Літоўская мітраполія
From Wikipedia, the free encyclopedia
Літо́ўская мітрапо́лія — самастойная літоўская (беларуская) мітраполія Вялікага Княства Літоўскага, якая падпарадкоўвалася Канстантынопальскаму патрыярхату і існавала ад пачатку XIV стагодзьдзя (ад 1300 або 1317 году[2]) да 1596 году. Літоўская мітраполія была асяродкам праваслаўнага жыцьця, асьветы і культуры жыхарства Вялікага Княства Літоўскага. Літоўскі мітрапаліт па-грэцку афіцыйна тытулаваўся «мітрапаліт Літвы» (μητροπολίτης Λιτβων). У 1354—1356, 1356, 1378—1380 гадох Літоўскі мітрапаліт меў тытул мітрапаліта «ўсяе Русі». У 1415—1596 гадох літоўскія мітрапаліты афіцыйна называліся мітрапалітамі літоўскімі, кіеўскімі і ўсяе Русі (паралельна маскоўскія мітрапаліты называліся мітрапалітамі маскоўскімі, кіеўскімі і ўсяе Русі). У 1596 годзе герархі Літоўскай мітраполіі пастанавілі аднавіць еднасьць зь Сьвятым Пасадам, і цяпер яна дзейнічае як Беларуская грэцка-каталіцкая царква.