Армянская апостальская царква
старадаўняя ўсходняя царква / From Wikipedia, the free encyclopedia
Армя́нская Апо́стальская Ца́рква (па-армянску: Հայաստանեայց Առաքելական Եկեղեցի; поўная афіцыйная саманазва — Адзіная Святая Саборная Апостальская Праваслаўная Армянская Царква; распаўсюджанае, але не выкарыстоўваецца ў самой Царкве назва Армяна-Рыгорыянская Царква) — адна з старажытных хрысьціянскіх цэркваў, што мае шэраг істотных асаблівасьцяў, якія адрозьніваюць яе як ад праваслаўя, так і рымскага каталіцызму. Звычайна залічваецца рэлігіязнаўцамі да групы дахалкедонскіх арыентальных цэркваў. Некаторымі разглядаецца як самая старажытная «нацыянальная царква» ў сьвеце.[1] Адміністрацыйна, існуе дзьве незалежныя структуры: з цэнтрам у Эчміядзіне і Кілікійскі каталікосат — Каталікосат Вялікага Дома Кілікійскага (па-армянску: Մեծի Տանն Կիլիկիոյ Կաթողիկոսութիւն) з цэнтрам (з 1930) у Анцэліясе, Лібан.
Часам заснаваньня прынята лічыць 301 год — яна была створаная высілкамі сьвяціцеля Рыгора Асьветніка (памёр у 335 г.), сын і пераемнік якога, Арыстакес, быў удзельнікам I Сусьветнага Сабора. У сваёй дагматыцы грунтуецца на пастановах трох першых Сусьветных Сабораў і прытрымваецца хрысталёгіі сьвяціцеля Кірылы Александрыйскага (г. зн. міяфізіцтва; багаслоўскія крытыкі ААЦ традыцыйна сьцьвярджалі, што яе багаслоўе варта тлумачыць як монафізіцкае). У IV Сусьветным Саборы ня ўдзельнічала па аб’ектыўных прычынах і пастановаў яго не прыняла. У пэрыяд з 491 па 536 канчаткова адасобілася ад Канстантынопальскага патрыярхата і сусьветнай царквы.
У цяперашні час налічае 5 епархіяў у межах Армэніі і некалькі іншых у Амэрыцы, Азіі, Эўропе і Аўстраліі.