Лацінка
беларускі лацінскі альфабэт / From Wikipedia, the free encyclopedia
Лаці́нка (Łacinka), таксама вядомая як Белару́ская лаці́нка (Biełaruskaja łacinka) — варыянт лацінскага альфабэту, прызначаны для запісу беларускай мовы[lower-alpha 1]. Адзін з традыцыйных нацыянальных беларускіх альфабэтаў разам з кірылічным[1].
- Гэта артыкул пра беларускі лацінскі альфабэт. Калі вам патрэбны артыкул пра лацінскі альфабэт увогуле, глядзіце артыкул Лацінскі альфабэт. Пра ўкраінскі лацінскі альфабэт глядзіце артыкул Украінская лацінка.
У сучаснай форме ўжываецца беларускімі пісьменьнікамі і творчымі дзеячамі, журналістамі ў мас-мэдыя, вытворцамі ў аздабленьні прадукцыі, карыстальнікамі ў інтэрнэце. Дзеля трансьлітарацыі геаграфічных назваў Беларусі да 2023 году афіцыйна выкарыстоўвалася Інструкцыя па трансьлітарацыі, створаная на аснове беларускага лацінскага альфабэту. Тым часам, паводле сусьветнай практыкі, пры наяўнасьці ў пэўнай мове традыцыйнага лацінскага альфабэту ўсе ўласныя назвы (ня толькі геаграфічныя), якія належаць гэтай мове, мусяць нязьменна перадавацца ў лацінапісьмовай прасторы іншых моваў. Асобныя сыстэмы трансьлітарацыі ствараюцца толькі для тых моваў, якія гістарычна ня маюць лацінскага альфабэту[2].