Беларусазнаўства
гуманітарная навука, якая вывучае адметнасьць і агульнасьць беларусаў / From Wikipedia, the free encyclopedia
Беларусазна́ўства — гуманітарная навука, якая вывучае адметнасьць і агульнасьць беларусаў, іх нацыянальны рух, узаемаадносіны з суседзямі й ролю ў сыстэме міжнароднай супольнасьці народаў у мінулым і сучасным. Вызначаецца комплексным, міждысцыплінарным падыходам да праблемаў дасьледаваньня. Зьдзяйсьняе самапазнаньне нацыі з мэтай выпрацоўкі й удасканаленьня нацыянальнай тэорыі, вызначэньня нацыянальнага шляху (аб’яднаўчай ідэі), аховы нацыянальных формаў быцьця, у якіх выяўляюцца заканамернасьці агульначалавечага прагрэсу. Лацінізаванай калькай азначэньня «беларусазнаўства» зьяўляецца малаўжывальнае азначэньне «альбарутэніка»[1].
Падкляса ад | славістыка ![]() |
---|---|
Прадмет вывучэньня | беларуская мова, беларусы, культура Беларусі ![]() |
Практыкуецца | беларусазнавец ![]() |
У межах навуковай плыні існуе асьветнае беларусазнаўства, якое распаўсюджвае сярод насельніцтва веды па мове, літаратуры, гісторыі, этнаграфіі, геаграфіі, эканоміцы, фальклярыстыцы, мастацтвазнаўстве й інш. Спалучэньне навуковай і асьветнай дзейнасьці тлумачыцца цеснай сувязьзю тэорыі й практыкі нацыянальнага будаўніцтва. Пад узьдзеяньнем самых розных абставінаў нацыі заўсёды зьяўляюцца пэўным варыянтам кансалідацыі, а не застылай структурай. Пасьпяховае разьвіцьцё нацыі немагчымае без пастаянных мэтанакіраваных намаганьняў па яе духоўным аздараўленьні, таму нацыянальная тэорыя толькі ў зьвязку з нацыянальнай прапагандай надаюць этнасу жыцьцяздольнасьць і згуртаванасьць.
Нацыянальная навукова-асьветная праца звычайна арганізуецца на дзяржаўным узроўні з выкарыстаньнем найноўшых дасягненьняў у галіне навукі й тэхнікі (выдавецтвы, друкарні, радыёстанцыі, кіна- і тэлестудыі) і з дапамогай бібліятэкаў, архіваў, музэяў. У межах беларусазнаўства вядзецца ўлік і збор навуковай і мастацкай літаратуры, які складае асобны разьдзел пад назвай беларусістыка, ці беларосіка, альбаросіка, альбарутэніка. Часам пад беларусістыкай разумеюць сукупнасьць розных культурных здабыткаў беларускай нацыі (беларусістыка ў мастацтве, музыцы й г. д.). Беларусістамі называюць навукоўцаў, якія займаюцца дасьледаваньнем Беларусі.