры, якія вызнаюць іслам і карыстаюцца афіцыйнымі мовамі, як то арабскай і бэрбэрскай. Тым ня менш, француская мова ня страціла свайго ўплыву і выкарыстоўваецца ў адміністрацыйнай і адукацыйнай сфэрах. Асноўнай гутарковай мовай ёсьць альжырская арабская.
Альжыр ёсьць рэспублікай зь зьмяшанай формай кіраваньня, мясцовыя выбарчыя акругі складаюцца з 58 вілаетаў і 1541 камуны. Гэта рэгіянальная дзяржава ў Паўночнай Афрыцы, якая мае сярэднюю сілу ў сусьветных справах. Альжыр мае самы высокі індэкс чалавечага разьвіцьця сярод усіх неастраўных афрыканскіх краінаў і адну з найбуйнейшых эканомік на кантынэнце, якая, аднак, у асноўным сілкуецца дзякуючы экспарту вуглевадародаў. Альжыр займае 16-е месца ў сьвеце паводле пакладах нафты і дзявятае месца паводле пакладах прыроднага газу. Нацыянальная нафтавая кампанія Санатраш ёсьць найбуйнейшай кампаніяй у Афрыцы, якая пастаўляе вялікія аб’ёмы прыроднага газу ў Эўропу. Войска Альжыру ёсьць адным з найбуйнейшых паводле колькасьці ў Афрыцы, а дзяржава ў цэлым мае самы вялікі абаронны бюджэт на кантынэнце. Альжыр уваходзіць у Афрыканскі зьвяз, Лігу арабскіх дзяржаваў, Арганізацыю ісламскай супрацы, АПЭК, Арганізацыю Аб’яднаных Нацыяў і Зьвяз арабскага Магрыбу. У верасьні 2005 году атрымаў статус асацыяванага чальца Эўрапейскага зьвязу.